«95-ы»: Юрыдычныя выінкі маральных перамогаў

Галадоўка дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання адбылася больш за 20 год таму. Але і зараз мы адчуваем яе наступствы. Перш за ўсё тым, што па-ранейшым жывем у незалежнай Беларусі.



Чарговая кніга дэпутата ВС-13, палітыка і зараз журналіста Радыё «Свабода» Сяргея Навумчыка не прымусіла чакаць доўга. Падавалася б, яшчэ нядаўна мы пісалі пра ягоную «94-ы», прысвечаную першым прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. І вось, усяго праз паўгады — «95-ы». Уцэнтральнай падзеяй гэтага года з’яўляецца, канешне, галадоўка дэпутатаў апазіцыі ў Авальнай залі, іх ганебнае збіццё і праведзены першы реферэндум Аляксандра Лукашэнкі аб змене дзяржаўнай сімволікі.

Варта, найперш, адзначыць прагу нашага народа да гістарычнай праўды. Раней мемуары Навумчыка, як і іншыя кнігі серыі «Бібліятэка «Свабоды» прэзентаваліся ў невялічкім офісу партыі БНФ. Офіс быў забіты напоўніцу, але ні ў каго не ўзнікала сумневаў, што тыя, хто там збіраецца, «страшэнна далёкія ад народа». Ну хто з народа ведае, дзе месціцца Партыя БНФ, а тым больш наважыцца туды прыйсці?

Зараз «Свабода» атрымала магчымасць правесці прэзентацыю кнігі Навумчыка не дзе-небудзь, а ў цэнтры Мінска, у канферэнц-залі Палацу мастацтваў. Ён значна большы за офіс БНФа, месцаў на трыста. І меркавалася, пэўна, што туды прыйдуць тыя ж чалавек восемдзесят, якія з цяжкасцю змяшчаюцца ў партыйнай Сядзібе.

Ніхто не чакаў, што і гэтай залі не хопіць! Людзей прыйшло столькі, што арганізатарам недзе прыйшлося здабываць дадатковыя крэслы. Але і гэта не дапамагло — ахвочыя спрычыніцца да гісторыі сядзелі на падваконнях, стаялі ў праходах, расцерліся ўздоўж сценак… Такога аншлагу не чакалася. Кніжак Навумчыка, зарзумаела, на ўсіх не хапіла. Параіўшыся, рэдакцыя мінскага офісу «Свабоды» вырашыла дастаць «НЗ», і прывязці тыя кніжкі, якія яны «заныкалі» для сябе.

Нездарма дырэктар «Свабоды» Аляксандр Лукашук адзначыў, што ўсё 20-е стагоддзе стала стагоддзем барацьбы за гісторыю і за праўду. Бо менавіта ў ім таталітарныя рэжымы змагаліся з гісторыяй і замоўчвалі пэўныя эпізоды і факты. Але, што паказала і цікаўнасць да гэтай кніжкі — праўду не схаваеш.

Мы ўжо пісалі пра тое, што «гісторыя Навумчыка», ягоны погляд на тыя падзеі, да якіх ён спрычыніўся і ўдзельнікам якіх быў, даволі суб’ектыўны. І ў тым карысць гэтых мемуараў: праз суб’ектыўнае адчуванне перадаецца сам дух таго часу, дух спадзеваў, сумненняў, меркаванняў. А лёгкі стыль аўтарскага выкладання робіць, здавалася б, сур’ёзную гістарычную літаратуру «неадрыўнай», кшталту майстроў дэтэктыўнага альбо фантастычнага жанру.

Але і «вялікае бачыцца на адлегласці». Мы звыклі да таго, што галадоўка 1995 года скончылася паразай апазіцыі. Так, іх збілі, іх выгналі з парламента, Лукашэнка ўсё роўна правёў свой рэферэндум і ўсё роўна ўсе спасылаюцца на яго вынікі. Так, гэта факт — і не факт адначасова.

Шматкроць ужо было пісана пра тое, што гэты першы рэферэндум нелегітымны, а таму не мае юрыдычнай моцы. Пра гэта казаў і доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў у артыкулах у «НЧ», пра гэта кажа і Сяргей Навумчык. Але не толькі з таго, што Лукашэнка не меў права высоўваць пытанні пра мову і сцяг на гэты рэферэндум, складаецца ягоная нелегітымнасць.

Напрыклад, пытанні, вынесеныя на рэферэндум, павінен быў зацвердзіць Вярхоўны Савет. Але такога зацвярджэння… не адбылося. Сяргей Навумчык узгадвае, што калі дэпутаты апазіцыі абвесцілі галадоўку, выйші да трыбуны і селі тварам у залю, яны глядзелі калегам «вочы ў вочы». І раптам прапанаваныя Лукашэнкам на рэферэндум пытанні пачалі правальвацца.Толькі адно з іх было зацверджана — пра інтэграцыю з Расіяй. І тое толькі таму, што выступіў ГенадзьКарпенка, які зазначыў: нішто не перашкаджае Лукашэнку і без рэферэндума ўмацоўваць «эканамічную інтэграцыю з Расіяй», але «ні прэзідэнт, ні ягоны ўрад не ў стане іх рэалізаваць».

