Адам Шэмеш: мастак і літаратар

Якім быў Мінск сярэдзіны ХІХ стагоддзя? Нарыс “Мінск аўтарства знакамітага паэта Уладзіслава Сыракомлі, надрукаваны ў часопісе “Teka Wilenska (№1–2 за 1857 год), дае адказ на гэта і яшчэ шмат якія пытанні.

(На выяве: Адам Шэмеш. Партрэт Сыракомлі. 1850-я)



Якім быў Мінск сярэдзіны ХІХ стагоддзя? Нарыс “Мінск аўтарства знакамітага паэта Уладзіслава Сыракомлі, надрукаваны ў часопісе “Teka Wilenska (№1–2 за 1857 год), дае адказ на гэта і яшчэ шмат якія пытанні.

(На выяве: Адам Шэмеш. Партрэт Сыракомлі. 1850-я)


Горад меў 23 952 жыхары, шляхты — 584, чыноўніцтва — 178, вайскоўцаў — 1 681, духавенства праваслаўнага — 20, каталіцкага — 52. Паводле веравызнання дамінавалі іудзеі — 13 873, затым каталікі — 7 411 і праваслаўныя — 3 547, было каля 300 магаметан і 38 пратэстантаў… Ні памеры, ні суадносіны сацыяльных і канфесіянальных груп ніяк не нагадвалі сучасны Мінск ХХІ стагоддзя. Як і інтэнсіўнасць мастацкага і культурнага жыцця, якая была не надта напружанай. Сёння адукаваны мінчук сярод мастакоў горада таго часу прыгадае Валенція Ваньковіча — у цэнтры горада стаіць яго музей, і Яна Дамеля. Між тым вядомасць апошніх — у значнай ступені заслуга Адама Шэмеша (1808–1864), які пакінуў некалькі нарысаў пра сучаснікаў. І выступіў суаўтарам Сыракомлі ў нарысе “Мінск. Сам жа застаўся амаль невядомы.

Рысы біяграфіі

Адам нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям’і маршалка Ігуменскага павета Казіміра Шэмеша і Евы Вендорф, якія валодалі маёнткам Барацічы каля Ігумена (сёння — Чэрвень). “У вялікім, нязграбным старым доме з высокім дахам, са сценамі, счарнелымі ад часу, які, аднак, з-за гасціннасці гаспадароў быў заўсёды прыемны і вясёлы, — так піша ва ўспамінах Ева Фелінская, будучая цешча мастака. Клопатам бацькоў Адам трапіў у Віленскі універсітэт, дзе ў сярэдзіне 1820-х атрымаў ступень магістра філасофіі. Але захапленне мастацтвам прывяло яго на мастацкі факультэт да прафесара жывапісу акурат перад самым закрыццём універсітэта. Віленскі перыяд жыцця Шэмеша складаўся шчасліва.

Мінскі кнігагандляр і біёграф Манюшкі Аляксандр Валіцкі ў нарысе “Крышталевіч, прысвечаным віленскаму дзіваку-бадзягу і паэту, у якім адным з герояў з’яўляецца сябар Крышталевіча Шэмеш, піша: “У той час Шэмеш быў яшчэ багаты, і сэрца, як і кішэню, трымаў для сяброў расчыненымі. Сяброўскія вечарыны, спаборніцтвы ў пісанні вершаў — усё як у звычайнай студэнцкай моладзі.

Жыццё ў Мінску, дзе, вандруючы паміж бацькоўскай сядзібай і горадам, Шэмеш правёў два перыяды — 1831–1842 і 1846–1852, сталася не настолькі шчаслівым. Прафесійна працаваць у Мінскай гімназіі, выкладаючы малюнак, альбо зарабляць выкананнем дэкарацый для тэатра ў першыя мінскія гады Шэмешу не выпала. Ён задавальняўся нязначнымі заробкамі на чыноўнай пасадзе і эпізадычнымі замовамі: выкананне партрэтаў мінскага бамонду, маляванне рэлігійных кампазіцый.

У 1842–1846 гадах быў змушаны выезд у Харкаў, а далей, па дазволе з Пецярбургу — у Саратаў, дзе ў ссылцы знаходзілася цешча мастака Ева Фелінская. Фелінская была пакараная за ўдзел у адным з гурткоў, арганізаваных Шыманам Канарскім для падрыхтоўкі чарговага антыцарскага паўстання. Шэмеш — высланы як недабранадзейны грамадзянін. У Саратаве ён працаваў як партрэтыст, пісаў гістарычныя кампазіцыі, для мясцовага касцёла — вобраз Хрыста ў цярновым вянку. Твар Хрыста ён намаляваў са сваёй цяжарнай жонкі — і цярновы вянок зрабіўся нядобрым знакам. Нарадзіўшы Адаму першынца, Паўліна Фелінская, яго 22-гадовая жонка, памерла.

