Ад Нічога да жыцця на Зямлі

Вечарам 11 чэрвеня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыўся маштабны арт-праект сябры Беларускага саюзу мастакоў (БСМ) і Беларускага саюзу дізайнераў Васіля Зянько “З нічога”.



У экспазіцыі прадстаўлены некалькі дзесяткаў канцэптуальных акрылавых палотнаў, на якіх аўтар зрабіў спробу не толькі ўвасобіць працэс эвалюцыі жыцця на планеце, але і разгледзець праблемы сённяшняга чалавека. Прычым, працы жывапісца вылучаюцца ўнікальнай творчай манерай, якую немажліва зблытаць з почыркам іншых айчынных і замежных сучасных мастакоў.

Арт-праект “З нічога” экспануецца ў чатырох зонах, дзе аўтар даволі арыгінальна адсочвае працэс генэзіса жыцця на Зямлі — ад ягонага зараджэння на розных узроўнях да з’яўлення першага эмбрыёна чалавека, трансфармацыі розных формаў і іхняга ўзаемадзеяння. У завяршальнай зоне выставы “Час, як рэнтген”, дзе разам экспануюцца мастацкія творы і вялікія рэнтгенаўскія фотакалажы — фантасмагорыі працэсу пераўвасаблення жывёлаў, Васіль Зянько разглядае час. як сведку мінулага, сённяшняга і будучага чалавека.

Пасля знаёмства з арт-праектам “З нічога”, які аспрэчвае класічныя ўяўленні пра прыгожае і гуманістычную сутнасць мастацтва, застаецца адчуванне незвычайнай вандроўкі ў першабытны час планеты, дзе чалавек — маленькая істота сярод вялікага свету прадстаўнікоў флоры і фауны — раслін, прасцейшых, насякомых, рыб, рэптылій,  птушак і іншых жывёлаў…

Намеснік старшыні БСМ па выставачнай дзейнасці Леанід Хобатаў назваў арыгінальны мастацкі праект Васіля Зянько падзеяй у культурным жыцці краіны і выказаў надзею, што гэтую канцэптуальную працу чакае  посьпех, а мажліва і трыумф не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі.

Дарэчы, у хуткім часе праект Васіля Зянько "Ex nihilo" будзе дэманстравацца ў сталічным Палацы мастацтва. 

Выстава працуе па 21 чэрвеня.

Каментаваць