200 гадоў Івану Хруцкаму

8 лютага (27 студзеня па старым стылі) 1810 года, 200 гадоў таму, у мястэчку Ула на Лепельшчыне нарадзіўся самы вядомы беларускі мастак ХІХ стагоддзя Іван Хруцкі. Каму з дзяцінства не сустракаліся паштоўкі з рэпрадукцыямі яго шыкоўных нацюрмортаў? Яго творчасці прысвечаны дзесяткі публікацый, уключаючы вялікі альбом-каталог І. Паньшынай і А. Рэсінай, выдадзены яшчэ да 180-годдзя мастака. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея пасля яе аднаўлення — шыкоўны выбар палотнаў Хруцкага.

(На выяве: Іван Хруцкі. Аўтапартрэт. 1884)

8 лютага (27 студзеня па старым стылі) 1810 года, 200 гадоў таму, у мястэчку Ула на Лепельшчыне нарадзіўся самы вядомы беларускі мастак ХІХ стагоддзя Іван Хруцкі. Каму з дзяцінства не сустракаліся паштоўкі з рэпрадукцыямі яго шыкоўных нацюрмортаў? Яго творчасці прысвечаны дзесяткі публікацый, уключаючы вялікі альбом-каталог І. Паньшынай і А. Рэсінай, выдадзены яшчэ да 180-годдзя мастака. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея пасля яе аднаўлення — шыкоўны выбар палотнаў Хруцкага.

(На выяве: Іван Хруцкі. Аўтапартрэт. 1884)


Яго лёс пераплецены з няпростай гісторыяй Беларусі. Будучы мастак прыйшоў на свет у сям’і уніяцкага святара Фамы Хруцкага ў тыя часы, калі краіна, пераўтварыўшыся ў правінцыю Расійскай імперыі, імкліва губляла рысы сваёй тоеснасці. Таму пасля заканчэння ў 1827 годзе курса свабодных мастацтваў Полацкага вучылішча, спадчынніка езуіцкай акадэміі, 17-гадовы хлопец накіраваўся не ў Вільню, дзе універсітэцкая мастацкая школа дажывала апошнія гады перад ліквідацыяй, а ў Пецярбург.

Здавалася б, сталіца імперыі, выдатныя магчымасці прафесійнага дасканалення. Ён прайшоў праз вольныя курсы пры Акадэміі мастацтваў і клас партрэтыста Аляксандра Варнека, праз капіяванне еўрапейскіх шэдэўраў жывапісу ў Эрмітажы. Хутка надышло прызнанне — за творы ў нязручным, «невысакародным» жанры нацюрморта, у якім Хруцкі дасягнуў выдатнай дасканаласці. Чароўны свет прыгожых прадметаў, мастацтва дзеля прыгажосці. Вобразы юных пані, хлопчыкаў — як у райскім садзе.

Заканчваючы Акадэмію мастацтваў у 1836 годзе, ён атрымлівае ад Савета АМ вялікі сярэбраны медаль за нацюрморт «Кветкі і плады». Праз год — прызнанне ад царскай сям’і і падарунак — гадзіннік з залатым ланцугом: Мікалая І прывабілі вобразы дзяцей з садавіной. Яшчэ праз год — малы залаты медаль Акадэміі, а ў 1839 годзе і званне акадэміка за «выдатныя працы ў партрэтнай, пейзажнай і асабліва ў жывапісе пладоў». У 29 гадоў — вяршыня кар’еры: на ўра ідуць не толькі нацюрморты з садавіной і збаночкамі моднай фаянсавай фабрыкі Паскочына, фірменным знакам мастака. Ён запатрабаваны і як партрэтыст.

Але ў сярэдзіне 1830-х разгараецца канфлікт, які пераламіў лёс мастака. Імперыя падступаецца да ліквідацыі уніяцкай царквы, бацька Хруцкага ў 1836 годзе адлучаны ад прыхода і пад пакаранне епітым’яй адпраўлены ў манастыр. Здаецца, яшчэ ўсё можна паправіць: ёсць сувязі ў вышэйшым свеце, мастак блізкі з перадапошнім кіраўніком уніяцкай царквы Ясафатам Булгакам, шыкоўны партрэт якога піша ў 1838 годзе і да якога звяртаецца па дапамогу. Палёгка прыходзіць часовая: бацька дажывае да 1839 года, калі царква, з якой звязаны яго служба і жыццё (зрэшты, як і рэлігійнае жыццё большасці беларусаў), ліквідуецца. А кіруе яе знішчэннем мітрапаліт-здраднік Іосіф Сямашка, герой іншага партрэта Хруцкага.

Бывай, чужая сталіца! Увесну 1840 года Хруцкі, атрымаўшы ў Акадэміі мастацтваў дакументы, паспрабаваў уцячы ад афіцыйнага жыцця ды замоваў і схавацца на роднай Віцебшчыне, апякуючыся маці, двума малодшымі братамі (яны таксама прысвецяць сябе жывапісу) і трыма сёстрамі. Да 1844 года куплены маляўнічы маёнтак Захарнічы ў 20 кіламетрах ад Полацка, дзе мастак будуе дом, і ў 1845-м бярэ шлюб са шляхцянкай Ганнай Бямбноўскай, дачкой паплечніка Касцюшкі. Але вызваліцца з абдымкаў афіцыёзу Хруцкаму не давялося.

У 1846 годзе мастака знаходзіць Сямашка: можна толькі ўявіць, што адчуваў мастак, вымушаны ў Вільні аздабляць яго архірэйскі дом, маляваць партрэты праваслаўнага кліру, халодныя, фармальна-афіцыёзныя, пісаць у расійскія храмы абразы. Здрада, здрада памяці бацькі…

Толькі пасля 1854 года ён здолеў вызваліцца ад апекі Сямашкі. Яго чакаюць Захарнічы, сям’я. Магчымасць зачыніцца ад варожага свету: відаць, таму ў апошні перыяд жыцця, да смерці ў 1885 годзе, ён стварае настолькі мала. Некалькі нацюрмортаў, пакоі роднага дома, погляд у сябе — аўтапартрэт. І даніна апошняй павагі ідэалам, якія былі блізкія ў маладосці. Яны ўвасобіліся ў вобразе Адама Міцкевіча, намаляваным у сярэдзіне 1850-х, блізка часу смерці паэта, паводле фотаздымку. Ці гэта быў успамін пра далёкае юнацтва, 1828 год у Пецярбурзе, пра агульнае кола знаёмых, дзе маглі спаткацца іншы беларускі мастак, Іосіф Аляшкевіч, малады Міцкевіч і 18-гадовы Хруцкі?

У альтэрнатыве супрацьстаянне — сыход у прыватнае жыццё, без уліку прыстасаванства і кар’еры, што стаяла перад кожным адукаваным жыхаром Беларусі ў ХІХ стагоддзі, Хруцкі абраў сыход у асабісты свет. Можа, таму яго нацюрморты адметныя, чароўныя, загадкавыя, як знак выбару жыццёвага шляху?
 

Каментаваць