23 лютага Алесь Пушкін запрашае на мастацка-літаратурную вечарыну

Трэцяя і апошняя сустрэча з лютаўскай 2015 года серыі імпрэзаў Пушкіна ў антыкавярні “Дом Фішэра” (пр. Незалежнасці, 84А) пачнецца ў панядзелак а 19.00.



Алесь Пушкін з часткаю трыпціха, прысвечанага Сынковіцкай царкве.


Гэтым разам мастак прэзентуе партрэт вядомага сучаснага пісьменніка Юры Станкевіча, аўтара раманаў “Мільярд удараў” (2008), “П’яўка” (2010), намінаванай на прэмію імя Гедройца ў 2013 г. кнігі “Шал” ды шэрагу іншых твораў, адзначаных, як падкрэсліваюць крытыкі, трагічным светаадчуваннем, уласцівым мастацтву fin de siecle — “канца стагоддзя”. Але найперш плануецца не абмеркаванне жывапіснага твору, а літаратурная дыскусія.

“Мне падаецца, арганізаваць шчырую размову паміж пісьменнікамі лягчэй мастаку, чым іхняму сябру па прафесіі”, — лічыць Пушкін, і паведамляе, што ўжо запрошаны Уладзімір Някляеў, Наталка Бабіна, Пятро Васючэнка, Леанід Галубовіч, Ганна Кісліцына, Ціхан Чарнякевіч, Зміцер Вішнёў, Барыс Пятровіч, Альгерд Бахарэвіч, а таксама (па словах арганізатара) “одно значительное лицо” з іншага пісьменніцкага саюзу.

Папярэднія сустрэчы, дзе разам з палотнамі Пушкіна героямі вечарын былі Фрыдэрык Шапэн і царква абарончага тыпу ў Сынковічах, прайшлі ў цёплай сяброўскай атмасферы. Гутарка пра Сынковічы 17 лютага 2015 г., якая падсумавала працу архітэктара Генадзя Лаўрэцкага і брыгады мастакоў на чале з Алесем Пушкіным па раскрыцці сцен храма ў 2012–2013 гадах ад пазнейшых зафарбовак ХХ стагоддзя, адзначылася прэзентацый сенсацыйных знаходак старадаўніх надпісаў (на пяці мовах!) і графіці на першапачатковай тынкоўцы сцен. І прэзентацыяй жывапіснага трыптыха, прысвечанага мастаком храму.

23 лютага Пушкін абяцае не менш цікавую сустрэчу.

Каментаваць