АўтаSTOPам па Еўропам (частка 2)

Руска-латышскае супрацьстаянне

Да Рыгі мяне падвозіў рускі дальнабойшчык, жыхар Латвіі. Калі першы сустрэты жыхар краіны пачынае скардзіцца на безграшоўе і беспрацоўе, нацыяналізм і бяздзейнасць новай улады — усё, з чым пастаянна асацыююць Латвію нашы дзяржаўныя тэлеканалы, — міжволі насцярожваешся.

Але ўсё выдатна, мяне сустракаюць вострыя шпілі ганзейскага горада на Дзвіне — сапраўдныя сярэднявечныя абрысы.

Начлег у знаёмых маіх знаёмых у старым доме непадалёк ад Домскага сабору. 



Руска-латышскае супрацьстаянне

Да Рыгі мяне падвозіў рускі дальнабойшчык, жыхар Латвіі. Калі першы сустрэты жыхар краіны пачынае скардзіцца на безграшоўе і беспрацоўе, нацыяналізм і бяздзейнасць новай улады — усё, з чым пастаянна асацыююць Латвію нашы дзяржаўныя тэлеканалы, — міжволі насцярожваешся.

Але ўсё выдатна, мяне сустракаюць вострыя шпілі ганзейскага горада на Дзвіне — сапраўдныя сярэднявечныя абрысы.

Начлег у знаёмых маіх знаёмых у старым доме непадалёк ад Домскага сабору. 

Вельмі спадабалася, як латышы ўдала абыгрываюць кватэрную прастору. Адна са сцен кватэры, сумежная са старажытным манастыром — сярэднявечная муроўка. Атынкоўваць не сталі. І вы можаце спаць каля гэтай старой цэглы пад драўлянай бэлькай. Не хапае толькі скуры мядзведзя пад ногі і фрэсак над галавой. Іншы, зусім маленькі пакой з дапамогай фантазіі і фанеры падзяляецца гарызантальна на дзве часткі: наверсе — ложак, унізе — прастора для кампутара і іншага. Глухі замкнёны дворык, агульны з суседзямі, куды вядзе кватэрнае вакно, ператвараецца ва ўтульную тэрасу са столікам і крэсламі.

Яшчэ здзівіла, што замест ванны — душ і маленькая сауна. Па словах гаспадыні, гэта даволі распаўсюджана ў Латвіі.

Вуліцы Рыгі. Сустракаеш рускамоўных інтэлігентаў, што зусім не характэрна для Вільні. Увогуле, руска-латышскае супрацьстаянне — рэальная праблема Латвіі. Грамадства падзелена сцяной непаразумення. Рускія крыўдзяцца, латышы радыкаляць. Калі выслухоўваеш рускага — разумееш, пагаджаешся. Калі размаўляеш з латышом, даведваешся пра тое, як праводзілася русіфікацыя, планавае засяленне Латвіі рускімі, — цяжка не абурыцца.

«Музей акупацыі 1941–1991». Гэта новы музей, у самым цэнтры Рыгі, бясплатны. Выдатная падборка дакументаў уражвае і кранае — бясчынства сталінскіх часоў, лагеры, КДБ і г.д. Асноўная ідэя музея: для латышоў не было розніцы, якая ўлада прыйшла. І фашысты, і саветы былі акупантамі. Ніякіх «знакаў прыхільнасці» ці апраўдання фашыстаў у гэтым музеі я не ўбачыў. У розных кутках музея размешчаны шахматы, зробленыя зняволенымі сталінскіх лагераў. Фігуркі ў выглядзе канваіраў, вайскоўцаў, ладдзя — назіральная ГУЛагаўская вышка.

Зайздросцяць беларусам

Чым яшчэ запомнілася Латвія? Грашыма. Не разумею, чаму ў даволі небагатай краіны такія дарагія грошы. 1 лат роўны прыкладна 1,7 еўра. Адпаведна, усе латышскія санцімы набываюць неверагодна вялікую каштоўнасць у вашых кішэнях. Славянская душа, што звыклася шчодра сыпаць капейкамі, не можа змірыцца з такой неабходнасцю ашчаднага стаўлення да дробязі. Ды тут яшчэ латышскія кошты… Латвія — вельмі дарагая краіна.

Увогуле, гэта краіна — другая ў Еўропе, што найбольш пацярпела ад крызісу. Ніводзін знаёмы не абмінуў мне сказаць пра гэта. Кожнага, каго сустрэў, гэта кранула за жывое. Бо Латвія, як паведаміла знаёмая, — «краіна-эмбрыён», з вялікай галавой — Рыгай, што жыве без вялікага сектара ўласнай вытворчасці. Менавіта з-за гэтага латышы нам і зайздросцяць зараз. Гэта мне распавяла дзяўчына, уладальніца музычнага бара ў цэнтры Рыгі. Яна сказала, што многія ў яе ўзросце (каля 30-ці) бяруць крэдыт і пачынаюць сваю справу прыкладна такога ж кшталту. Бар, дзе граюць музыку, якая табе падабаецца, бар, аформлены па тваім гусце… У Латвіі здзейсніць сваю мару значна прасцей, чым у нас. У гэтым ім можна пазайздросціць.

