Адкрылася выстава арт-студыі «Wostrau» з нагоды яе 20-годдзя

Вечарам 12 чэрвеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, адкрылася выстава арт-студыі “Востраў” Нацыянальнага цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (НЦМТДМ).



Арганізатары выставы назвалі яе “Штучны адбор” і прысвяцілі 20-годдзю студыі выяўленчага мастацтва “Востраў”, што была створаная мастаком Юрыем Івановым у 1993 годзе ў былым Рэспубліканскім палацы піянераў і школьнікаў – сённяшнім НЦМДМ. У экспазіцыі дэманструецца калекцыя дзіцячых мастацкіх прац, што створаны выхаванцамі студыі за 20 гадоў і адлюстроўзваюць асаблівасці дзіцячага погляда на свет ва ўзамаедзеянні з мастацкімі каштоўнасцямі і педагагічнымі прынцыпамі выхавання ў гэтым калектыве.
 
 
На сустрэчу з педагогамі студыі сабраліся яе выхаванцы і іх бацькі. Як адзначыў Юрый Іваноў, на працягу двух дзесяцігоддзяў тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак беглі ў сваю студыяю выяўленчага мастацтва, каб наталіць прагу творчасці і засведчыць сваю прысутнасць у часе на чыстай паверхні ліста. На ягоную думку, прычынамі поспеху працы студыі з’яўляюцца партнёрскія сямейныя адносіны ўзаемнай павагі і свабода творчага самавыяўлення, што пануюць у “Востраве”. Праца ў студыі не дазваляе дзецям здзічэць і пераўтварыцца ў бясплодную расліну, а наадварот – далучае хлопчыкаў і дзяўчынак да вялікіх творчых здабыткаў нацыянальнай і сусветнай мастацкіх культур, падкрэсліў Юрый Іваноў.
 
 
Вялікую цікавасць у удзельнікаў адкрыцця экспазіцыі выклікала інсцэніроўка фрагмента дзіцячай кніжкі сусветна вядомай шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн “Малыш і Карлсан, які жыве на даху”, прысвечаная цёпламу сяброўству “адзінага ў свеце чалавека з маторам” Карлсана і Малыша. Перад вачамі наведвальнікаў музею выхаванцы НЦДТДМ паказалі цкаванне Карлсана з боку хатняй работніцы ў сям’і Малыша Хільдур Бок, якую Карлсан празваў “Хатняй мучыцелькай”, а таксама яе сястры Фрыды і іхніх злых сябровак. Усе разам з крыкамі і абразамі ў адрас Карлсана яны ганяліся за ім па прасторы выставачнай залы, шпурлялі ў гэтага сімпатычнага і добрага героя казкі Ліндгрэн выбівалкамі, урэшце заставілі яго пакінуць музей праз вакно і нават на вуліцы не давалі спакою гэтаму “прыгожаму, разумнаму і ў меру сытаму мужчыне ў самым росквіце сілаў”…
 
 
Выстава працуе па 21 чэрвеня.

Каментаваць