3 лістапада — Каласавіны–2013 у Музеі Якуба Коласа

Дзень народзінаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа 3 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа традыцыйна адзначае святочнымі мерапрыемствамі.



Афорт Лазара Рана “Высокі Бераг”


31 кастрычніка ў Мінску адбыўся міжнародны круглы стол “Мемарыяльны музей і грамадства. Захаванне культурнай спадчыны. Музей ва ўмовах развіцця новых інфармацыйных тэхналогій”. Гасцямі музея былі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, шэрагу літаратурна-мемарыяльных музеяў Беларусі, Расіі і Украіны. Яны пазнаёміліся з інтэрактыўна-мультымедыйным комплексам “Якуб Колас. Чалавек. Асоба. Час”, віртуальнай кнігай “Паэтычная каласіяна”, у якой сабраны тэксты паэм і трылогіі “На ростанях”, ілюстрацыі да твораў, выявы старонак рукапісаў і аўдыёзапісы ўрыўкаў з твораў народнага паэта Беларусі.

Удзельнікі круглага стала

Акрамя таго, у музеі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная сябру Якуба Коласа, даследчыку ягонай творчасці, літаратуразнаўцу, аднаму з заснавальнікаў беларускай тэксталогіі, акадэміку Івану Замоціну (01.11.1873, вёска Крывуліна Бежацкага раёна Цвярской вобласці Расіі — 25.05.1942), а таксама роднаму дзядзьку Якуба Коласа па маці, беларускаму грамадска-палітычнаму і культурнаму дзеячу, аднаму з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады і аднаму з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, акадэміку Язэпу Лёсіку (18.11.1883, вёска Мікалаеўшчына Мінскага павета, цяпер Стаўбцоўскі раён — 01.04.1940). Гэтыя выбітныя асобы сталі ахвярамі сталінізму і пазней былі рэабілітаваныя.

Сярод прадстаўленых рарытэтаў — рэдкія фатаздымкі, дакументы, ліставанне, кнігі і падарункі.

Так, між іншым, у экспазіцыі прыведзены словы Якуба Коласа: “Ніхто з літаратуразнаўцаў і крытыкаў так грунтоўна і глыбока не разглядаў маю творчасць, як Іван Іванавіч Замоцін. Я вельмі ўдзячны яму”, а таксама даследчыка ягонай спадчыны, доктара філасофскіх навук Уладзіміра Конана: “…калі на пляцы Волі ўзвысіцца помнік ахвярам сталінізму, тады рускае імя Івана Замоціна будзе ўпісана ў мартыралог Беларусі з імёнамі тых беларусаў, якія пранеслі святло нашай нацыянальнай і агульначалавечай Праўды”.

Сярод прадстаўленых матэрыялаў — падручнік Язэпа Лёсіка “Практычная граматыка беларускай мовы”, які ў 1922 годзе газета беларускіх  камуністаў “Звезда” назвала “контррэвалюцыйным”,  экземпляр газеты Беларускага нацыянальнага камітэту “Вольная Беларусь”, якую ў 1917–1918 гадах рэдагаваў Язэп Лёсік, а таксама выданні Інбелкульту, сябрам якога быў навукоўца. Акрамя таго, у экспазіцыі дэманструецца афіцыйная выпіска з пратаколу аб смерці Язэпа Лёсіка ад сухотаў ў Саратаўскай турме №2. У 1940 годзе праз добрых людзей дзеці палітвязня атрымалі ад яго паштоўку з апошнімі словамі бацькі: “Жывіце без мяне. Ваш тата”. Аб матэрыяльнай дапамозе Якуба Коласа сям’і Язэпа Лёсіка сведчыць квітанцыя грашовага пераводу дачцэ рэпрэсаванага Люцыі Лёсік, якая працавала ў дзіцячым доме ў Ліпецку (Расія).

Фрагменты экспазіцыі пра Язэпа Лёсіка  

1 лістапада адбудзецца XXVІІI міжнародная  навуковая канферэнцыя “Зямля — аснова ўсёй Айчыне”, прысвечаная 90-годдзю выхаду з друку паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы і супрацоўнікі літаратурна-мемарыяльных музеяў Беларусі, Расіі і Украіны.

2 лістапада музей запрашае на адкрыццё першай чаргі экспазіцыі “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, інтэрактыўнай зоны “Хатка знахаркі” на мемарыяльнай сядзібе Альбуць у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Наведвальнікі гэтых экспазіцый змогуць даведацца пра лекавыя травы, якія з дзяцінства былі вядомы будучаму паэту, таму што прысутнічалі ў “зялёнай аптэчцы” маці, запісаць народныя рэцэпты для лячэння розных захворванняў, пакаштаваць гарбату з лекавых траў Стаўбцоўшчыны.

Дзяцінства і маладыя гады будучага паэта прайшлі ў жывапісных мясцінах Стаўбцоўскага Наднямоння. Хараство і прыгажосць роднага кута на ўсё жыццё пакінулі глыбокі след у душы Якуба Коласа, зрабілі ўплыў на фарміраванне яго як паэта, былі жыватворнай крыніцай творчага натхнення.

Каментаваць