Адраджэнне сядзібаў

Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму РБ яшчэ ў мінулым годзе зацвердзіла «План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам аграэкатурызму».

(На здымку: Грымяча. Палац Пузынаў. ХІХ ст.)



Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму РБ яшчэ ў мінулым годзе зацвердзіла «План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам аграэкатурызму».

(На здымку: Грымяча. Палац Пузынаў. ХІХ ст.)


Сіламі Міністэрства спорту і турызму, аблвыканкамаў, УП «Рыф-тур» і партала www.globus.tut.by мусіла ўзнікнуць рабочая група па ўдакладненню спісу помнікаў (першапачаткова ён утрымліваў 46 аб’ектаў). Толькі па Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці для перадачы інвестарам прапанаваны два надзвычай цікавыя аб’екты — сядзіба ў вёсцы Грымяча і палац у Высокім, пра гістарычны лёс якіх мы сёння паразважаем.

Гняздо роду Пузынаў


Сядзіба ў Грымячым, сёння ўласнасць ААТ «Усход-Камянец», размешчана ў выключным турыстычным раёне. Некалькі кіламетраў на захад у Волчыне можна ўбачыць шыкоўныя руіны ўзведзенага ў 1729–1733 гадах Траецкага касцёла, месца нараджэння і часовага спачыну апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сцены святыні дагэтуль пакрывае выдатнай якасці ракайльная ляпніна, а на адным з франтонаў высіцца скульптурная постаць евангеліста, апошняя з чатырох пазасталая за гады паваеннага варварскага занядбання. Саркафаг і труну з целам караля перанеслі ў Волчын у 1938 годзе, калі быў зачынены касцёл св. Кацярыны ў тагачасным Ленінградзе, месца, дзе караля першапачаткова пахавалі. У 1939 годзе саркафаг быў знішчаны і разрабаваны салдатамі, якія прыйшлі ў Заходнюю Беларусь.

Воўчын. Руіны Траецкага касцёла. 1729-1733.

Ураджэнец  Воўчына і госць Высокага ў 1775 г. 

кароль Станіслаў Аўгуст, партрэт пэндзля Марчэла Бачарэлі, 1768 г.



Але вернемся да сядзібы ў Грымячым. Яна месціцца на паўночнай ваколіцы вёскі на пагорку ў прыгожым выгіне рэчкі Пульвы і ўяўляе сабой аднапавярховы даволі няблага захаваны будынак з мансардавым паверхам. З фасаду дзевяцівосевы корпус рытмічна ўпрыгожаны двума рызалітнымі аб’ёмнымі выступамі па краях, пілястрамі, карнізамі, філёнгамі. Над бакавымі рызалітамі ўзвышаюцца аттыкі, цэнтр фасада вылучаны чатырохкалонным порцікам. У інтэр’ерах калісь былі кафляныя печы з прыгожай ляпнінай. На мансардны паверх вядзе літая вінтавая лесвіца. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы — сыраварня, лядоўня, часткова — стайня. Сфармаваўся познекласіцыстычны ансамбль, абнесены парэшткамі краявідавага парку са змяшаным дрэваставам, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Тады маёнткам валодала вядомая сям’я князёў Пузынаў. У гэтым яшчэ адна прыцягальная рыса помніка — апошнім дасавецкім уладальнікам рэзідэнцыі быў гісторык, пісьменнік, паэт Юзаф Эдвард Пузына (1878–1949). Выпускнік Фрыбурскага універсітэта ў Швейцарыі, ён быў апантаным даследнікам княжацкіх родаў першапачатковых стагоддзяў Вялікага княства Літоўскага. Юзаф Эдвард да выхаду ў адстаўку ў 1933 годзе працаваў у Міністэрстве замежных спраў Польшчы, пісаў вершы, паэтычныя драмы, аповесці. Пакінуў па сабе мемуары. Увогуле, Пузыны выводзяць свой род ад Рурыкавічаў і чарнігаўскіх князёў. Цягам стагоддзяў род налічваў нямала дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў і навукоўцаў, што дае новым гаспадарам выдатны матэрыял для мемарыялізацыі сядзібы.

На беразе той самай Пульвы

Праехаўшы 15 кіламетраў на поўнач, апынаемся ў Высокім, малым мястэчку з вялікай гісторыяй. Маючы зараз пару тысяч насельнікаў, яно можа ганарыцца вядомасцю з XIV стагоддзя і Магдэбургскім правам з гарадскім гербам — з 1494 года. З 1671 года тут адбываліся, паводле спецыяльнай граматы, кірмашы. Напамін пра былую веліч — Траецкі касцёл і кляштар баніфратраў з касцёлам св. Яна, Барбарынская капліца, руіна сінагогі — усе XVII–XVІІІ стагоддзяў, Крыжаўзвіжанская царква ХІХ стагоддзя. Але нас цікавяць найперш аб’екты свецкай архітэктуры, якія мусяць знайсці новых апекуноў у рамках прыгаданай праграмы. Сённяшні іх уладар — Камянецкі раённае ўпраўленне адукацыі.

