5 чэрвеня — дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай

5 чэрвеня праваслаўная царква ўшаноўвае памяць Еўфрасінні Полацкай, Нябеснай заступніцы Беларусі, самай вядомай беларускай святой. Раней, да пераходу на грыгарыянскі каляндар у царкоўным жыцці, у гэты дзень прыгадвалі св.Еўфрасінню і беларускія грэка-католікі. Зараз беларускія ўніяты памінаюць яе 23 мая. У гэты дзень у 1167 годзе святая пайшла з зямнога жыцця ў нябеснае — у вялікім горадзе Ерусаліме.



Напярэдадні гэтага дня адбыўся сапраўдны цуд — знаходка ў Полацку актавай пячаткі з надпісам «Господи помози рабе своеи Офросиниі», што, на думку аднаго з аўтараў знаходкі, мінскага археолага Сяргея Тарасава, бясспрэчна сведчыць пра прыналежнасць пячаткі да канцылярыі самой святой.

Яна не толькі перапісвала, і, магчыма, перакладала кнігі. Еўфрасіння Полацкая яшчэ вяла шырокую карэспандэнцыю: невыпадкова адна з падобных пячатак знойдзена ў Ноўгарадзе. Другую пячатку сам Тарасаў знайшоў у 1998 годзе на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Аднак да сёлетняй знаходкі нельга было казаць, што гэтая пячатка — менавіта Еўфрасінні. На ёй захаваліся не ўсе радкі, а толькі: «Госпадзе, дапамажы рабыні сваёй». Адсюль была зроблены выснова, што пячатка належала жанчыне. Але ці самой святой? Былі меркаванні, што яна магла належаць і сястры Еўфрасінні Полацкай Еўдакіі, ігуменні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Новая знаходка дала магчымасць параўнаць абедзве пячаткі, і ёсць амаль поўная ўпэўненасць, што пячатка 1998 года таксама належала Еўфрасінні.

Трэцяя паходзіць «з Беларусі», месца знаходкі дакладна невядомае. Чацвёртая, якая прыйшла да нас у святочныя дні, — самая лепшая па захаванасці. Зараз, з 4 па 7 чэрвеня, яе дэманструюць у гарадской мастацкай галерэі Полацка.

Дапоўнім пячатку фрэскамі з келлі-малельні св.Еўфрасінні ў Спасаўскім храме, каляровым малюнкам Крыжа, зробленага Лазарам Богшам па замове святой.

І скончым словамі самой св.Еўфрасінні, сказаныя ею пра зямную хуткаплынную славу, ад якой яна адмовілася, і ад якой адмаўляюцца ўсе людзі духоўнага жыцця, абіраючы Служэнне – ці то Богу, ці то свайму народу: «… А слава гэтая — пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!...» («Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай найпадобнейшай Еўфрасінні…»).

Каментаваць