Празаічны Мінск

Шэмеш “лёгка валодаў пяром, прыносячы мастацтву большую карысць як крытык (так піша Вінцэнт Смакоўскі ў нарысе пра Ваньковіча, надрукаваным у 1845 годзе). Ужо ў першы мінскі перыяд, а затым у Херсоне і Саратаве, Шэмеш зрабіў першыя крокі ў стварэнні летапісу сучаснага мастацкага жыцця.

У 1830-я Шэмеш пазнаёміўся з Янам Дамелем, мастаком, упершыню ацэненым менавіта ў біяграфічным эсэ Адама (публікацыя ў віленскім часопісе “Athenaeum у 1842). І тут Шэмеш раптам шчыра выказваецца пра цяжкую атмасферу тыповага губернскага горада Расіі, у які ператвараўся Мінск. Гэтага няма ў старонках, прысвечаных апісанню мінскіх старажытнасцяў, храмаў, помнікаў у сумесным з Сыракомлем нарысе. Але ў эсэ пра Дамеля, пішучы пра ўмовы працы мастака ў родным горадзе, Шэмеш вельмі крытычны. “Якая сіла волі, якая закаханасць у мастацтва патрабаваліся, каб застацца верным сваёй справе, працягнуць самаўдасканальвацца ў такім антыэстэтычным, празаічным месцы, якім з-за абыякавасці жыхароў да любой працы душы, да якой бы то ні было прыгажосці, з-за недахопу неабходнай мастаку дапамогі (анатамічныя фігуры, антычныя злепкі, добрыя карціны) — з’яўляецца Мінск.

Ян Дамель. Адступленне французаў праз Вільню ў 1812. 1810-я.


Адзін даследчык культуры былой Рэчы Паспалітай у ХІХ стагоддзя заўважыў: калі раней мастакі “знаходзіліся на службе караля або магнатаў і былі іх “пенсіянерамі, цяпер яны зрабіліся прадстаўнікамі вольных прафесій ці займалі пасады дзяржаўных службоўцаў. Поспех залежаў ад інтэнсіўнасці мастацкага жыцця, а ў 25-тысячным Мінску яго падтрымлівалі толькі асобныя аматары-калекцыянеры. Такія, як губернскі сакратар Юры Кабылінскі, стваральнік вялікага прыватнага музея: ён дапамог Дамелю прыдбаць дом і майстэрню ў Мінску. Але такіх былі адзінкі.

План ратавання мастацтва

Пра якія спосабы пераадолення апатыі на мастацкім рынку выказваўся Шэмеш? Паводле слоў літаратурнага крытыка Міхала Грабоўскага, мастак меў ідэю ўласнага праекта. Ён марыў “адкрыць пастаянную выставу карцін пад апекаю аднаго альбо некалькіх аматараў мастацтва… дзе кожны мог бы бясплатна, альбо за невялікі кошт бачыць работы мастакоў нашага краю… і каб пра гэтыя выставы з’яўляліся справаздачы ў “Атэнэуме.

Злабадзённы план, калі ўлічыць, што Віленскі універсітэт — адзіны, дзе з 1818 года ладзіліся выставы ў краі, — быў зачынены, а сучасныя дзеячы культуры, Ю. Крашэўскі, А. Кіркор, В. Смакоўскі з артыкуламі пра мастацтва выступалі эпізадычна. Насуперак перасцярогам аб “празаічнасці Мінска, горадам, дзе можна рабіць экспазіцыі сучаснага мастацтва, Шэмеш называе менавіта яго, “паколькі тут збіраецца даволі значнае грамадства. Захапленне гісторыяй роднага горада, знаёмства з яго лепшымі людзьмі, неабыякавае стаўленне да яго, прывязвалі мастака да Мінска.

Язэп Драздовіч. Від на Высокі Рынак з Траецкай гары. 1919 г.


У палеміцы на старонках польскамоўных часопісаў у 1844–1845 гадах, у якой бралі ўдзел Шэмеш, Крашэўскі, Грабоўскі, Смакоўскі, не было адзінства наконт месца і сацыяльнага асяроддзя, якія б прапанавалі спрыяльныя для ўздыму мастацтва ўмовы. Грабоўскі сцвярджаў, што “ніводзін горад у нас не мае ўмоў зрабіцца калыскай нацыянальнага мастацтва, хутчэй наадварот, правінцыя, пастаянны прытулак больш культурнага і заможнага класа, можа даць мастакам больш матэрыяльных пераваг.

Шэмеш пагаджаўся з гэтым са скрухай, адзначаючы недахоп праяў мастацкіх патрэбаў: “Нецікавая, шэрая новая архітэктура гарадоў і вёсак, паркавае мастацтва, што занепадае, абыякавасць да знешняй формы і… апатыя таго пачуцця, якое магло б адраджаць і падтрымліваць пластычнае мастацтва…

Фактычна ўдзельнікі дыскусіі 1840-х гадоў заклікалі да падтрымкі творцаў, якія цярпелі ад недастатковага разумення.

