Адкрылася выстава мастака Мікалая Дубровы

28 сакавіка ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава мастака з Мазыра (Гомельская вобласць) Мікалая Дубровы. На выставе дэманструецца каля 50 твораў Мікалая Дубровы розных гадоў. Сярод іх — палескія краявіды, нацюрморты, тэматычныя кампазіцыі, замалёўкі старажытнага Мазыра і партрэты землякоў.



Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, Мікалай Дуброва — асоба вельмі каларытная і прыкметная сярод беларускіх жывапісцаў і графікаў. “Ён ведае сваю мэту, вельмі дакладны і настойлівы ў выкананні пастаўленых задач. І гэта дае значны плён як у творчасці, так і ў педагагічнай працы. Шчырасць і сумленнасць у жыцці і мастацтве прынеслі яму глыбокую павагу на Бацькаўшчыне і ў шырокім свеце. Прадстаўляючы сваіх вучняў на шматлікіх замежных выставах і конкурсах, мастак тым самым годна прэзентуе нашу краіну, пра што сведчаць больш за паўсотні дыпломаў і медалёў прэстыжных форумаў дзіцячай творчасці.

Творам аўтара ўласцівы асноўныя якасці беларускай школы пейзажу. Цудоўныя каларыстычныя рашенні і прафесійнае валоданне кампазіцыяй дазваляюць Мікалаю Дуброве ствараць дакладныя “партрэты“ роднай зямлі. Мастак шмат часу аддае назіранню за прыродай, што разам з яго ўважлівасцю дае добры вынік”, — сказаў Сітніца.

Сам мастак так фармулюе сваё творчае крэда: “Я імкнуся стварыць на палатне спакойна-велічны, наводзячы на імгненныя адчуванні вечнага выдатны вобраз роднай Палескай зямлі і яе чалавека. Светаадчуванне маё, блізкае да сузіральнасці, напоўненае працай душы, не стамляецца бачыць прыгожае ў звычайным”.

Мікалай Дуброва нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна, скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя Канстанціна Савіцкага і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў графіцы і станковым жывапісу, выстаўляецца з 1978 года, сябра Беларускага саюза мастакоў (БСМ) з 1988 года. Творы Дубровы знаходзяцца ў фондах БСМ, Нацыянальным мастацкім музеі і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), мастацкіх музеях і галерэях Беларусі, Расіі і Украіны.

Выстава працуе да 16 красавіка.

Каментаваць