Адкрылася выстава «Беларусы ў свеце»

25 ліпеня ў Мінску, у Інстытуце культуры Беларусі адкрылася выстава «Беларусы ў свеце» — заключны акорд VI з’езду беларусаў свету.



Сасна ў ячменным полі, Вячка Целеш


Першая частка экспазіцыі складаецца з прац аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (Рыга, Латвія): 12 мастакоў аб’яднання прадставілі свае графічныя і жывапісныя творы, у тым ліку экслібрысы, краявіды і тэматычныя працы, прысвечаныя гістарычнай і прыроднай спадчыне Бацькаўшчыны.

Другая частка выставы — экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, якія раней уваходзілі ў калекцыю музея «Беларусы ў свеце» Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтру імя Францішка Скарыны (ННАЦ), створанага па ініцыятыве вядомага дзеяча беларускай навукі і культуры, доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса. Дэманструюцца кнігі з дарчымі надпісамі, арыгінальныя фотаздымкі і афішы, творы выяўленчага і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, у тым ліку графіка, жывапіс, скульптура і беларускія нацыянальныя строі. Прычым усе гэтыя экспанаты адлюстроўваюць жыццё беларусаў замежжа.    

Адам Мальдзіс і Ала Сташкевіч

 

Як адзначыла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны інстытута Ала Сташкевіч, на пачатку 2000-х гадоў ННАЦ быў расфарміраваны і выдатная калекцыя яго музея аказалася раскіданай па розных ведамствах. «Паколькі інстытут пазіцыянуе сябе не толькі як адукацыйную і навукова-даследчую ўстанову, але і як культурны цэнтр, мы плануем вярнуць здабыткі скарынаўскага цэнтру і калекцыю яго музея дыяспары. Вось чаму мы лічым сённяшнюю выставу пачаткам такой працы», — сказала  Ала Сташкевіч.

Супрацоўнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны інстытута Адам Мальдзіс распавёў, што музей «Беларусы ў свеце» быў створаны 20 гадоў таму падчас I з’езду беларусаў свету. Пасля таго, як ННАЦ перастаў існаваць і быў далучаны да Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка без перадачы маёмасці адпаведным актам, былі страчаны чатыры самыя каштоўныя рэчы, у тым ліку невялікая, але найбольш запатрабаваная карціна вядомага ў Еўропе мастака Яна Кузьміцкага, які жыў і мабуць да гэтай пары жыве  ў Швецыі. «Гэтыя творы мы будзем шукаць хутчэй за ўсё праз пракуратуру і Інтэрпол», — падкрэсліў Адам Мальдзіс.    

Вячка Целеш

Стваральнік і нязменны старшыня аб’яднання «Маю гонар» Вячка Целеш распавёў, што суполка была створаная ў 1991 годзе на апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння разам з беларускай школай і беларускай студыяй. Паводле ягоных слоў, за перыяд пасля I з'езду беларусаў свету, калі ў мінскім Палацы мастацтва адбылася I выстава беларусаў свету «Жыве Беларусь» і многія прадстаўленыя на ёй творы былі закуплены беларускай дзяржавай, яе стаўленне да беларусаў замежжа стала больш халаднаватым. Нягледзячы на гэта, Вячка Целеш падараваў дэманструемыя творы Нацыянальнаму гістарычнаму музею для экспанавання ў Інстытуце культуры Беларусі.  

Фота Марата Гаравога

Графіка Вячкі Целеша

 

 

Экслібрысы Вячкі Целеша

Князь Полацкі Вячка, Вячка Целеш

 

Стары Вільнюс,  Алена Раманенка

 

Адыходзячая Беларусь (закінуты хлеў на Палессі), Уладзімір Кіркевіч

 

 

 

 

 

Экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея

Каментаваць