"Ад мяне" — выстава вядомага мінскага скульптара Уладзіміра Жбанава (фота)

У Мінску, у Музеі гісторыі горада Мінску дэманструецца выстава вядомага беларускага скульптара Уладзіміра Жбанава (26.01.1954 — 16.01.2012), шматлікія творы якога ўпрыгожваюць вуліцы, плошчы і скверы сталіцы.

 



У экспазіцыі “Ад мяне”, прысвечанай 60-годдзю з дня народзінаў аўтара, — фатаздымкі, дакументы і ўзнагароды з сямейнага архіву майстра, а таксама 33 ягоныя працы, у асноўным — эскізы да будучых гарадскіх скульптур, створаныя з 1984 па 2011 гады. Не выключана, што некаторыя з задумаў мастака яшчэ будуць рэалізаваны ў манументальных кампазіцыях і зоймуць сваё месца не толькі ў музейных і прыватных зборах, але і на вуліцах беларускіх гарадоў.

Сярод іншых скульптараў Уладзімір Жбанаў вылучаўся тым, што спалучаў манументальнасць пластычнага мыслення з увагай да дэталяў і чалавечых якасцяў сваіх вобразаў. Ён быў ініцыятарам стварэння так званай кантактнай скульптуры, што была разлічана на непасрэднае ўзаемадзеянне з гледачом. Апроч таго, майстар мог настолькі глыбока адлюстраваць унутраны свет сваіх герояў, што яны — адлітыя ў бронзе — успрымаюцца як жывыя істоты.

Вось чаму працы Уладзіміра Жбанава ўпрыгожваюць калекцыі шматлікіх музеяў і прыватных асоб, а таксама шэрагу гарадоў Нямеччыны, Расіі і Украіны.

Выстава працуе па 29 чэрвеня 2015 года.

Каментаваць