Высокае. Руіны старога замка Сапегаў, першай паловы XVII ст.

Высокае. Палац Патоцкіх. Каля 1820 г.


Напалеон Орда. Стары замак Сапегаў у Высокім. Малюнак 1876 г.


Сваёй манументальнасцю ўражваюць руіны замка Сапегаў, колішніх гаспадароў мястэчка. Пацярпелы ў вайне з Масквой сярэдзіны XVII стагоддзя, Паўночнай вайне 1700–1721 гадоў, гэты баракальны абаронча-рэзідэнцыйны комплекс неаднойчы аднаўляўся. У 1775 годзе ён бачыў візіт караля Станіслава Аўгуста, але потым заняпаў, у сувязі з будаўніцтвам новымі гаспадарамі Высокага, Патоцкімі, палаца ў модным неакласічным стылі. Такая ж руіна пры рэштках абарончага валу і рову — вялізная брама з памяшканнем для варты, настолькі маляўнічая, што трапіла ў ХІХ стагоддзі на гравюру Напалеона Орды.

Будаўніцтва новага палаца чарговая ўладальніца Высокага жонка віцебскага ваяводы Паўла Сапегі прыгажуня Пелагея Патоцкая скончыла каля 1820 года. Шыкоўная будыніна з вялікім аднапавярховым корпусам з 4-калонным іанічнага ордэра порцікам абкружаная двума асобнымі флігелямі-крыламі. Кожны з іх глядзіць на цэнтральны парадны двор порцікамі з 6 дарычных калон, утвараючы ўрачыстую замкнёную прастору. Уваход да палацу і далей у парк утварае прыгожая стылёвая брама, па-за флігелямі захаваліся гаспадарчыя пабудовы.

Цікава, што рэзідэнцыя ў ХІХ стагоддзі ператварылася ў сапраўдны музей, з калекцыяй карцін, сямейных партрэтаў Сапегаў і Патоцкіх, дэкаратыўных скульптур, бронзаў, гістарычных гадзіннікаў і ўсходняй керамікі, а таксама інтэр’ерамі, аздобленымі камінамі і мэбляй у стылі Людовікаў XV і XVI. Дададзім, што тут захоўваўся сямейны архіў і вялікая бібліятэка. Усё было зрабавана венгерскімі аддзеламі, што ваявалі на баку немцаў у 1915 годзе.

Апошні памятны ўздым сядзібы, звязаны з высакароднымі акцыямі дабрачыннасці, адбыўся пры графе Якубе Патоцкім (1863–1934), які перадаў будынкі на карысць утворанага ім фонду па барацьбе з ракам і туберкулёзам. Сведкі колішняй велічы — парэшткі цудоўнага парку, паўсталі яшчэ пры будове старога замку, размешчанага на поўдзень ад палацу. Апошні раз парк перапланоўваўся вядомым садоўнікам Валер’янам Кроненбергам у 1895 годзе. Апрача італьянскіх таполяў, лістоўніц, амерыканскіх каштанаў сустракаліся ў розных кутках парку, абапал рамантычных ставаў і каналаў з кінутымі праз іх масткамі, і больш экзатычныя расліны…

У чаканні вырашэння лёсу

Мы толькі бегма зірнулі на рай для папулярызацыі сельскага турызму. Музейныя па сутнасці аб’екты ўтвараюць побач з будучай турыстычнай інфраструктурай гатовае гістарычнае асяроддзе. Але, чарговы раз закрануўшы лёс унесеных у спіс будынкаў у гутарцы з Антосем Астаповічам, старшынёй Таварыства аховы помнікаў, мы даведаліся, што не ўсе працэдурныя пытанні на шляху ажыццяўлення праекта вырашаны. Найперш канчаткова не вызначана, ці будуць перадавацца архітэктурныя ансамблі ад былых гаспадароў — сярод якіх і выканкамаўскія структуры, і сельсаветы, і агракамбінаты — праз аўкцыёны ці па заяўляльным прынцыпе за сімвалічную базавую велічыню? І якія дакументы вызначаць іх юрыдычны статус? Прынамсі, Міністэрства спорту і турызму мусіла падрыхтаваць прапановы па ўнясенні дапаўненняў ва ўказ прэзідэнта №372 ад 2 чэрвеня 2006 г. «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», звязаўшы яго з захаваннем помнікаў архітэктуры.

І самае галоўнае, пакуль не створаны інстытут інспекцыі перададзеных у прыватныя рукі твораў дойлідства. А без гэтага лёс ідэі можа апынуцца сумным, бо ці здзейсніцца яе аснова — захаваць культурную спадчыну ў яе першапачатковай, а не змененай пад гаспадарчыя патрэбы існасці? Мы будзем сачыць за падзеямі і абавязкова распавядзем чытачам пра іншыя цікавыя кропкі на мапе Беларусі, дзе, спадзяемся, праект будзе паспяхова ажыццяўляцца.
-----------------------------------------------------------------------------------------

Фотаздымкі з партала www.globus.tut.by
 

Каментаваць