Адпачынак на Радзіме. Кансультацыя непрафесіянала. Частка 2

У Браславе я магу зірнуць у вакно, і ў любую хвіліну ўбачыць водную роўнядзь, што цягнецца да далягляду.


На паверхні возера пастаянна нешта адбываецца — як у фантастычным бясконцым фільме, у ёй адлюстроўваюцца і зорнае начное неба ў зацішнае надвор’е, і дарожка, па якой месяц-гаспадар ажыццяўляе рытуальны абход сваіх зямных уладанняў, і сталёвага колеру ранкі, і заходы амаль што паўночнага сонца ў дні непагадзі, і асляпляльна-люстраныя адбіткі сонечнага ззяння ў ясныя дні...

Узнёслы літаратурны стыль тут больш чым дарэчы.

Кажуць, што не так даўно — крыху больш за сто гадоў таму — усе азёры, што сёння ўваходзяць у склад гэтага запаведніка, былі адным суцэльным водным разлівам, які злучаў дзве наймагутныя ракі: з аднаго боку Нёман, а з другога — Заходнюю Дзвіну. Потым недзе недалёка пабудавалі электрастанцыю — яна цяпер ужо не працуе, але яе плаціна ўсё яшчэ ёсць. З-за гэтага азёры моцна змялелі, вада адышла ад сваіх тагачасных берагоў больш чым на 250 метраў, і цяпер на сярэдзіну самага вялікага з іх у раёне Браслава можна дайсці па дне, — або амаль што так.



Чытайце таксама:

Адпачынак на Радзіме: кансультацыя непрафесіянала. Частка 1


Цяпер некалькі азёраў усё яшчэ злучаныя паміж сабой адной рачулкай-пратокай, якая цудам засталася ад той былой велічы. Нават на лодцы можна самастойна здзейсніць экскурсію і наведаць раскіданыя непадалёк адзін ад аднаго мясцовыя пасёлкі, якія захавалі пабудовы мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Ёсць старадаўнія касцёлы і нават забытыя цэрквачкі, на якія варта зірнуць з-за іх архітэктуры і мясцовага строю.

А яшчэ ў гэтых мясцінах амаль што няма шматпавярховых каменных забудоў для гасцініц, турбаз і дамоў адпачынку. Яны тут і не патрэбныя. І Замкавая гара — на самай справе сёння гэта не самы высокі ў ваколіцах узгорак — бачная з усіх бакоў горада.

А з Замкавай гары можна ўбачыць далёка вакол горада і за ім, але практычна паўсюль, у які бок ні паглядзіш, бачныя адны толькі азёры, апраўленыя ляснымі берагамі.

У гэтых краях надзіва прыгожыя лясы! І разнатраўе! І разнаквецце! І пастаянны пах сунічных палянаў ды лугоў. Менавіта сунічных лугоў у такой колькасці, як тут, я больш не бачыў нідзе і ніколі. Здаецца, што суніцы растуць тут паўсюль. І такі самы пах вісіць у паветры ў гарачыя поўдні.

Сюды не прыязджаюць выхваляцца ўборамі. Тут жанчынам не прынята з’яўляцца з макіяжам і прычоскай. Тут ходзяць у шлёпках. Тут носяць шорты і майкі. А па вечарах з садоў даносіцца пах варыва, на адкрытым агні, на мангалах і барбекюшніцах. І не таму, што няма газавых або электрычных плітаў, а таму, што так смачней і духмяней.

Тут у многіх мясцовых жыхароў ёсць свае лазенкі — чысценькія і акуратненькія, адкуль пад вечар нават у самыя гарачыя дні чуваць, як працуюць бярозавыя і дубовыя венікі, і адкуль можна, якія ёсць — у чым маці нарадзіла, — выскачыць і праз дзясятак метраў кінуць у халаднаватую азёрную ваду свае целы, разгарачаныя натуральнай вясковай парай.

Азёры тут паўсюль. А вакол азёр — лясы. І крыніцы — халодныя, аж зубы ломіць. Таму можна жыць не толькі ў хаце, але і ў намёце. Не дзікуном, не. А ў абдымках у прыроды. Бо, калі табе трэба, і дровы падвязуць, і лаўка прадуктовая пад’едзе, не кажучы ўжо пра тое, што на ровары не так ужо і далёка да бліжэйшай вёсачкі або хутара.