Рамантык і рэаліст

Якую праграму развіцця нацыянальнага мастацтва ўяўляў сабе Шэмеш? Яна вынікала з яго творчага крэда. Графік Антоні Залескі ў надрукаваным у 1864 годзе некралозе назваў Шэмеша “літоўскім Авербекам. Паказальнае параўнанне з адным з вядучых жывапісцаў “назарэйскай школы ў Рыме немцам Фрыдрыхам Авербекам, які вяртаў у еўрапейскае мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя рэлігійны дух, наследуючы ўзоры жывапісу ранняга італьянскага Рэнесансу.

Фрыдрых Авербек. Марыя і Лізавета. 1825. Гэта ўзор жывапісу «назарэйскай» школы,
ідэал прапагандаванай Шэмешам рэлігійнасці ў мастацтве


Ва ўспамінах пра віленскую школу, дасланых у “Атэнэум (1844) з саратаўскай ссылкі, Шэмеш выказвае падобную пазіцыю і крытыкуе сваіх сучаснікаў-мастакоў за страту “чыстасардэчнай рэлігійнасці, празаізм творчасці. Тэасофская пазіцыя збліжае Шэмеша з крытыкам Міхалам Грабоўскім (1804–1863). Падобна як Шэмеш, той бачыў у рэлігійным аспекце творчасці залог маральна-этычнага і прафесійнага прагрэсу. Шэмеша і Грабоўскага яднала перакананне, што адраджэнню вялікага мастацтва ў краі павінна служыць абуджэнне інтарэсу мастакоў і літаратараў да гістарычнай спадчыны народа, да выдатных, павучальных сюжэтаў мінуўшчыны. Невыпадкова Грабоўскі як літаратурны крытык быў першаадкрывальнікам раманаў Вальтэра Скота для польскамоўнага чытача.

Імкнучыся падтрымаць цікаўнасць Шэмеша да нацыянальнай гісторыі, напачатку 1840-х Грабоўскі знайшоў для яго замову на 2 карціны з сюжэтамі часоў Яна ІІІ Сабескага. Шэмеш у эсэ пра віленскую школу ясна фармулюе праграму будучага росквіту нацыянальнага мастацтва. У нас ёсць, піша ён, “прыгожыя азёры, зялёныя даліны, вялікія лясы, чароўныя месцы і над Нёманам, і ў Інфлянтах, і ля Трокаў, і ў Падоліі; вясковы люд з жывапіснымі і разнастайнымі народнымі ўборамі; ёсць гісторыя, поўная ўзвышаных і на дзіва прыгожых эпізодаў, здольных захапіць мастака… Ёсць і каталіцкая вера, якая дапамагла ўздыму мастацтва ў Італіі, сярэднявечнай і сучаснай Германіі.


Плошча Свабоды ў Мінску. Акварэль 1 паловы ХІХ ст.

Плошча Высокага рынка ў Мінску, пач. ХІХ ст. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах У.Дзянісава.


Рамантычная ідэалізацыя народнага духу і гістарычнага мінулага, дапоўненая надзеямі на рэлігійнае адраджэнне, ставіць Шэмеша поруч з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам і асабліва Юзафам Крашэўскім. З апошнім, які кіраваў “Атэнэумам у 1841–1851 гадах, у Шэмеша склаліся сяброўскія адносіны. Тады і з’явіліся ў друку эсэ пра Дамеля і віленскую школу. Глыбока захапляўся Шэмеш паэзіяй Міцкевіча, выканаўшы незахаваныя да сёння палотны “Смерць Робака, сцэну з “Пана Тадэвуша і жывапісныя ілюстрацыі да “Конрада Валенрода.

Хаця Шэмеш-тэарэтык — відавочны рамантык, пішучы пра Дамеля і іншых сучаснікаў, — ён выглядае свядомым прыхільнікам рэалістычнага стылю. У штудыях да “Адступлення французаў праз Вільню Дамеля, Шэмеш зачараваўся дакладным малюнкам.

Па вяртанні ў Мінск, у другі мінскі перыяд (1846–1852) літаратурна-эсэістычны талент Шэмеша раскрыўся не толькі ў супрацоўніцтве з Сыракомлем над нарысам “Мінск. Яшчэ была супраца з Дуніным-Марцінкевічам і Манюшкам, дэкарацыі для першай пастаноўкі “Сялянкі (“Ідыліі) у 1852 годзе. Недарма ў “імправізацыі Сыракомлі “У коле знаёмых у Мінску наш герой прыгаданы як “адзін з самых высакародных людзей. Дэкарацыі спектакля не захаваліся, але збярогся тагачасны, поўны ўзнёсласці, вобраз Сыракомлі, адлюстраваны Шэмешам.

Шэмеш выявіў сябе як таленавіты мастак, але болей — як грунтоўны крытык мастацтва, які бачыў неабходнасць развіцця нацыянальнай школы на глебе звароту да нацыянальных каранёў. І прафесійнай мастацкай адукацыі і працы, разам з арганізацыяй мастацкага жыцця. Мастацкія выставы, пра якія ён марыў, прыйшлі ў Мінск толькі ў 1890-я гады.

Каментаваць