Навумчык кажа: толькі потым адчулася, што галадуючыя дэпутаты апазіцыі гатовыя былі памерці за свае перакананні. І тое, што ў будынак парламента былі ўведзеныя войскі, тое, што галадаючых дэпутатаў «вынеслі» адтуль узброеныя «маскі-шоў», — гэта ўжо зараз успрымаецца, як перамога галадоўшчыкаў.

Аўтар стасаваўся з чытачамі праз скайп

Чаму перамога? Па-першае, не можа быць легітымнага рэферэндума ў краіне, дзе ў парламент уводзяцца войскі. Не толькі юрыдычна, але і фактычна, і маральна вынікі рэферэндума 1995 года не з’яўляюцца сапраўднымі. Дэ-юрэ бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» дагэтуль з’яўляюцца дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.

Па-другое, магчыма, менавіта гэтая галадоўка захавала саму незалежную дзяржаву пад назвай «Беларусь». Шмат хто не памятае ўжо словы Лукашэнкі пасля 1994-га года, што Беларусь для яго — ужо пройдзены этап. Тады было відавочна, што ён нацэліўся на месца нямоглага ўжо тады Ельцына. І каб ён прывёў да Расіі Беларусь — у любым выглядзе: як расійсккую правінцыю, альбо «ў складзе шасці вобласцяў», ці неяк яшчэ — быў бы ён у Крамлі.

Але галадоўка дэпутатаў паказала — нават не столькі Аляксандру Рыгоравічу, колькі астатняму свету і ў першую чаргу Маскве, — што ў краіне ёсць людзі, якія проста так краіну і незалежнасць не аддадуць. Што яны будуць змагацца за гэта да канца, да скону жыцця (хай гэты скон і будзе вельмі хуткім). А крыві «па нацыянальнім пытанні» на той момант на прасторах СНД і так пралілося багата…

І таму планы Аляксандра Лукашэнкі на Крэмль відавочна ёкнуліся. Адна справа — далучыць да сябе пад фанфары мірную рэспубліку, «вярнуць ва ўлонне», так бы мовіць. А зусім іншае — прыдбаць «гарачую кропку» ды «адмарозкаў-партызан».

Зянон Пазняк таксама пахваліў Навумчыка за кнігу

Увогуле, у кніжцы яшчэ шмат цікавых і парадаксальных высноваў і адказаў на галоўныя пытанні. Напрыклад, хто збіваў дэпутатаў, ці быў там персанальна Аляксандр Лукашэнка. І ці існуе відэазапіс тых падзеяў, які Лукашэнка бажыўся «публічна прадэманстраваць па тэлевізіі».

Запіс быў, і яго бачылі нават некаторыя тыя, хто зараз у апазіцыі. Але яны чамусці маўчаць.

Хто гэта? Чытайце кнігу Навумчыка. А тое зараз усё раскажу — нецікава потым будзе.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-09-12 23:23:12
Загаловак: "выІНкі". Галадоўка адбылася ў Вярх. Савеце не 13-га, а 12-га склікання, папраўце. Далей - "зарзумаела" :)



Не магу згадзіцца з тым, што ведаюць пра месцазнаходжанне сядзібы БНФ і наведваюць яе толькі асобы, "страшэнна далёкія ад народа". Я ніколі не належаў да паліт. партый, але заходзіў
па літаратуру і на ранейшую сядзібу (ля Акадэміі МУС), і калі яна пераехала на Чарнышэўскага.



Што да самой кнігі - пачытаў... Крыху лепей, чым "94", прынамсі аўтар паціху пачынае фіксаваць свае памылкі. Спецыяльна для яго, калі ён сюды завітвае: расійскі палітолаг Антанян не
"Агранік", а Андранік. Не бракуе і іншых ачапятак.
  • Сяргей Навумчык
  • 2015-10-02 14:03:40
Дзякуй Вам за заўважаную апячатку - у другім выданьні выпраўлю. Шкада, што Вы чагосьці аецеся і хаваецеся пад нікам - па некаторых нюансах мярку, мы з Вамі знаёмыя па Менску. Я памыляюся?



Ну а Вы выпраўце сваю хлусьню наконт таго, што нібыта ў 1993 годзе я галасаваў за Лукашэнку як старшыню антыкарупцыйнай камісіі. Ніколі ў жыцьці я за Лукашэнку - ні пры якіх раскладах - не галасаваў.
Што да антыкарупцыйнай камісіі, дык мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, прапаноўвалі на гэтую пасаду Сяргея Антончыка.

Каментаваць