Ад Курапатаў да стылягаў: у Гомелі прэзентавалі новы краязнаўчы фільм

У жыцці гомельца Яўгена Ткача дзіўным чынам перапляліся як драматычныя падзеі мінулага Беларусі, так і спробы жыць цікава і неардынарна за савецкім часам.



Савецкія часы ўзгадваюцца жыхарамі былога СССР па-рознаму. Шмат хто іх ідэалізуе і ўзгадвае як перыяд, калі людзі былі больш вясёлымі і згуртаванымі. Іншыя ж асацыююць савецкае мінулае са страшнымі рэпрэсіямі і забойствамі таталітарнага рэжыму. Герой фільма «Над сістэмай», які быў створаны ў межах праграмы «Без рэтушы» тэлеканала Белсат пэўны, што пазітыўныя эмоцыі ад жыцця ў «імперыі зла» засталіся з большага ў тых людзей, што засталіся жывымі, якіх не зачапілі пераследы і прыцісканні рэжыму.

Новы фільм быў зняты краязнаўцамі Марыяй Булавінскай і Сяргеем Ляпіным. Стужка ўтрымлівае краязнаўчы матэрыял, які будзе цікавы ўсім аматарам мінуўшчыны ў незалежнасці ад месца пражывання.

«Нам даводзілася ўжо працаваць з Яўгенам Акімавічам раней. Спачатку мы зацікавіліся яго вялізарнымі фотаархівамі якія захаваліся ажна з 1940-х гадоў і фіксуюць стары горад над Сожам. Пасля мы заўважылі, што ён мае каласальную інфармацыю з розных бакоў жыцця і стварылі па гэтых звестках фільм «У пошуках старога Гомеля». Унікальныя звесткі, якімі дзяліўся Яўген Ткач прымусілі нас заняцца новай дакументальнай кінапрацай, на якую, у выніку, сыйшло каля трох месяцаў», — адзначае адзін з аўтараў Сяргей Ляпін.

У фільме «Над сістэмай» экранізаваныя гісторыі з жыцця іншадумца савецкай дзяржавы з Гомеля. Стужку можна нават назваць буктрэйлерам, паколькі яна заснавана на мемуарна-палітычнай кнізе «Через ХХ век, или отторжение» якую аўтар прэзентаваў на публічным праглядзе свайго біяграфічнага фільма ў тайм-кавярні «Флэт» 24 лютага.

Жыццёвы шлях Яўгена Ткача незвычайны. Яго сям'я сталася ахвярай сталінскіх рэпрэсій, але ў 1947 г. яго запрасілі на службу ў МГБ. Аддзел, у які ён трапіў, мусіў займацца росшукам калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Зразумеўшы, што праца не лепшая з маральнага пункту погляду, Яўген Ткач пакідае службу. Але савецкая сістэма не выпускала сваіх былых працаўнікоў з кіпцюроў і ў далейшым яго чакаў пераслед. За ім няспынна сачылі, з’яўляліся праблемы падчас навучання і пазней на працы.

У фільме герой распавядае пра злачынствы савецкага рэжыму. Ужо ў 1951 г. падчас службы ў войску ён знаходзіць пахаванні ў Курапатах і ўжо тады падазрае, што ў лесе пакояцца парэшткі людзей, забітых у 30-я гг. савецкімі карнымі органамі, а не нацыстамі за часамі вайны, як на той момант сцвярджала прапаганда.

Яўген Ткач прыгадвае: «Падчас вучэнняў у войску маё падраздзяленне аднойчы апоўначы паднялі па трывозе. Нас адвезлі ў малады сасоннік і загадалі ўсталяваць радыёстанцыю. Мы пачалі капаць ямку для зазямлення, але раптам рыдлёўка ўперлася ў нешта цвёрдае. Гэта быў чэрап чалавека. На кучы выкапанага пяску ляжаў касмыль цёмных валасоў… Гэта былі Курапаты. Я звярнуўся да лейтэнанта Броннага і ён патлумачыў, што гэта — ахвяры нямецкіх расстрэлаў. Але па маладых соснах, што раслі там я лёгка вызначыў, што яны на некалькі год старэйшыя за перыяд акупацыі Мінска. Ужо тады я зразумеў, што гэта было нечым іншым. Ужо ў 90-я гады я дазнаўся, што гэта былі ахвяры сталінскіх рэпрэсій».

Пазней ён даведаўся, што на сумнавядомым цяпер дзявятым кіламетры пад Гомелем таксама масава расстрэльвалі людзей. Гэтыя падзеі аказалі ўплыў на фармаванне стаўлення Яўгена Ткача да савецкага рэжыму. Зараз ён перакананы, што помнікам, усталяваным у гонар злачынцаў — Леніна, Дзяржынскага і іх паплечнікам не месца ў постсавецкіх дзяржавах, бо іх наяўнасць сведчыць пра пераемнасць сучасных рэжымаў з савецкім.

Нягледзячы на складаны лёс, Яўген Ткач здолеў застацца моцнай асобай і ўпэўненым аптымістам. Ён захапляўся фатаграфіяй і яго вялікі фотаархіў цяпер уяўляе каштоўнасць для гомельскіх краязнаўцаў. Горад так моцна змяніўся за часамі вайны і пры аднаўленні, што шматлікія мясціны засталіся зафіксаванымі толькі на аматарскіх здымках Яўгена Ткача.

Маючы разнастайныя захапленні яго за савецкім часам называлі і «стылягам», і «сэрам» і нават «філосафам». Так ён дзеліцца ўспамінамі аб тым, як у 1950-я гг. ў Гомелі пераследвалі «стылягаў» і тых, хто вылучаўся незвычайным ладам жыцця.

Жыццё Яўгена Ткача — прыклад таго, як нягледзячы на самы жорсткі рэжым можна застацца моцным, нязломленым і быць над любой сістэмай у любыя часы.

Каментаваць