“94”. Развянчанне міфаў

Дзевяностыя гады ўжо мінулага стагоддзя — рай для мемуарыстаў. Кніжак пра крах СССР, як мы здабылі незалежнасць, што гэтаму папярэднічала і што было пасля, павінна быць багата. Але кожныя новыя такія мемуары — падзея. 



Насамрэч гэтых кніг настолькі мала, што мы ўжо, падаецца, забыліся на тыя падзеі. Таму кожныя новыя мемуары, якія разглядае тыя без сумнення гістарычныя часы, выклікаюць цікавасць. Не ёсць выключэннем у гэтым плане і новая кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацвёрты». Яна выйшла ў кніжнай серыі Радыё Свабода «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе». Хоць і прысвечаная часам зусім не ХХІ стагоддзя.

Калі яшчэ з грэхам папалам людзі памятаюць, хто такі Зянон Пазняк, то хто такі Сяргей Навумчык, узгадаюць не многія. А між тым, у 90-х менавіта Навумчык каардынаваў дзейнасць парламенцкай Апазіцыі БНФ, быў сябрам Канстытуцыйнай камісіі і парламенцкай камісіі ў пытаннях СМІ і правоў чалавека. Аднак у 1996-м годзе ён разам з Пазняком вымушаны быў эміграваць з Беларусі, і на яго амаль забыліся.

А між тым менавіта Навумчык як каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным савеце мог бы шмат цікавага распавесці пра тое, чым жыў парламент у тыя часы. І распавядае.

Кніга «Дзевяноста чацвёрты» — толькі адзін год з ягонага жыцця. Але ў той год уклалася шмат. Калі ўзгадваеш той год, то найперш на памяці — прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і першыя прэзідэнцкія выбары ў краіне, і напрыканцы года — антыкарупцыйны даклад Сяргея Антончыка, які прымусіў Лукашэнку плакаць, і «белыя плямы» ў газетах… Карацей, за той год краіна ператварылася з парламенцкай дэмакратыі ў прэзідэнцкую дыктатуру. І ўсяму гэтаму сведка, прычым, сведка «знутры» з улады (якой бы слабой улада парламента не была ў той час) — Сяргей Навумчык.

Як піша ў рэцэнзіі на кнігу Навумчыка Зянон Пазняк, «Навумчык не называе сябе гісторыкам, хаця, фактычна, апісвае гісторыю таго пераломнага часу. Яго вялікая перавага перад бальшынёй гісторыкаў у тым, што ён як парламенцкі палітык Фронту ведае і разумее прадмет палітыкі як з’яву, удзельнікам якой ён быў. Гэта тая асаблівасць, якой гісторыкі, як правіла, не валодаюць. Удакладню канкрэтна. Каб напісаць гісторыю палітычнай з’явы, трэба ведаць не толькі факты, але найперш валодаць палітычным мысленнем. З гэтага пункту гледжання тэкст Навумчыка напісаны ў форме ўспамінаў з апорай на дакументы і факты, мае большую каштоўнасць для гісторыі, чым міфалогія іншых гісторыкаў, заблытаных супярэчлівымі фактамі і незразумелымі для іх падзеямі».

Так, каштоўнасць гэтай кнігі — менавіта «ўключанасцю» аўтара ў тыя падзеі. Але, зазвычай, такія мемуары — гэта апісанне падзеяў. А найбольш цікава чытаць такія творы, калі аўтар не канстатуе, а апісвае тыя часы. Што думалі ўдзельнікі гэтых падзеяў, што адчувалі, што прагназавалі? Што спрабавалі рабіць? І што было б, каб яны зрабілі так, а не інакш? Думкі і пачуцці — гэтага зазвычай бракуе ў мемуарах.

У гэтым плане кніга Навумчыка — прыемнае выключэнне. Гэта не толькі апісанне падзеяў, гэта яшчэ і замалёўкі жыцця, атмасфера таго часу. Шмат увагі Навумчык надае амаль апакрыфічным фактам і непасрэдным удзельнікам прэзідэнцкай кампаніі 1994-га года.

