Адкрыліся Дні культуры Ізраілю ў Беларусі

Вечарам 20 красавіка ў Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыліся Дні ізраільскай культуры ў Беларусі.

Этгар Керэт


Цэнтральнай часткай гэтая падзеі з’яўляецца прэзентацыя кнігі культавага ізраільскага пісьменніка і кінасцэнарыста Этгара Керэта «Сем добрых гадоў» у перакладзе з іўрыта і ангельскай на беларускую Сяргея Шупы. У гэтай кнізе, што выйшла ў сталічным выдавецтве «Логвінаў»,  — асобныя цікавыя сумныя і неверагодныя гісторыі з перыяду ў сем гадоў жыцця аўтара — ад нараджэння сына да смерці бацькі, які родам з Баранавічаў у Берасцейшчыне.

 

І гэта тое важнейшае, што звязвае Этгара Керэта з Беларуссю. Яго творчасць, перакладзеная больш чым на 40 моваў свету, ужо знаёмая беларускім чытачам — 9 гадоў таму ў Мінску выйшаў зборнік апавяданняў гэтага папулярнага ізраільскага пісьменніка «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам» у перакладзе Паўла Касьцюкевіча. Гэта была першая кніга сучаснага ізраільскага літаратара ў беларускамоўнай версіі.

 

У праграму дзён, якія працягнуцца да канца траўня, увайшлі прэзентацыя кнігі Этгара Керэта «Сем добрых гадоў» у сталічнай галерэі «Ў», ягоныя лекцыі для студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту і для ўсіх ахвочых у галерэі «Ў» пра тое, як напісаць кароткае апавяданне, а таксама прэзентацыі стужкі выбітнага ізраільскага літаратара «Медузы» у Мінску і Берасці. Апроч таго, у Віцебску будзе паказана выстава ізраільскага фотамайстры Густавы Сагорскага, а ў Берасце — выстава ілюстрацый да дзіцячых кніжак Ліоры Гросман.

 

Часовы павераны Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Юлія Рачынская-Співакова выказала падзяку кіраўніцтву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі за мажлівасць адкрыць Дні ізраільскай культуры менавіта ў будынку НББ, а выдавецтву «Логвінаў»— за цікавасць да творчасці Этгара Керэта. 

  Юлія Рачынская-Співакова

 

Сяргей Шупа падкрэсліў, што Ізраіль — самая блізкая ў свеце краіна для Беларусі, і нагадаў, што беларуская зямля нарадзіла Дзяржаве Ізраіль трох прэзідэнтаў і рух за вяртанне народу гэтай біблейскай краіны ягонай старажытнай мовы іўрыт, на пачатку мінулага стагоддзя габрэі складалі 53 адсоткі жыхароў Мінску, які быў найбольш  габрэйскім сярод усіх гарадоў Расійскай імперыі, а кольскасць габрэяў сярод жыхароў беларускіх мястэчак (штэтлаў) даходзіла да 100 адсоткаў.

Сяргей Шупа


На думку спадара Сяргея Шупы, адмена візавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларуссю, а таксама працяг працы амбасады Ізраілю ў Мінску даюць спадзвяванне, на тое, што культурны мост па сімвалічнаму вяртанню на Беларусь страчанай багатай габрэйскай спадчыны будзе актыўна пашырацца на карысць народаў абодвух краінаў. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Вольф, "Шах-плюс"
  • 2016-04-21 18:36:03
Дзякуй, цікавa. У бюлетэні "Мы яшчэ тут!" мы друкавалі некаторыя творы Э. Керэта: так, апавяданне "Вожык, які хацеў абрабаваць банк" было змешчана ў перакладзе П. Касцюкевіча яшчэ ў верасні 2006 г. Пазней Керэт - праз пасярэдніцтва П. К. - дапамог у працы над іўрыцкай кніжкай Элі Савікоўскага "El ha-kokhavim" (Мінск, 2009), за што яму шчырая падзяка.
  • ancalot
  • 2016-04-22 15:45:47
дадам. што першыя пераклады пяці апавяданьняў Керэта рыхтаваліся да выданьня ў часопісе Правінцыя яшчэ ў 2003 годзе, але часопіс ня выйшаў і апавяданьні "выйшлі" толькі ў лайвджорнале
  • Вольф
  • 2016-04-23 23:05:05
Здаецца, першай у Беларусі пераклад апавядання Керэта надрукавала "Наша Ніва" ("Мары ўяўнага тэрарыста", у красавіку 2002 г.; тады "НН" яшчэ можна было чытаць...).

Каментаваць