Адзіны ў Беларусі музей-скансэн запрашае на «Шчадрэц»

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае дзяцей і дарослых на імпрэзу "Рыхтуем Шчодры вечар".



Імпрэза адбудзецца 12 студзеня з 13.00 да 15.00 у наваколлі сталіцы, паведаміў «НЧ» спецыяліст па маркетынгу музея Сяргей Ракавец.

Паводле ягоных слоў, народная калядная абраднасць з’яўляецца помнікам этнічнай гісторыі беларусаў, своеасаблівай культурнай спадчынай нацыі. Таму музей ужо ў трэці раз запрашае пазнаёміцца з унікальнымі традыцыйнымі абрадамі каляднага перыяду, сказаў Ракавец. Ён распавёў, што толькі 12 студзеня кожны мае магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць:

Гульню «Жаніцьба Цярэшкі» (Лепельскі раён Віцебскай вобласці), занесеную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і скарыстаць рэдкі шанец, каб пазнаёміцца з адным з самых знакамітых калядных абрадаў — гульнёй «Жаніцьба Цярэшкі» з абавязковым выкананнем танца Лявоніха, які сёння вядомы кожнаму.

Абрад «Святое ражство радасць прынясло», які з’яўляецца прэтэндэнтам на ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны і будзе прадэманстраваны фальклорным ансамблем «Чарнабрыўцы» з вёскі Маркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці.

Калядную абрадавую праграму ад узорнага фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі» (гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці).

Падчас культурна-масавага мерапрыемства можна будзе даведацца аб традыцыях адзначэння Калядаў на Беларусі і прыняць удзел у бясплатнай экскурсіі па новай экспазіцыі ў помніку «Пакроўская царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці», адзначыў Ракавец.

Упершыню на адпаведных майстар-класах кожны наведвальнік зможа зрабіць святочныя сувеніры, прыняць удзел у традыцыйным конкурсе «Калядная зорка», для чаго трэба загадзя зрабіць сваю калядную зорку, узяць яе з сабою на свята і стаць пераможцам, а таксама пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі імпрэзы, за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў карчме.

Кошт квіткоў — 20 тыс. руб., для дзяцей дашкольнага ўзросту — бясплатна. Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.20, а каса --  з 10.00 да 15.20.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: 8 (017) 209-41-63 і на сайце www.etna.by

Музей знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад  МКАД за аўтарынкам «Малінаўка» каля вёскі Азярцо. Праезд ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» прыгараднымі аўтобусамі ў накірунку: Мiнск — Гарадзiшча, Дубянцы, калгас Калініна, Заходнія могілкі і Чыкі. Расклад руху:  аўтобус № 203- 9.15; 12.00;15.50 — на тэрыторыю музея; аўтобусы № 262, 363, 277, 325, 357 — 9.40; 10.00; 10.25;  11.40;

12.20; 14.15; 14.40; 14.55; 16.05 — да прыпынку «Музей».

Каментаваць