Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

25 кніг Скарыны сабралі ў адну

У Беларусі захоўваецца толькі невялікая частка спадчыны Францыска Скарыны. Але цяпер мы можам пабачыць усе 25 кніг першадрукара пад адной вокладкай — у выданні, якое прэзентавалі ў Нацыянальным музеі.


Шыкоўны альбом з мноствам ілюстрацыяў называецца «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», бо кнігі першадрукара расцярушаныя па ўсёй Еўропе. Дакладна ацаніць іх колькасць навукоўцы не могуць, але на сёння вядома пра 519 асобнікаў, большасць з якіх — у фондах Расіі. У Беларусі захоўваецца толькі дзесяць. Выданне займальна расказвае і паказвае гісторыю кожнай кнігі, кажа ўкладальнік Алесь Суша:

«Мы правялі грунтоўнае навуковае даследаванне, якое заняло некалькі год працы, знайшлі і дэталёва апісалі на ўзроўні кожнага асобніка кнігі са збораў Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы, Славеніі, Германіі, Даніі, Брытаніі, то бок фактычна з усёй Еўропы».

Альбом дапаможа спасцігнуць сусветна значную спадчыну Скарыны, у якой яшчэ шмат загадак, не толькі беларусам, але і замежнікам. Таму выданне на трох мовах — беларускай, расейскай і англійскай. Алесь Суша падкрэсліў аўтэнтычнасць выгляду скарынаўскіх кніг:

«Унікальнае і першае альбомнае выданне паказвае кніжную спадчыну першадрукара такой, як яна ёсць: кавалкамі, фрагментамі, падранымі аркушамі, пераплеценымі разам з іншымі кнігамі, замучанымі часам, расфарбаванымі ўладальнікамі, у самых розных пераплётах».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» на замову Міністэрства інфармацыі і нядаўна ўзяла гран-пры Міжнароднага конкурсу краін СНД «Мастацтва кнігі — 2017».

Сёлета ў Беларусь прыедуць арыгіналы некаторых скарынаўскіх выданняў — 14 верасня ў межах Міжнароднага кангрэсу, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадруку, адкрыецца маштабны выставачны праект, дзе ўпершыню будуць прэзентаваныя кнігі Скарыны з некалькіх краінаў свету.



Паводле Белсат

Каментаваць