Ад Лісабона да Уладзівастоку: яднанне ў Мінску

У мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага будзе выстаўлена больш за 80 карцін 26 мастакоў з 25 краін свету.
Мастак Віктар Альшэўскі

Мастак Віктар Альшэўскі

Ілюстратыўнае фота

Галоўная мэта арт-праекта «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» — падкрэсліванне ролі Беларусі як цэнтра камунікацыі суседніх краін і культур. Арт-праект трапіў пад патранат UNESCO і будзе даступны гледачам з 22 снежня 2016 года па 5 лютага 2017 года.

Ідэя праекта належыць паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку і мастаку Віктару Альшэўскаму.

«Я проста задумаўся, — падзяліўся Павел Латушка, — што я магу зрабіць цікавага праз мастацтва? Падумаў, што можна арганізаваць выставу мастакоў з Мінска, Парыжа, Лісабона і Мадрыда. А пасля ўзгадаў, як Шарль дэ Голь агучыў прынцып Еўропы: «Ад Лісабона да Урала». Пазней ён стаў гучаць, як «Ад Лісабона да Уладзівастока». І гэта той тэзіс, які выкарыстоўваецца і нашымі дыпламатамі. Таму мы вырашылі запрасіць па аднаму сучаснаму мастаку са сталіц краін, якія падыходзяць пад гэтае геаграфічнае азначэнне. Мы ствараем адну прастору праз мастацтва. Зразумела, што Мінск тут — цэнтральнае месца, якое аб’ядноўвае іншыя краіны. Такім чынам мы хацелі падкрэсліць яшчэ і тое, што культура — гэта дыпламатычны фактар, які дапамагае развіваць адносіны паміж краінамі».



Арганізатары запэўнілі журналістаў, што месца і час правядзення выставы абраны невыпадкова. Першапачаткова мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага пазіцыянавала сябе храмам мастацтва. А калядны час — гэта час, калі ў Мінск прыязжае шмат турыстаў, якія змогуць наведаць міжнародную экспазіцыю.

Карціны прыедуць у Мінск са сталіцаў 25 краін свету. Але арганізатары не маглі не ўключыць у праект Санкт-Пецярбург як культурную сталіцу Расіі і, канешне ж, сам Уладзівасток. Агулам у выставе прыме удзел каля васьмідзесяці карцін.

Мастака — ўдзельніка выставы ў кожнай краіне абіраў куратар праекта. Але працэс адбору прац, якія ўдзельнікі мусяць везці ў Мінск, ніхто не кантраляваў: карціны абіралі самі аўтары. Для іх асноўным было, каб праз палатно гледачы змаглі зразумець дух краіны, якую прадстаўляе творца.

«Мастак з Лісабона, які ўдзельнічае ў праекце, — распавядае Павел Латушка, — вырашыў асабіста запытацца ў мяне, ці дам я згоду на яго выбар карцін. Ён паказаў мне ўсё, што хоча везці ў Мінск. Я кажу яму: «Калі ласка», бо мы не маем жорсткіх патрабаванняў да карцін. Галоўнае — паказаць лепшае, што ёсць у мастака».


Павел Латушка адзначыў, што фінансаванне праекта было цалкам пазабюджэтным. Сродкі на выставу вылучаліся мецэнатамі, спонсарамі і бізнесоўцамі. Усяго на выставу назбіралася 36 000 беларускіх рублёў. Галоўныя спонсары праекта — «Прыёрбанк» і шэраг страхавых кампаній.

На адкрыццё выставы 22 снежня прыедуць некаторыя замежныя мастакі, карціны якіх удзельнічаюць у праекце. Беларускія творцы на перыяд экспазіцыі запланавалі шэраг майстар-класаў і майстэрняў для гледачоў. Таксама арганізатары падрыхтавалі сюрпрызы, пра якія не паведамілі нават журналістам.

Ад Беларусі ў праекце будзе ўдзельнічаць мастак Віктар Альшэўскі. «Мая канцэпцыя, — падзяліўся Альшэўскі, — гэта мір. Я думаю, што мір — вельмі важны зараз ва ўсім свеце».

Каментаваць