Нельга не пагадзіцца з гісторыкам і літаратарам Уладзімірам Арловым, які адзначыў, што ўвага да асобаў — яшчэ адзін моцны бок кнігі Сяргея Навумчыка. «Зварот да пакручастай траекторыі лёсу палітыкаў, якія спрыялі прыходу першага прэзідэнта да ўлады, разлічваючы заняць ключавыя пасады і элегантна адхіліць ад улады «шэфа», які заявіў, што «гатовы на каленях паўзці да Расіі». Трагічныя партрэты Дзмітрыя Булахава, што ў сваім узлёце імгненна пераадолеў дзесяць прыступак службовай лесвіцы, і Віктара Ганчара, які прызнаўся, што «проста прадаў яму (не трэба тлумачыць каму) імя» змогуць, магчыма, паслужыць урокам сяму-таму з будучых «гульцоў», — зазначае Арлоў.

«Навумчык паўстае перад чытачом не толькі і не столькі аўтарам хронікі падзеяў. Ён — гісторык, аналітык, публіцыст, часам — эсэіст», — зазначае Арлоў. Ад гэтага кніга толькі выйграла.

Дарэчы, як адзначыў на прэзентацыі кнігі калега Навумчыка Валер Каліноўскі, гэта ўжо другая кніга Навумчыка. Першая кніга выйшла паўтары гады таму і была пра 1991 год.

Сам Сяргей Навумчык прысутнічаў на прэзентацыі сваёй кнігі віртуальна — праз скайп са студыі Радыё Свабода ў Празе. Ён адзначыў, што другая кніга з гісторыі беларускага адраджэння — гэта «частка таго абяцання, якое з мяне ўзяў Васіль Быкаў, што я напішу гісторыю нашага нацыянальнага адраджэння, яго апошняй хвалі. Я хацеў гэта зрабіць пры жыцці Быкава, але гэтага не атрымалася. Але прайшоў пэўны час, і за адлегласцю гэтага часу асобы, постаці, падзеі лепш бачныя. Я таксама ўдзячны памерламу ўжо Генадзю Бураўкіну, які пасля першай кнігі пераконваў мяне працягваць гэтую справу, і Зянону Пазняку, які таксама падштурхоўваў да працягу», — зазначыў Навумчык.

Паводле аўтара, у першай кніжцы мэта была паказаць, што тэза «Незалежнасць для Беларусі звалілася з неба» — гэта фікцыя. «Здабыццё незалежнасці — гэта намаганні тысяч і тысяч людзей. Толькі БНФ налічваў 30.000 чалавек. Былі іншыя людзі, якія пісалі ў газеты, спрычыняліся да грамадскага жыцця, і гэтыя тысячы і тысячы чалавек надзвычайнымі высілкамі і дасягнулі незалежнасці», — кажа Навумчык.

У другой кнізе, па словах аўтара, ён імкнецца разбурыць яшчэ адзін міф. А менавіта міф пра тое, што прэзідэнцкія выбары 1994 года былі нейкай «народнай рэвалюцыяй», што Лукашэнка «прабіў сцяну наменклатуры», і «народная хваля вынесла яго на вяршыню улады». «Нічога гэтага не было», — сцвярджае Навумчык. А насамрэч былі калі не скаардынаваныя, то супольныя дзеянні розных сіл: «старой» і «новай» наменклатуры, каб не дапусціць да ўлады нацыянальныя дэмакратычныя сілы.

«Я ўжо зараз прааналізаваў перадвыбарчыя праграмы Лукашэнкі і Кебіча. Гэтыя праграмы — адно ў адно: абодва за аб’яднанне з Расіяй, за аб’яднанне грашовых сістэм...  Потым Кебіч у мемуарах прызнаўся, што асабістая барацьба з Лукашэнкам у іх была другаснай, а з Лукашэнкам у іх была адна задача — не прывесці да ўлады нацыянальныя сілы. Гэта была антынацыянальная рэвалюцыя. Мне стала відавочна, што гэтыя людзі працавалі не на свае амбіцыі, а ў інтарэсах суседняй дзяржавы», — зазначыў Навумчык.

Адказаў аўтар і на пэўныя «закідоны». «Кажуць, чаму мы не зрабілі тое, што зрабілі ў суседніх краінах? У нас у грамадстве не было ўяўнай нацыянальнай свядомасці. Ні Вацлаву Гавелу ў Чэхіі, ні Леху Валенсе ў Польшчы не прыйшлося даказваць каштоўнасць сваёй мовы, сваёй культуры. Нам давялося пра гэта казаць. Нехта кажа, што можна было б пра гэта не казаць. Не, я лічу гэта правільным. Калі мяне запытваюцца, чаму БНФ не выйграў, я прапаную паглядзець, напрыклад, на курдаў, якіх у тры разы больш, чым беларусаў. Яны гатовыя на любую форму праўлення, абы толькі мець сваю краіну. Але ўсё ж мы маем незалежную краіну. Таму, калі нехта чакае ад мяне палітычнага  пакаяння — ніякага акту мазахізму не будзе. Актывісты БНФ, сябры БНФ, апазіцыя зрабілі тое, што маглі і проста па-максімуму», — лічыць Навумчык.

