31 студзеня — лекцыя Паўла Данэйкі ў галерэі "Ў"

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “Еўрабеларусь” прадстаўляюць лекцыю Паўла Данэйкі “Феномен беларускага прыватнага бізнэсу”. Запрашаем 31 студзеня а 18.30 ў галерэю "Ў".



Уяўленні пра Беларусь даволі часта грунтуюцца на міфах і стэрэатыпах. Не апошняя прычына таму — стаўленне саміх беларусаў да сябе і сваёй краіны. У пастаянных пошуках таго ўнікальнага, што нас адрознівае, мы хутчэй схіляемся да таго, каб прыдумаць сябе, чым паспрабаваць разабрацца ў тым, якія мы ёсць. Публічныя лекцыі «Urbi et Orbi», якія праводзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум "ЕўраБеларусь", — гэта магчымасць даведацца пра сучасную Беларусь не з напісаных і вывераных артыкулаў у падручніках і СМІ, а ад вядомых і аўтарытэтных у сваёй сферы экспертаў, якія непасрэдна ўключаныя ў актуальныя працэсы развіцця яе культурнай, палітычнай, эканамічнай, інтэлектуальнай прасторы.

31 студзеня ў межах цыкла "Гораду і Свету" эканаміст, дырэктар Бізнес-школы ІПМ, дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC Павел Данэйка разважае пра такую малавядомую галіну — як у Беларусі, так і па-за яе межамі, — як прыватны бізнэс. "Феномен прыватнага бізнэсу ў Беларусі" — за назвай лекцыі стаіць перакананне лектара ў тым, што сёння Беларусь валодае ўласным унікальным бізнэс-сектарам, які кардынальным чынам адрозніваецца ад украінскага і расійскага. І для такой пазіцыі ёсць сур'ёзныя падставы і аргументы.

Як праходзіла станаўленне і развіццё прыватнага бізнэсу ў незалежнай Беларусі? У чым спецыфіка актуальнага развіцця бізнэс-сектара і якія яго перспектывы? Як звязаныя развіццё бізнэсу і праблемы вышэйшай адукацыі ў Беларусі ? Пра гэта і не толькі мы пагаворым на лекцыі.

Павел Данэйка “Феномен беларускага прыватнага бізнэсу”, 31 студзеня, 18.30, галерэя «Ў». Уваход вольны!

Online-трансляцыя лекцыі

Традыцыйнае інтэрв'ю з лектарам напярэдадні лекцыі чытайце ў бліжэйшыя дні — падрабязнасці на сайтах Лятучага ўніверсітэта і «ЕўраБеларусі»

Каментаваць