Адгрымела "Навальніца"...

Ашаламляльны поспех у мінулым годзе - і яўныя намёкі на правал у гэтым... Мабыць, толькі арганізатарам вядома, колькі насамрэч людзей наведала буйнейшы музычна-забаўляльны фэст, спаборніцтва піратэхнікаў еўрапейскага ўзроўню - "Навальніцу-2010".

Асмелімся выказаць наступнае меркаванне: прыкладна ў дзесяць разоў менш, чым у жніўні 2009 году. А можа, мы і памыляемся: дакладна палічыць людзей у прасторным лесапарку Сілічаў было не так проста. Прынамсі, каля сцэны замест шчыльнага натоўпу туліліся адзін да другога асобныя парасонікі...



Ашаламляльны поспех у мінулым годзе - і яўныя намёкі на правал у гэтым... Мабыць, толькі арганізатарам вядома, колькі насамрэч людзей наведала буйнейшы музычна-забаўляльны фэст, спаборніцтва піратэхнікаў еўрапейскага ўзроўню - "Навальніцу-2010".

Асмелімся выказаць наступнае меркаванне: прыкладна ў дзесяць разоў менш, чым у жніўні 2009 году. А можа, мы і памыляемся: дакладна палічыць людзей у прасторным лесапарку Сілічаў было не так проста. Прынамсі, каля сцэны замест шчыльнага натоўпу туліліся адзін да другога асобныя парасонікі...

Што сталася прычынай - надвор'е, арганізацыя, рэклама? Відаць, як заўсёды, сукупнасць негатыўных фактараў. Былі людзі, што пабаяліся ехаць, каб не паўтараць мінулагодні вопыт - траса, пад вечар "закаркаваная" пяцікіламетровай чаргой аўтамабіляў, нешматлікія і не надта камфортныя мікрааўтобусы тыпу "Багдан"... Каб зняць мінулагодні сіндром прэс-служба фэста старанна пераконвала: маўляў, ДАІ будзе на гэты раз звышстараннай, аўтастаянка - вялікай і зручнай, жоўценькія "Багданы" - шматлікімі, нібы пчолы ў раі... У прынцыпе, гэтыя абяцанні былі выкананыя. Ні чэргаў, ні затораў, ні затрымак. Прыехала і МЧС, каб не дапусціць пажару пад час выступлення вогненнага тэатру. Суворыя хлопцы з брандспойтамі глядзеліся трохі камічна пад дажджом, які не даў разысціся на поўную моц нават самім факірам.

Папярэджвалі нас і пра надвор'е. Казалі, што на якасці феерверкаў гэта ніяк не адаб'ецца. і сапраўды, імжа ды воблачнасць нават у пэўным сэнсе адцянілі прыгажосць вогненных кветак, а тых, хто не спалохаўся метэаўмоваў, ратавалі гарачая кава і дажджавікі. Вядома, смелых было б яшчэ больш, калі б у людзей была надзея, на ўскрайні выпадак, зайсці пагрэцца ў якую кавярню або рэстарацыю. Аднак гучныя словы пра развіццё турыстычнай інфраструктуры зусім не азначаюць, нібы ў Сілічах яна сапраўды развітая. Кіёскі ды намёты з часам сыраватымі шашлыкамі – і, дарэчы, ніякага алкаголю. Яно, можа, і добра для здароўя нацыі – калі толькі гэтае самае здароўе дазволіць вам правесці пяць гадзінаў на адкрытай пляцоўцы пад дажджом.



І ўрэшце, музыка. Хэдлайнерамі лічыліся “Бі-2. Другі калектыў, легендарны “Акварыюм, нават не быў пазначаны на некаторых афішах. У рэальнасці ж Шура ды Лёва так і не выклаліся на сто адсоткаў. Нешматлікія новыя песні былі сапраўды душэўныя, але старыя хіты, якіх была большасць, часам гучалі так, нібы музыкам ужо надакучыла іх выконваць. З камандай быў вядомы флейтыст Ян Ніколенка, што раней выступаў са “Спліном, а таксама з уласнымі камандамі “Эдыпаў комплекс і “Сеtи. Яго сола выдатна ўпісваліся ў фірмовыя балады “Бі-2, аднак ці варта было завяршаць адну з іх раптоўным пераходам на сцёбную “Smile, motherfucker, smile… – былы хіт гурта “Сеtи? Ад гэтага засталося трохі ніякаватае адчуванне...

Нашмат лепей паказаў сябе Барыс Грабеншчыкоў са сваім калектывам, які на гэты раз уключаў яшчэ і смешнага дзядзьку індыйскага паходжання, вядомага ў Лондане перкусіяніста – Алока Верма. Не спрабуючы здзівіць і без таго адданых слухачоў, Барыс Барысавіч упэўнена прадставіў нешта са старога, нешта з новага, а ў якасці эксклюзіву – стары пацыфісцкі гімн “Поезд в огне, радкі якога вартыя перакладу і на беларускую: “Эта земля была нашей, пока мы не увязли в борьбе. Она умрет, если будет ничьей, - пора вернуть эту землю себе... Не абыйшлося і без цудаў: на песні “Когда взойдет луна дождж скончыўся, і праз прагал у аблоках над сцэнай сапраўды паказаўся месяц.

Дык ці варта было ехаць? Дзеля свайго любімага гурта – вядома. Дзеля цудоўных феерверкаў – тым больш. Можа быць, калі б квіткі на фэст былі хоць крыху таннейшыя, і народу было б даволі. І няхай гэтыя дадатковыя грошы, паводле словаў арганізатараў, пайшлі на выпраўленне памылак мінулага году. Усё адно падобна, што раўнавага паміж коштамі ды затратамі на “Навальніцу пакуль не знойдзена...

 

Каментаваць