Адкрылася выстава аб’яднання «Верасень»

29 жніўня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава творчага аб’яднання «Верасень» Беларускага саюза мастакоў.



На адкрыцці выставы. Фота Марата Гаравога


Як адзначае мастацтвазнаўца Марына Эрэнбург, за 24 гады існавання аб’яднання яно адзінаццаты раз экспануе творчасць сваіх сяброў. Ядро «Верасню» складаюць мастакі, якія сфармаваліся ў перыяд росквіту беларускай рэалістычнай школы. Яны працавалі, у асноўным, у станковай і кніжнай графіцы, выявілі сябе як сталыя майстры з яркай творчай індывідуальнасцю і высокай графічнай культурай. Сярод іх — Сяргей Волкаў, Пятро Дурчын, Георгій Паплаўскі, Наталля Паплаўская, Юрый Зайцаў, Яўген Жылін, Віктар Кліменка, Мікола Казлоў, Iрына Лобан, Леанід Марчанка, Міхаіл Міронаў, Уладзімір Пашчасцеў, Мікола Рыжыкаў і  Наталля Сустава.

Мастацкая мова і стылістыка, тэматыка і тэхніка  сяброў  аб'яднання вельмі разнастайныя (ад рэалізму і імпрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі), аднак грунтуюцца на агульных прынцыпах творчасці — маральнай і эстэтычнай каштоўнасцях мастацтва, высокай значнасці індывідуальнага творчага пачатку, імкненні захаваць адмысловы "свет мастака". Можна сказаць, што ў "Верасні" пазбіралісь мастакі, якія вызнаюць рамантызм у самых розных яго праявах. Яны ўвабралі  рэалістычны пафас і рамантычную эмацыйнасць 1960-1980-х гадоў, імкнуцца да лірычных сюжэтаў і вобразных рашэнняў, да літаратурных і культурных асацыяцый.

Пры цяперашняй папулярнасці ў мастацтве друкаваных тэхнік сябры аб’яднання адданыя самаробнай графіцы: алоўку, пяру і акварэлі, што захоўваюць жывы рух рукі мастака. Адной з улюбёных  тэхнік застаецца акварэль,  прадстаўленая ў экспазіцыі ва ўсёй сваёй разнастайнасці: ад традыцыйнай вольнай трансфармацыі натурных матываў і архітэктурнага пейзажа да лірычнай недаказанасці выяў. Мастакі сярэдняга пакалення, якія працуюць  у станковых  графіцы і  жывапісу, не парываючы з традыцыйнай маляўнічасцю, большую ўвагу надаюць пошукам у вобласці сучаснай мастацкай мовы — умоўнай трансфармацыі формаў, фактуры і дэкаратыўнасці.

Нягледзячы на тое, што менавіта графіка з'яўляецца прыярытэтам для большасці сяброў аб'яднання, яны не меней паспяхова рэалізуюць сябе ў дызайне, сцэнічным касцюме, сцэнаграфіі, мультыплікацыі і станковым жывапісу, а таксама ў педагогіцы.

У аб’яднання склаўся свой падыход да выстаў. Кожны мастак прадстаўлены некалькімі творамі; невялікія персанальныя экспазіцыі прысвечаны творчасці мастакоў, якія адзначаюць круглыя даты (сёлета — Юрый Зайцаў, Кацярына Паплаўская, Барыс Цітовіч і Яўген Саковіч); дэманструецца спадчына калег, якія пайшлі з жыцця (Мікола Рыжыкаў). Акрамя таго, «Верасень» адкрыты для маладых мастакоў — да ўдзелу ў выставе былі запрошаны сябры моладзевай секцыі БСМ — кандыдаты на ўступ у аб'яднанне, у тым ліку цікавы графік Усевалад Швайба.

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца назваў выставу «вельмі добрай, чыстай, светлай, прыгожай, інтэлігентнай і шляхетнай, дзе пануе гармонія і свята, а значыць — жыве Бог».

Выстава працуе па 18 верасня.

Фота з выставы Марата Гаравога

 

Ірына Лобан «У пошуках персанажа»

 

Усевалад Швайба «Вянчанне»

 

Юрый Зайцаў «Выкраданне Марыі Шарапавай з Беларусі»

 

Уладзімір Пашчасцеў «Раніца»

 

.

Уладзімір Шнарэвіч «Кузьня Гефеста»

 

Кацярына Паплаўская «Дахі Несебра» 

 

Наталля Марчанка «Цюльпаны і гранаты»

 

.

Наталля Паплаўская «Папялушка»

Каментаваць