30 чэрвеня — Anatomia. Ідэальнае цела

30 чэрвеня ў Цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца адкрыццё выставы “Anatomia. Ідэальнае цела”.



“Anatomia” — міжнародны праект візуальных мастацтваў, аб'ектам даследавання якога з'яўляюцца праблемы ўспрымання цела і цялеснасць. Але тэмай гэтага года будзе менавіта ідэальнае цела.

У выставе прымуць удзел 22 аўтары і мастацкія калектывы з Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі, Латвіі і Аўcтрыі.

У межах гэтай выставы, пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Фонду “Археалогія фатаграфіі”, будуць прадстаўленыя працы класіка польскай фатаграфіі Збігнева Длубака з ягонай серыі “Жэстыкуляцыя”.

Фатограф і куратар Уладзімір Парфянок прадставіць рэтраспектыўную выставу фатаграфiй з калекцыі галерэі візуальных мастацтваў NOVA “Цела, якое гаворыць”.

Пры падтрымцы амбасадаў Латвійскай і Чэшскай рэспублік у Рэспубліцы Беларусь, у выставе прымуць удзел працы маладых фатографаў Рэйніса Хофманіса і Паўла Хейны.

Падчас суправаджальных мерапрыемстваў будуць адбывацца: экскурсія па выставе “Цела, якое гаворыць”, сустрэча з аўтарамі, перформансы ад Wёska Project, Laboratory Figures Oskar Schlemmer, Skvo's dance company, Ірыны Ануфрыевай, Aortha & Goron. Таксама чакаецца праграма кінаклуба BLOW UP.

Каментаваць