Мяне ўразіла адна кавярня, зробленая ў аўтэнтычных сутарэннях нямецкай піўніцы ХІІІ стагоддзя. Там-сям засталіся фрэскі.

Тарту — студэнцкі «парадыз»

Цяжкі спын Рыга—Тарту. Як паведамілі пазней тартускія спыняры, трэба ездзіць не наўпрост, а праз Пярну. Нашмат хутчэй, хоць з вялікім гакам. Праязджаючы па Латвіі, аглядаючы цудоўныя краявіды і слухаючы расповеды вадзіцеля-дзяўчыны, якая жыве на беразе мора, разумееш, што Латвіі ты амаль не бачыў. Рыга — гэта хіба толькі траціна.

Але вось — праз цяжкі і адначасова неверагодны начны спын — Тарту сустракае меднай свіннёй-манументам у цэнтры на месцы старога рынку.

Рамантыкі з тартускага геафака, самі спыняры, сустрэлі мяне на роварах, пасадзілі на багажнік, адвезлі ў каюту старажытнай ладдзі на начлег, накармілі-напаілі. І адправілі назаўтра ў падарожжа па Чудскім возеры ў хаўрусе з групай турыстаў і эстонскім традыцыйным музыкам… Сама ладдзя — прыклад, як мара энтузіяста можа рэалізавацца ў паспяховы праект, асветніцкі і прыбытковы адначасова. Ладдзя «Jymmu» — рэканструкцыя старых эстонскіх караблёў, якая гарманічна спалучае ў сабе камфорт, неабходны сучаснаму турысту, і старажытныя элементы. У вольны ад турыстычных заказаў час ладдзя курсуе з майстар-класамі па старадаўніх рамёствах, асветніцкімі гістарычнымі фільмамі.

Тарту — студэнцкі гарадок. Ледзь не палова жыхароў — студэнты. Тартускі універсітэт з яго найстарэйшымі традыцыямі выхаваў не толькі цудоўных навукоўцаў, але і сфармаваў добрыя традыцыі студэнцкага жыцця. Прыкладам таму — клуб «Геніяльнасці», які нагадвае кватэру для сваіх, з утульнымі канапамі, паліцамі, дзе стаяць кнігі тваёй супольнасці, крамай дыскаў з музыкай, якую слухаюць у гэтай супольнасці. Тут жа бар, на другім паверсе — свойская дыскатэка. Часам тут ладзяцца прагляды фільмаў, тэатральныя пастаноўкі студэнцкага тэатра з абмеркаваннем.

Ідучы па гарадку, паўсюдна заўважаеш імёны славутых навукоўцаў, якія ў цябе на слыху: Струвэ, Лотман, Пірагоў… Дарэчы, пра Юрыя Лотмана тут чулі ўсе, хоць і не ведаюць, чым ён увогуле займаўся. Помнік яму — семіётыка чыстай вады: твар навукоўца памерам у некалькі метраў выраблены з хаатычна пераплеценых металічных трубак, якія адначасова з’яўляюцца фантанам.

Паміж Скандынавіяй і Масквой

У Латвіі гавораць: «Вось там, на Захадзе, а вось у нас, у Латвіі…» А эстонцаў у Латвіі лічаць ужо еўрапейцамі-скандынавамі. Цікава, але эстонцы сябе таксама прылічаюць да тых, хто паміж еўрапейскай Скандынавіяй і Масквой… І крыху камплексуюць перад фінамі, з якімі маюць падобную мову і культуру, але жывуць папрасцей. А фіны, у сваю чаргу, камплексуюць перад шведамі, бо не мелі свайго каралеўства, заўжды былі простым, пераважна сялянскім народам (і ў гэтым сваім пачуцці падобныя да беларусаў, нягледзячы на наша шляхетнае мінулае часоў ВКЛ). Цікава, перад кім камплексуюць шведы? Чуў, што шведы адчуваюць сябе сціпла перад датчанамі.

Тарту — пераважна драўляны гарадок. Вы бачылі ў Мінску драўляныя баракі сталінскіх часоў, двухпавярховыя? Знешне вельмі нагадвае пабудовы ў Тарту. Такія дамкі сустракаюцца і ў Латвіі, і ў Эстоніі, і ў Фінляндыі — у сталіцах і маленькіх гарадках. Гэту мясцовую традыцыю будаўніцтва багатых на лес краінаў не змаглі выцесніць нямецкія камяніцы Рыгі і Таліна.

Але вось я ўжо ў Таліне. Шпілі, вулачкі, вежы, брук цудоўна стасуюцца з вашымі ідэалізавана-рамантычнымі ўяўленнямі пра сярэднявечны горад. Магчыма, гэты архетып закладзены на падсвядомым узроўні «Прыгодамі электроніка» і іншымі савецкімі фільмамі, дзе «бьют часы на старой башне». Адметнасць горада — стары завод непадалёк ад порта, на якім Андрэй Таркоўскі часткова здымаў «Сталкера» (пра гэта сведчыць памятная дошка на высачэзнай дымавой трубе).

Фота аўтара



Працяг будзе

(Частка 1)

Каментаваць