4000 імпрэзаў у падтрымку беларушчыны. Кампанія "Будзьма!" адзначыла першы юбілей

1 кастрычніка  культурніцкая кампанія “Будзьма  беларусамі!” адзначае сваё пяцігоддзе. За пяць гадоў дзясяткі арганізацый,  кампаній ды ініцыятываў падтрымалі ідэю аб’яднання з мэтай папулярызацыі  беларускай культуры і далучыліся  да кампаніі, каб прасоўваць трэнд  беларускага як сучаснага і  перспектыўнага.



Сярод буйных праектаў  — штогадовы фестываль беларускамоўнай  рэкламы і камунікацыі “Аднак!”,  камунікацыйныя праграмы “Краіна  Цмокаў” і “Культура паляпшае  жыццё”, музычны праект “Тузін. Перазагрузка” і аднайменная  анімацыя “Будзьма беларусамі!”.

За гэты час  супольнымі намаганнямі літаратурныя і музычныя сустрэчы, фэсты і канцэрты, вандроўкі і лекцыі, кірмашы праектаў і ток-шоу, што ладзяцца па ўсёй краіне, ахапілі больш за 800 населеных  пунктаў, а іх агульная колькасць  перавысіла 9000. Менавіта таму сённяшні дзень — цудоўная нагода павіншаваць  усіх, хто шануе, любіць і папулярызуе  беларускую культуру.

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі: “5 гадоў кампаніі — добрая нагода перш за ўсё сказаць дзякуй усім, хто паверыў у наш запал і працягвае супольную працу. Таксама дзякуй усім, хто за гэты час далучыўся да нас, падтрымаў кампанію канкрэтнымі дзеяннямі, узбагаціў ідэямі, сваім талентам. Усім, хто прыняў беларускія каштоўнасці і далей рэтранслюе іх праз свой гурт, медыі, творчую суполку, рэкламную агенцыю ці аддзел культуры. Гэты шлях не быў простым і лёгкім: увесь час  трэба вынаходзіць нешта адметнае, бо сітуацыя ў Беларусі ў пэўным сэнсе ўнікальная, таму і аналагаў нашай кампаніі, каб было ў каго пераняць досвед, мы не знайшлі. Станоўчым фактарам ёсць падвышэнне зацікаўленасці беларусаў сваёй культурай, але наша мэта — спрыяць таму, каб беларушчына з трэнду канчаткова стала асновай дзяржаўнай палітыкі”.

За час  свайго існавання кампанія пачала трывала  асацыявацца з паняткам “якасная беларуская культура”. У найбліжэйшай перспектыве — больш шчыльная праца ў рэгіёнах, стварэнне рэзанансных  камунікацыйных праграм, актуальных для  беларускага грамадства.

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі: “Праведзеныя ва ўсіх абласных цэнтрах дыскусійныя мерапрыемствы, скіраваныя на абмеркаванне актуальных праблемаў культурнага асяроддзя, прадэманстравалі, што ёсць шмат неабыякавых людзей, гатовых аддаць свой час і энергію, каб зрабіць жыццё роднага горада ці мястэчка больш цікавым і разнастайным. Натхнёныя гэтым, мы абвясцілі “Кірмаш праектаў”, каб кожная вартая ініцыятыва магла знайсці сабе аднадумцаў і паплечнікаў, больш за тое, працуем над стварэннем банка ідэй, каб паказаць жывыя прыклады тым, хто хоча палепшыць жыццё свайго рэгіёна. Адна з задач кампаніі — не толькі дапамагаць ці самім рэалізоўваць цікавыя мерапрыемствы, але і натхняць іншых на актыўную дзейнасць, якая б дапамагала паляпшаць культурніцкі фон краіны”.

Грамадская  культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”  пачалася 1 кастрычніка 2008 года. Кампанія спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Каардынатар кампаніі — Міжнароднае  грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўчышчына”. Сярод найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі ад НДА — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ды шмат іншых арганізацый ды ініцыятываў.

Унікальная  беларуская сітуацыя вымагае новых  вынаходніцтваў, цікавых канцэптаў  і пазітыўна шалёных культурніцкіх  праектаў. Мы запрашаем усіх, хто  яшчэ не з намі, далучацца, прыходзіць са сваімі ідэямі і рэалізоўваць іх разам на карысць беларускай культуры. Да кампаніі можна далучыцца як персанальна, так і калектыўна. Звяртайцеся!

Каментаваць