Адкрылася выстава твораў маладых польскіх мастакоў

Вечарам 25 чэрвеня ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава студэнтаў мастацкіх акадэмій Польшчы.



Выстава маладых польскіх мастакоў. Фота Марата Гаравога


У экспазіцыі пад назвай «Прынт-скрын-прынт» — працы студэнтаў майстэрні шоўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах (куратары прафэсар Вальдэмар Вэнгжын і кандыдат навук Дарота Новак-Радзіньска) і майстэрні лічбавай візуалізацыі на кафедры графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве (куратары Вальдэмар Вэнгжын і магістр Якуб Скочэк). 

Як адзначыла дырэктар музея Наталля Шаранговіч, выстава не толькі адлюстроўвае высокі ўзровень работ студэнтаў вядучых польскіх мастацкіх ВНУ, але і з’яўляецца адметнай з’явай у мастацкім жыцці краіны. Паводле яе слоў, экспазіцыю аб’ядноўвае маладое мастацкае мысленне і адзіны куратар, які падтрымлівае індывідуалізм, ініцыятыву і самастойнасць мыслення, надае вялікую ролі тэхніцы выканання і галоўнай ідэі праекту, якая ў канчатковым выглядзе мае форму вытанчанай метафар. Мастацтвазнаўца выказала ўпэўненасць, што гэтую метафару разгадаюць беларускія гледачы, і прадставіла новапрызначанага дырэктара Інстытута польскага ў Мінску Уршулю Дарашэўску.

Злева направа: Вальдэмар Вэнгжын, Дарота Новак-Радзіньска і Уршуля Дарашэўска

 

Спадарыня Дарашэўска выказала падзяку кіраўніцтву музея і беларускім дзеячам культуры за вельмі цеснае супрацоўніцтва з Польскім інстытутам, а таксама адзначыла, што ў наступным годзе інстытут будзе святкаваць сваё 20-годдзе разам з беларускімі сябрамі.  

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, вядомы беларускі графік  Рыгор Сітніца выказаў упэўненасць у развіцці супрацоўніцтва з Польскім інстытутам, бо лепшая дыпламатыя — гэта мастацтва, і там, дзе не знаходзяць паразуменне палітыкі, вельмі хутка сябруюць дзеячы культуры. «Так і павінна быць, бо нармальныя людзі мусяць кантактаваць і радаваць адзін аднаго тым, што яны ўмеюць. І сёння мы разам з беларускімі мастакамі і студэнтамі шчыра радуемся таму, што ўмеюць польскія студэнты і іх настаўнікі», — сказаў Рыгор Сітніца..  

Прафесар Вальдэмар Вэнгжын паведаміў, што экспазіцыя — вольнае выказванне на розныя тэмы студэнтаў, якія працуюць у дзвюх майстэрнях.

Фота Марата Гаравога

Каментаваць