Абаронім выспу беларушчыны

У красавіку ЖРЭА Савецкага раёна было скасавана права на арэнду памяшкання на Машэрава, 8, якое без малага 20 гадоў арандавала БНФ “Адраджэнне.

28 сакавіка старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч абвясціў старт кампаніі па абароне сядзібы.

У красавіку ЖРЭА Савецкага раёна было скасавана права на арэнду памяшкання на Машэрава, 8, якое без малага 20 гадоў арандавала БНФ “Адраджэнне.

28 сакавіка старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч абвясціў старт кампаніі па абароне сядзібы.

Людзі культуры і навукі не засталіся ў баку. Публікуем тэкст звароту да чыноўнікаў і грамадства, які на дадзены момант падпісалі больш за 60 асобаў. Сярод іх — акадэмік Радзім Гарэцкі, Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыкі Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч, сябры Беларускага ПЭН-Цэнтра, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, ЗБС “Бацькаўшчына, журналісты “Новага часу і “Нашай нівы.
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------


Грамадскасці Беларусі

Копія: Старшыні Мінгарвыканкама Ладуцьку М. А.

Копія: в.а начальніка ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска Самуйліку А.М.




ЗВАРОТ


Суайчыннікі, абараніце Управу!

Сядзіба на Машэрава, 8 — асаблівае месца ў найноўшай гісторыі Беларусі. Ад 1992 года яго арандаваў Беларускі Народны Фронт, але так сталася, што цяпер гэты офіс мае значэнне не для асобнай партыі, а для цэлага грамадства.

Пытанне з офісам на Машэрава, 8 выходзіць за межы спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў. З высяленнем офіса ЖРЭА ліквідуе своеасаблівую выспу беларускасці, на якой ішла актыўная грамадская і культурная дзейнасць.

Сядзіба на Машэрава, 8 (раней Варвашэні, 8) — гэта рэдкая публічная прастора, дзе бытуе жывая беларуская мова. Гэта месца, дзе людзі натуральна набываюць вопыт гаварэння па-беларуску — крытычна важны для захавання мовы. Адначасова, гэта месца, дзе фармуецца грамадзянская супольнасць Беларусі. Тут сутыкаюцца погляды. Без такога месца наша свабода і наша культура пацерпяць.

Трэба абараніць яго. Гэта патрэбна не дзеля палітыкі. Гэта патрэбна дзеля культуры, дзеля мовы.

Мы — у большасці сваёй беспартыйныя — дактары і педагогі, навукоўцы і спевакі, пісьменнікі і артысты, бацькі беларускамоўных школьнікаў і краязнаўцы, карысталіся памяшканнямі на Машэрава, 8 для грамадскай дзейнасці, для самаадукацыі і самарэалізацыі, дзякуючы таму, што Партыя БНФ трымала дзверы адкрытымі для ўсіх. Другога такога памяшкання ў нас няма.

Звяртаемся да адпаведных чыноўнікаў, якія могуць вырашыць гэтае пытанне.

Офісных плошчаў хапае. Арандатар спраўна плаціў у бюджэт гораду. Просім пакінуць Управу па ранейшым адрасе. Беспадстаўна скасаваць арэнду — гэта значыць нанесці крыўду многім людзям, стварыць нагоду для грамадскага пратэсту.

Звяртаемся таксама да ўсіх грамадзянаў нашай краіны.

Існаванне беларусаў у сённяшняй Беларусі — гэта няспынная здача пазіцый. Беларуская нацыя падышла да крытычных рубяжоў — як у дэмаграфіі, так і ў сітуацыі мовай, культурай. І адзін з гэтых рубяжоў — Управа.

У свой час моладзь абараніла народны мемарыял Курапаты ад апаганьвання. Хто мае гонар грамадзяніна — далучайцеся гэтаксама да абароны Управы.

Заклікаем кожнага, хто можа, несці вахту салідарнасці ў памяшканні па адрасе праспект Машэрава, 8.

Каментаваць