Вудзяць тут практычна ўсе запар, і нават тыя, каму гэта ў прынцыпе не трэба, а патрэбная проста прычына, каб пасядзець з вудай і памаўчаць... І менавіта ў маўчанні і адбываецца яднанне душы са сваёй пра-пра-пра-асновай.

Не варта, па-мойму, называць гэтыя месцы курортам. Калісьці тых, хто прыязджаў сюды на адпачынак, называлі «дачнікамі». Прайшлі тыя часы, насталі іншыя. Але, як і раней, людзі едуць сюды з адной толькі мэтай — забыцца на горад, сысці ў цішыню, апынуцца сярод прыроды, перад якой бессэнсоўна прыкідвацца і строіць з сябе яе гаспадара.

Прыроду немагчыма падпарадкаваць. Яна, калі гэта супярэчыць яе сутнасці, проста перастае быць сабой, быць прыродай. А замяніць яе нечым штучным не атрымалася яшчэ нікому — колькі б ні спрабавалі.

Прырода — яна ці ёсць, ці яе няма. Таму не хочацца, каб якому-небудзь прадпрымальніку ад турызму раптам прыйшло ў галаву, што на гэтым месцы можна зарабіць, змяніўшы яго сутнасць на супрацьлеглую.

Можна ссекчы на вуліцах дрэвы, як гэта ўжо здаралася ў гэтых месцах, на падставе таго, што трэба прыбіраць восенню апалае лісце. Можна знесці старэнькія, але ўсё яшчэ жывыя домікі, якія чамусьці ніяк не хочуць быць падобнымі на сваіх тыпавых безаблічных сучасных родзічаў. Напэўна, усё гэта можна, але ці трэба гэта рабіць!?


У кожным старэнькім браслаўскім доміку ўсё яшчэ адчуваецца нябачная прысутнасць тых, хто іх калісьці пабудаваў і жыў у іх. Гэта не здані. Гэта дух горада, душа гэтай зямлі, яе сутнасць, сэнс і моц.

Тым, каго такі погляд на адпачынак не задавальняе, можна прапанаваць з’ездзіць — на выбар — у Балгарыю або Турцыю, у Егіпет або Тайланд, да прыкладу. Ці, у крайнім выпадку, хоць бы і на Нарач, ці на тое, што ад яе засталося... Хочацца ўрбаністычнага адпачынку — выбар вялікі.

А Браслаў — адзін такі на зямлі. І гэта так не толькі ў той краіне, дзе мне давялося нарадзіцца і жыць. Калі вандруеш па свеце, то часцей за ўсё з замілаваннем глядзіш на рэшткі жывой прыроды толькі на рэкламных буклетах. А калі сутыкаешся з імі твар да твару, то разумееш, наколькі ў малюнках усё перабольшана. Гэта праўда, гэта не выдумка, і не настальгія па жыцці.

І яшчэ — смецце! А дзе яго няма?! Яно ўсюдыіснае. Яно валодае нашым светам, зямлёй, на якой нам усё яшчэ трэба неяк жыць далей. Смецце запоўніла ўсю дасяжную чалавеку прастору. Яно зараз ёсць нават у космасе. Смецце — прыкмета цывілізацыі.

Можна доўга наракаць на смецце і тых, хто яго вырабляе, і рабіць гэта вельмі шчыра і гучна. Але толькі гэта, па-мойму, нічога не зменіць. У Браславе мне распавядалі, што яго жыхары, калі заканчваецца летні сезон, (а ён нядоўгі — усяго і ёсць, што 2–3 месяцы на год), дык вось, самі браслаўчане без указанняў і загадаў знізу або зверху, выпраўляюцца на прыборку таго, што пакінулі за сабой адпачывальнікі, якія жывуць толькі адным днём.

Жыць адным днём стала зручна, ёсць нават цэлыя тэорыі на гэтую тэму: маўляў, жыць трэба без клопату пра дзень заўтрашні, а заўтрашні дзень сам паклапоціцца пра сябе... Гэта ўсё так — у тэорыі. Але ў гэтай тэорыі ёсць яшчэ і працяг, у якім гаворыцца, што жыць усё ж варта так, каб пасля цябе, у лепшым выпадку, не трэба было перабудоўваць свет нанова.

І вось яшчэ што я пра гэта думаю, гэта ўжо маё асабістае: «Кожнаму чалавеку хочацца, каб на зямлі было хоць бы адно месца, у якім усё і заўсёды застаецца менавіта так, як ён пакінуў».

Я маю на ўвазе менавіта Браслаў.


Фота Мікіты Фядосіка



Каментаваць