Адкрылася выстава "Старонкі гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў"

"Старонкі гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў" — выстава з такой назвай адкрылася 28 лютага ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыяльнай акадэміі навук Беларусі.



Фота Марата Гаравога


У экспазіцыі, падрыхтаванай аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі сумесна з Польскім інстытутам у Мінску, прадстаўлена больш за 100 друкаваных і рукапісных дакументаў XIX–XXI стагоддзяў з фондаў ЦНБ. Гэта апісанні ваенных дзеянняў, зборнікі справаводчых матэрыялаў і публіцыстыкі, мемуары, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў.

Экспанаты адлюстроўваюць цікавасць да нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя на працягу яго 150-гадовай гісторыі і неадназначнасць ацэнкі сэнсу падзеі ў розныя часы рознымі асобамі: ад “бунту польскіх паноў і ксяндзоў за аднаўленне Польшчы (Рэчы Паспалітай)” да праявы “беларускага нацыянальна-вызваленчага руху”.

Упершыню ў бібліятэцы выстаўлены арыгінальны дакумент 150-гадовай даўніны — “Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками”. У гэтым рукапісе змешчаны звесткі аб падаўленні паўстання на тэрыторыі Люблінскай губерні з 12 снежня 1863 па 1 верасня 1864 гадоў.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць друкаваныя выданні XIX стагоддзя, якія змяшчаюць творы сучаснікаў падзей: польскіх грамадска-палітычных дзеячаў і расійскіх дарэвалючыйных даследчыкаў.

Наведвальнікі выставы змогуць зазірнуць у творчую лабараторыю беларускіх даследчыкаў, уявіць атмасферу працы над тэмай паўстання. У экспазіцыі — рукапісы і машынапісы 1933–1979 гадоў (канспекты, вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў) з асабістых збораў гісторыкаў Адама Станкевіча і Мікалая Улашчыка, а таксама пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Фота Марата Гаравога

Каментаваць