27 выпускаў беларускай акадэмічнай тэрміналогіі

Беларуская мова мае багатую тэрміналагічную традыцыю. У прыватнасці, ужо амаль сто гадоў таму існуе тэрміналогія фізікі і хіміі: у 1927 годзе выйшаў 150-старонкавы «Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі», а ў 1929 г. — 200-старонкавы «Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі».



Беларуская мова мае багатую тэрміналагічную традыцыю. У прыватнасці, ужо амаль сто гадоў таму існуе тэрміналогія фізікі і хіміі: у 1927 годзе выйшаў 150-старонкавы «Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі», а ў 1929 г. — 200-старонкавы «Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі».

Іншая рэч, што  ўлады зрабілі ўсё, каб грамадства не даведалася пра гэта.  У імя гэтага стваральнікі тэрміналагічных слоўнікаў былі фізічна знішчаны, навуковыя ўстановы, якія займаліся іх выданнем, расфармаваныя, а самі слоўнікі схаваныя ў спецфонды. Цяперашнія ўлады ў каторы раз робяць выгляд, што нічога такога няма і не можа быць.

Гісторыя беларускай навуковай тэрміналогіі звязана з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці. Штуршок да яе распрацоўкі дало заснаванне і дзейнасць у Мінску ў 1918 Беларускага педагагічнага інстытуту, дзе выкладалі міністр асветы ва ўрадзе БНР Вацлаў Іваноўскі, аўтар “Беларускай граматыкі для школ Браніслаў Тарашкевіч, Усевалад Ігнатоўскі  і іншыя выбітныя беларускія дзеячы.  Член тэрміналягічнай камісіі пры Інстытуце Лявон Більдзюкевіч падрыхтаваў першую ў гісторыі «Арыфметычную тэрміналогію», якая дзеля палітычных і тэхнічных абставін выйшла не ў савецкім Мінску, а ў Вільні (1921). Годам раней выйшла «Праграма сістэматычнага курсу арыфметыкі і тэрміналогія» яго ж аўтарства.

Нягледзячы на ўстанаўленне савецкага рэжыму, тэрміналагічная праца актыўна працягвалася ў 1920-я.  У лютым 1921 г. былы консул БНР у Адэсе і будучы аўтар легендарнага “Расійска-беларускага слоўніка (1928) Сцяпан Некрашэвіч стварыў Навукова-тэрміналагічную камісію пры Народным камісарыяце асветы, якая занялася распрацоўкай тэрміналогіі ў галіне дакладных і гуманітарных навук. Пазней тэрміналагічная праца вялася пад эгідай Інстытута навуковай мовы пры Беларускай акадэміі навук. Яе спынілі толькі крывавыя сталінскія рэпрэсіі.

Сцяпан Некрашэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля, Язэп Лёсік, Мікола Байкоў, Леў Дашкевіч, Мікола Азбукін, Павел Каравайчык ды дзясяткі іншых паспелі выдаць 27 тэрміналагічных слоўнікаў, якія складаюць залаты фонд беларускай лексікаграфіі:

«Элемэнтарная матэматыка» (1922), «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва» (1923), «Географічныя й космографічныя тэрміны і назовы нябесных цел» (1923), «Тэрмінолёгія лёгікі і псыхолёгіі» (1923), «Геолёгія, мінэралёгія, крышталёграфія» (1924), «Ботаніка (Агульная ботаніка (анатомія, морфолёгія, і фізіолёгія расьлін) і спэцыяльная (сыстэматыка расьлін)» (1924), «Музычныя тэрміны» (1926), «Слоўнік лясных тэрмінаў» (1926),  «Анатамічная тэрмінолёгія (Nomina Anatomica Alboruthenica). Агульныя назвы. Касьцяведаньне. Вязаведаньне» (1926), «Тэрмінолёгія права» (1926), «Тэрмінолёгія грамадазнаўства» (1926), «Назовы жывёл» (1927), «Анатамічная тэрмінолёгія. Nomina Anatomica Alboruthenica. (Выпуск другі). Myologia, Splanchnologia, Angiologia» (1927), «Слоўнік матэматычнае тэрмінолёгіі» (1927), «Слоўнік граматычна-лінгвістычнае  тэрмінолёгіі» (1927), «Слоўнік глебазнаўчае тэрмінолёгіі» (1927), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927), «Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі» (1928), «Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі» (1927), «Слоўнік сельска-гаспадарчае тэрмінолёгіі» (1928), «Анатамічная тэрмінолёгія. Nomina Anatomica Alboruthenica. Neurologia Organa Sensuum Integumentum Commune Regiones Corporis Humani» (1929), «Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі (1929), «Слоўнік пэдагогічных дысцыплін» (1929), «Слоўнік тэрміналёгіі агульнае расьлінагадоўлі»  (1930), «Тэхнічная тэрміналёгія» (1932), «Ваенны руска-беларускі слоўнік» (1933), «Беларуска-літоўскі тэрміналагічны слоўнік» (1934).

Наступныя працы, прысвечаныя тэрміналогіі беларускай мовы, выйдуць  у свет на мяжы 1950–1960 г. і будуць адрасаваныя не ўсяму грамадству, а вузкай групе спецыялістаў.

----------------------------------------------------------------------

Каб аформіць замову, дашліце свой e-mail з пазначэннем вашага прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама дакладнага паштовага адрасу (абавязкова з індэксам) на адрас dastauka@arche.by. Для лепшай камунікацыі неабходна таксама пазначыць нумар вашага кантактнага тэлефона. Выпускі будуць дастаўлены накладзеным плацяжом на ваша аддзяленне «Белпошты». Цяпер усе 27 выпускаў беларускай акадэмічнай тэрміналогіі, перавыдадзеных  факсімільным спосабам, г.зн. з захаваннем усіх сваіх асаблівасцяў (каля 3200 старонак у 4 тамах) можна замовіць за 120 тысяч беларускіх рублёў.

Увага: у полі "Тэма ліста" пазначайце —  "Тэрміналогія".

Спяшайцеся! Колькасць асобнікаў у рамках акцыі моцна абмежаваная. Акцыя доўжыцца да 20 снежня.

Аднаві гістарычную справядлівасць. Вазьмі ўдзел у эстафеце пакаленняў беларусаў.

* У гэты кошт НЕ ўваходзяць выдаткі на дасылку. Кошт дасылкі можна высвятліць праз e-mail dastauka@arche.by. Акцыя дзейнічае толькі да вычарпання складскіх запасаў і толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У рамках акцыі можна замовіць толькі ўсе 4 тамы беларускай акадэмічнай тэрміналогіі, замова паасобных тамоў не дапускаецца.


Каментаваць