АўтаSTOPам па Еўропам

Старажытны этнас і цукеркі

Вось і порт. Паром Талін—Хельсінкі. Кошт вагаецца ад 20 да 30 еўра. Паромы — гэта 9-павярховыя даміны, у якіх можна жыць, есці, піць, спаць, завісаць у інтэрнэце (wi-fi), ладзіць канцэрты, тусіць, бадзяцца па кавярнях і г. д.



Старажытны этнас і цукеркі

Вось і порт. Паром Талін—Хельсінкі. Кошт вагаецца ад 20 да 30 еўра. Паромы — гэта 9-павярховыя даміны, у якіх можна жыць, есці, піць, спаць, завісаць у інтэрнэце (wi-fi), ладзіць канцэрты, тусіць, бадзяцца па кавярнях і г. д.

Для аматараў свежага паветра адчынена верхняя палуба з кавярняй. У час адплыцця вецер моцны. Далей у мора — здзімае прадметы са сталоў. Пасля пачынае перакульваць драўляна-металічныя крэслы, зрывае з вас адзенне і папросту заганяе ўсіх аматараў свежага паветра назад у каюты.

Хельсінкі сустракае маленькімі маляўнічымі выспачкамі. Па высадачных хадах-пераходах не менш як праз 20 хвілін выходзіш на вуліцу. Фіны цягнуць блокі таннага эстонскага піва і іншых напояў.

Хельсінкі нагадвае Мінск. Такія ж «выспы» старасветчыны сярод індустрыяльна-бетонных спарудаў. Ну, хіба, не такіх жудасных. Але атмасфера падобная. Ніякага жадання граць на вуліцы ў музыкі не ўзнікне, а калі ўзнікне — паліцэйскі нагадае вам, што на «гэта патрэбны спецыяльны дазвол». Горад выратоўваюць цудоўныя шхуны, старыя караблі з ветразямі, што стаяць уздоўж партовых прычалаў. Там-сям — знакі расійскай прысутнасці: арлы, помнік імператару… Падспудна адчуваецца павага да расійскага цара, які, адваяваўшы Фінляндыю ў Швецыі, падарыў ёй аўтаномію, якая стала пачаткам шляху да незалежнасці.

Незалежная Фінляндыя, маладая краіна (як сёння яе ўспрымаюць фіны), якая ганарыцца сваёй прыродай, эпасам «Калевала» — і… цукеркамі! «Салміаккі» — фінскія салодкасці, якія лепш называць «горычамі» і «салёнычамі». На аматара: хтосьці выплёўвае ў першую хвіліну, а хтосьці закупляецца кілаграмамі.

«Пралетарскасць» фінаў і Хельсінкі падкрэслівае манумент у цэнтры горада ў выглядзе трох голых мужчынаў-кавалёў. Дакладныя прапорцыі цела, моц рук і ўзнятыя молаты над кавалкам металу. Быў бы дзяўчынай — не адыходзіў гадзінамі.

Спын па Фінляндыі такі ж, як і паўсюль. Але мае асаблівасць: падбіралі мяне збольшага вадзіцелі, якія раней самі вандравалі. У 1970-я аўтаспын, як і хіпанства, быў распаўсюджаны сярод фінскай моладзі. Адзін з вадзіцеляў прыгадваў свае вандроўкі на рок-фэсты, «the Doors» і масавае наркатычнае шаленства ў гэтым асяродку, пасля чаго ён, расчараваўшыся, скінуў хіпанскую джынсу і стаў моладзевым камуністычным лідэрам, наведваў з дэлегацыяй СССР. Дагэтуль верыць у ідэалы марксізму, з захапленнем узгадвае сваё хіпанскае мінулае і падбірае ўсіх аўтаспынераў.

Чароўны свет Мумі-дален

Адна з мэтаў маёй паездкі — наведаць мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Тувэ Янсан, пісьменніцы, якая прыдумала чароўны свет, даліну мумі-троляў Мумі-дален. Мілена — знаёмая, у якой я начаваў у Хельсінкі, — кажа, што Тувэ жыла непадалёк ад царквы, дзе я сёння быў, яе муж знаёмы з братам Янсан, а яе лецішча — у 50 кіламетрах ад Хельсінкі. Адурэць! «Можа яшчэ пазнаёміце?! Ясна, што не з самой Тувэ, а з кімсьці з яе знаёмых?» — пытаюся ў Мілены.

Задавольваюся размовай з яе сястрой Міке, што працуе перакладчыцай з фінскай на шведскую. Фінляндыя — краіна дзвюхмоўя! І закон, па словах Міке, часам не выконваецца.

Каб пабачыць старое фінскае мястэчка, фіны адпраўляюць мяне ў Парвоа. Гарадок для турыстаў. Правінцыйныя вулачкі з драўлянымі дамкамі і царквой з караблём пад столлю, сціплая ратуша ніяк не ўкладаюцца ў звыклыя ўяўленні пра «стары горад». Таму Фінляндыя крыху выпадае з гэтага еўрапейскага кантэксту і не ідзе ў параўнанне нават з Беларуссю.