«Я думаю, што трэба падумаць, што будуць пісаць праз 500 гадоў пра Беларусь. А будуць пісаць прыкладна так: «Беларусь праз 200-гадовага панавання Расіі атрымала незалежнасць, якая працягнулася тры гады. З шматлікіх прычынаў, застаючыся незалежнай фармальна, яна зноў патрапіла ў залежнасць ад Расіі», — кажа Навумчык. Відавочна, што менавіта незалежнасць ён лічыць вялікім і самым асноўным дасягненнем, у тым ліку і сваім асабістым. І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Гэта вельмі цікавыя мемуары, хоць і абмяжоўваюцца адным годам. А галоўнае, яны адказваюць і на правакацыйныя пытанні. Напрыклад, чаму БНФ на выбарах не падтрымаў Шушкевіча? Ці пагражаў Пазняк павесіць камуністаў? Ці сядзелі рускія людзі «на чамаданах», як сцвярджае Лукашэнка? І разглядаецца яшчэ шмат іншых розных і цікавых міфаў найноўшай беларускай гісторыі.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-03-24 02:50:17
Мемуараў пра пачатак 90-х на самай справе даволі багата: адзначыліся Грыб, Кебіч, Краўчанка, Садоўскі, Шушкевіч... А вось навуковых даследаванняў насамрэч не хапае. Спадзяюся, сёлета пад эгідай
"Arche" выйдзе адно такое даследаванне.



"Чаму БНФ на [прэзідэнцкіх] выбарах не падтрымаў Шушкевіча?" Наіўнае пытанне. На тых выбарах БНФ выстаўляў свайго кандыдата, і Зянон Станіслававіч выглядаў куды мацнейшым за
экс-спікера, які фактычна "здаў" сваю ўладу ў студзені 1994 г.
  • Sergio
  • 2015-03-24 13:08:11
У тым уся і справа, што большасць ад Грыба да Шушкевіча -- аўтабіяграфіі, дзе асобным падзеям, асобным момантам, акалічнасцям і персонам увагі надаецца не вельмі шмат. А ў Навумчыка -- менавіта
мемуар, а не аўтабіяграфія. І таму мне падаецца гэтая кніга цікавейшай, чым нават біяграфія Шушкевіча. Канешне, мемуар Навумчыка шмат у чым суб'ектыўны, але тым і цікавы.



Чаму БНФ не падтрымаў на выбарах Шушкевіча? Аказваецца, не ўсё так проста, і не ў адным сваім кандыдаце Зяноне справа. :)
  • ВР
  • 2015-03-24 13:29:26
Добра, пачытаю і гэтую кнігу Навумчыка, угаварылі :) У папярэдніх суб'ектывізму было аж занадта, Кебіч і той больш узважана пісаў (гл. яго мемуары 2008 г.). Насцярожвае, вядома, што С. Н. ставіць
знак роўнасці паміж "пакаяннем" і "мазахізмам". І гэты пасаж: "Актывісты БНФ, сябры БНФ, апазіцыя зрабілі тое, што маглі і проста па-максімуму". Я
пабойваюся людзей, якія нават праз 20 гадоў не ўмеюць прызнаваць свае памылкі. Успомніць хаця б выпадак з "антыкарупцыйнай камісіяй" у чэрвені 1993 г.: сп. Навумчык і стварэнне такой
камісіі падтрымаў, і за Рыгоравіча як старшыню галасаваў...
  • Сяргей Навумчык
  • 2015-10-02 13:55:32
Камэнтаваць Вашыя пасажы ня буду, спынюся на адным: " і за Рыгоравіча як старшыню галасаваў".. Гэта - хлусьня. За Лукашэнку я не галасаваў ніколі. Лукашэнку прапанавалі Шушкевіч і
Лябедзька. А дэпутаты БНФ прапаноўвалі на старшыню антыкарупцыйнай камісіі Сяргея Антончыка.

Каментаваць