Нацыянальны мастацкі музей

Побач з экспазіцыяй французскіх майстроў Нацыянальны мастацкі музей дэманструе не зусім тыповую выставу «Накіды і малюнкі рускіх мастакоў XIX–XX стагоддзяў» (працуе да 24 красавіка).



Нацыянальны мастацкі музей

Побач з экспазіцыяй французскіх майстроў Нацыянальны мастацкі музей дэманструе не зусім тыповую выставу «Накіды і малюнкі рускіх мастакоў XIX–XX стагоддзяў» (працуе да 24 красавіка).

Валодаючы вялікай калекцыяй малюнкаў, музей мае магчымасць увесці наведвальнікаў у таямнічы свет падыходу да стварэння скончанага твора, свет пошуку кампазіцыйнага рашэння, папярэдняй працы з натурным аб’ектам, нараджэння агульнай ідэі твора. У накідах фіксуецца першае ўражанне ад з’явы, самае непасрэднае бачанне руху, настрою, формы, адлюстроўваецца здольнасць творцы зафіксаваць тыя непаўторныя моманты рэчаіснасці, якія неабходна захаваць ці пераўвасобіць у працэсе працы.

Непасрэднасць накідаў можа рабіцца асновай для эстэтыкі цэлых мастацкіх накірункаў, як гэта выяўлялася ў школах старадаўняга кітайскага і японскага малюнка, альбо, як у еўрапейскім мастацтве, служыць важнай складовай часткай творчага метаду мастака. Так ці іначай, першасныя накіды ўводзяць у таямніцу творчага метаду аўтара, даюць магчымасць ясней адчуць яго почырк, тэмперамент, энергетыку яго метаду, характар яго погляду на свет. Лёгкія для ўспрыняцця, малюнкі паказваюць няпросты шлях пошуку, які творца праходзіць перад стварэннем «вялікай» працы: большасць твораў належыць не мастакам-графікам, а менавіта жывапісцам.

Набор імёнаў, якія ўключаны ў экспазіцыю, не расчаруе наведніка. Гэта накіды Івана Шышкіна, Яфіма Волкава, Барыса Кустодзіева, Філіпа Малявіна, замалёўкі ілюстрацый да твораў рускай класікі Канстанціна Рудакова, анімалістычныя малюнкі Валянціна Сярова да баек І.А. Крылова, накіды звяроў і птушак Аляксея Сцяпанава, Вадзіма Фралова. Асноўная частка графічных аркушаў прадстаўлена ўпершыню.


Палац мастацтваў

З 7 па 11 красавіка на Казлова, 3 праводзіць кароткатэрміновую выставу-конкурс новых імёнаў «Belarus Art Week / Беларускі тыдзень мастацтваў».

Мерапрыемства ўваходзіць у Асацыяцыю тыдняў мастацтваў, якія адбываюцца ў Маскве, Пецярбурзе, Кіеве, Браціславе, Алма-Аце і Варшаве, што дае магчымасць пераможцам нацыянальных экспазіцый прадставіць плён сваёй творчасці за мяжой. Такім чынам, наведаўшы Палац мастацтваў гэтымі днямі, можна тапіць на пляцоўку творчага адбору новых імёнаў мастакоў, прагных праславіць сябе і краіну.

Паралельна праходзяць выставачная праграма, да якой творы адбіраліся паводле працэдуры вольнай заяўкі, праца міжнароднага журы ў конкурсах па жывапісу, графіцы, скульптуры, ужытковым мастацтве і фатаграфіі, і майстар-класы, да якіх могуць далучыцца ўдзельнікі экспазіцыі і наведвальнікі. Фінальная частка, узнагароджанне пераможцаў — у панядзелак 11 красавіка з 14.00 па 16.00.


Мастацкая галерэя

Апошнія дні ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў Палацы Рэспублікі працуе не зусім звычайны праект «BY.DE», там можна пазнаёміцца з сучасным накірункам альтэрнатыўнага мастацтва — творчасцю беларускіх графіці-мастакоў.

Малюнкі балончыкамі на паверхнях будынкаў, аб’ектаў і агароджаў, часцей несанкцыянаванага грамадствам характару, што сталі папулярныя з 1960-х гадоў у амерыканскіх мегаполісах, а затым пашырыліся па ўсім свеце, часам успрымаюцца як пратэстная ці асацыяльная з’ява. Маюць адпаведную назву «Art Crimes» і часам, па факце выканання, цягнуць за сабой пакаранне мастака.

Але існуе і «легальны» накірунак, у межах якога можна выявіць найперш мастацкія вартасці метаду і эстэтычна пазмагацца з шэрай рэальнасцю гарадскога ландшафту. Выстава ладзіцца пры ўдзеле нямецкіх партнёраў з Калегіі імя Тэадора Хойса.

***

Нестандартныя экспазіцыі, якія раскрываюць творчыя метады «іншых» жанраў мастацтва, дапаўняе паказ плакатаў і эскізаў да фільмаў Валерыя Рубінчыка «+ пра кіно» ў Музеі гісторыі беларускага кіно на вул. Свярдлова, 4. Апрача плакатаў з 6 па 30 красавіка будуць паказаны эскізы мастакоў па касцюмах і мастакоў-пастаноўшчыкаў, што працавалі з рэжысёрам — Элы Сямёнавой, Яўгена Ігнацьева, Уладзіміра Дзяменцьева, Аляксандра Чартовіча.

Каментаваць