Лецішча, якое Тувэ набыла ў гады сусветнай славы, знаходзіцца ў ваколіцах Парвоа. Гэты архіпелаг, напэўна, вельмі слаўны і мілы турыстам, проста не дае вам выбрацца да адкрытага мора: мноства выспаў перакрываюць усю перспектыву і ператвараюць марскі бераг у азёрны край без хваляў і ветру. Па выспах рассеяны фінскія лецішчы, якія здзіўляюць аднастайнасцю пабудовы: драўляныя дамкі чырвонага колеру падобнай канструкцыі. Ніякай раскошы. Але мне спадабалася, як фіны ўмеюць упісаць домік у прыродны абшар. Такое ж назіралася і ў спальных раёнах Хельсінкі, дзе 2–5-павярховыя шэранькія каробкі былі «ўтоплены» ў сасонніках, парках і лесапасадках.

Шлях дадому

Трэвэлінг завершаны, час муваць ту хоўм. Падчас падарожжа з-за частых размоваў па-англійску галава пераходзіць менавіта на такую «трасянку».

Шлях дадому пралягае праз Расію. Праз Котку (гарадок) і цывілізаваную частку Карэліі (этнаграфічнага рэгіёна, які дагэтуль этнографы і фалькларысты вывучаюць у фінскім універсітэце), дабіраюся да мяжы. Расіянін, што бярэцца перавезці мяне праз мяжу, на нейтралцы закладае шматкілаграмовыя пакункі з фінскім мясам у капот, абмяркоўвае з прыяцелем найбольш хадавыя ў прыгранічнай зоне тавары… Усё вельмі нагадвае нашу «брэст-тэрэспальскую» гандлярскую мітусню. Чарга на некалькі га­дзінаў і начоўка на запраўцы пад Выбаргам.

 



На мэце маю праляцець Піцер па кальцавой і Расію — па Кіеўскай шашы, у надзеі дабрацца да радзімы да ночы. Здзіўляюць баршчавікі ў чалавечы рост паабапал расійскіх дарог. Быццам яго культывуюць. У кіроўцах (пераважна трапляліся піцерскія) здзіўляе іх салідарнасць у пытанні «фашыстоўства» эстонцаў і латышоў. Не могуць прыняць перанос помніка савецкаму салдату ў Таліне і станоўчыя водгукі пра SS.

Але найбольш здзіўляе просты рабочы дзядзька, які асцярожна пачынае гаманіць пра Сталіна, парадак, які ён завёў, адсутнасць злачыннасці ў яго час. Потым пераходзіць на Гітлера, які падняў эканоміку, вынішчыў хуліганства… Задаеш пытанне: а «чорныя вораны», якіх людзі чакалі ўначы, седзячы на чамаданах? Масавыя расстрэлы? У адказ: «Усё роўна дэмакратыі не пабудуеш. Іхнія дэмакратыі — г..но. Няма там справядлівасці. Адзін у раскошы, другі — жабрак. А сапраўднае, гэта, як бацюшкі кажуць, — калі мір, усе любяць адзін аднаго, няма нічога прыватнага, усё для ўсіх».

Яшчэ адно, што было агульным у размовах з усімі вадзіцелямі-расіянамі — гэта скарга на алігархаў, што трымаюць у руках шалёныя багацці, у той час як іншыя не маюць да іх доступу. Цікава, але некалькі вадзіцеляў мне тлумачылі адрозненне паміж еўрапейскім і рускім менталітэтам аднолькавым прыкладам: «Еўрапеец будзе лічыць выгадным прыбытак нават у 15 працэнтаў, расіянін жа не будзе працаваць, калі прыбытак менш як 300 працэнтаў, прычым адразу».

Расіяне зайздросцяць нам, бо ў нас няма алігархаў і масавай галечы. Але ў нас няма і такіх рэсурсаў… Хваляць нашага прэзідэнта і не разумеюць скаргі на «недахоп дэмакратычных свабодаў».

Пасля Расіі

Вадзіцель, што падвозіў да беларускай мяжы, — бард з Піцера, дзядзька выразна інтэлігенцка-дысідэнцкага і ў той жа час патрыятычнага настрою, — сказаў сумную рэч, якую я чуў ужо не раз ад расіянаў: «Трэба змірыцца, Расіі хутка не стане. Яшчэ гадоў 70–80. Алігархі папросту давядуць да краю. Ну што ж, у нас была слаўная гісторыя, іншыя імперыі і такога не мелі. Але ўсяму ёсць пачатак і канец. Гэта трэба прыняць і спакойна рабіць далей сваю справу».

Пад такі песімістычны гоман уязджаю на радзіму. На мяжы расіяне правяраюць пашпарты, не пускаюць піцерца, які забыў дакумент дома (хто сказаў, што межаў няма?). А за мяжой чакае Віцебшчына. Цікава, што Беларусь пачынаецца крыху раней за дзяржаўную мяжу больш акуратнымі дварамі ў вёсках, адсутнасцю баршчавіка абапал дарогі.

Этнічнае не выкрасліць! Расійскія навукоўцы дагэтуль разглядаюць паўднёвую Пскоўшчыну як этнічныя беларускія землі. На тым баку мяне чакала прыдарожная кавярня, Віцебск, «завісоны» пад Бешанковічамі (ну хто вам казаў, што дарога дамоў заўжды хутчэй?). І вось аўтобус №113 вязе мяне з трасы да станцыі метро Маскоўская.

Каментаваць