Агу, вясна, агу, красна! Гомельская «Талака» адсвяткавала Гуканне вясны

На ўзбярэжжы Сожа пад Гомелем моладзь гукала вясну ды прыспешвала надыход сапраўднага цяпла і вясновага адраджэння нашага краю. Святкаванне прайшло так, як гэта рабілі продкі беларусаў на працягу стагоддзяў ды нават тысячагоддзяў.



Гуканне вясны — адно з самых архаічных святаў, якое сімвалізуе развітанне з зімой і сустрэчу вясны. Гэты абрад захаваўся па ўсім славянскім свеце, але кожны рэгіён меў уласныя асаблівасці святкавання.

На Гомельшчыне гэты абрад захаваўся ў найбольш поўным выглядзе — абшары Усходняга Палесся спрыялі нязменнасці самых старажытных абрадавых момантаў.

Сябры Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака», якія здаўна займаюцца вывучэннем асаблівасцяў культуры роднага краю, зладзілі пад Гомелем чарговае Гуканне вясны.

Каб паскорыць надыход цёплага надвор’я ў родны край, яны выправіліся на маляўнічы бераг Сожа.

Каля 20 маладзёнаў упрыгожылі адмысловае дрэва каляровымі стужкамі ды выявамі птушак. Абраўшы для правядзення абраду высокае месца над ракою, дзяўчаты распачалі адмысловыя спевы-гуканні, падчас якіх у неба падкідваліся выпечаныя птушкі. Сімвалічнае дзеянне мусіла паскорыць вяртанне ў родныя абшары птушак з выраю, якія прынясуць вясну.

Майстравалі на Гуканне вясны і арэлі. Пры гэтым пагушкацца мелі права толькі дзяўчаты. Для нашых продкаў кожнае дзеянне мела своеасаблівы сэнс, а абрад Гукання вясны быў прысвечаны найперш будучай урадлівасці і пладавітасці сельскагаспадарчага сезону. Тое ж датычылася і дзяўчат: лічылася, што калі пагушкацца на арэлях, то можна будзе хутчэй зацяжарыць. Момант гушкання таксама адлюстроўваў моманты адмысловай блізасці паміж дзяўчынай і хлопцам.

Свята, перапоўненае сімвалізмам птушак, новага жыцця, вяртання цеплыні і вечнага сонцазвароту, не магло абысціся і без абрадавай стравы — яешні. Талакоўцы і талакоўкі зычылі адно аднаму ўсяго найлепшага падчас Келіха кола, а потым рушылі танчыць пад чароўныя гукі старадаўняй дуды ды ладзіць гульні.

Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі:

Асноўны матыў абраду — прылёт птушак, які фіксуецца паўсюдна. Мы гэта бачым як у словах, у песнях, так і ў абрадавай выпечцы. У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна іх называюць «чырачкі», дзесьці «галёпы», дзесьці «жаваронкі». І адмысловы спеў — загуканні, гукі, што даносяцца высока да неба.

Провады зімы не былі б поўнымі без спальвання адмысловага пудзіла, якое яе сімвалізавала. Размаляваная лялька паслядоўна ўвабрала ў сябе ўсё адмоўнае і старое: удзельнікі абраду пакідалі з ёй свае старыя рэчы ды негатыў. Здалася гэтым разам Марэна — як часам называюць гэтае пудзіла — не адразу, таму беларусам яшчэ пару дзён пачакаць з надыходам сапраўднай цеплыні.

Яўген Меркіс, старшыня ГМКГА «Талака»:

Нашая арганізацыя паслядоўна не толькі фіксуе ды вывучае, але і папулярызуе багатую фальклорную ды культурную спадчыну Гомельшчыны. Звычайна мы выпраўляемся ў адмысловыя экспедыцыі дзеля збору матэрыялаў, кантактуем з носьбітамі традыцыі і імкнёмся потым увасобіць гэтыя веды ў жывую традыцыю. Мы паслядоўна святкуем і праводзім усе традыцыйныя абрады земляробчага года нашых продкаў. Пры гэтым мы заўжды робім акцэнт на прыцягненне да гэтага моладзі як прадаўжальнікаў беларускіх традыцый у будучыні. Для нас істотна пераасэнсоўваць некаторыя абрадавыя моманты з захаваннем разумнай долі сапраўдных ведаў аб абрадах нашага рэгіёна і жывога свята, на якім дакладна ніхто не засумуе. Думаю, менавіта таму талакоўскія мерапрыемствы заўжды карыстаюцца вялікай папулярнасцю і да нас прыязджаюць маладзёны з розных куткоў Беларусі ды нават замежжа.

На Чачэршчыне сябрамі арганізацыі быў зафіксаваны абрад спускання на ваду адмысловага плыта з колам, які падпальвалі. Паколькі правядзенне абраду прымеркавана да вясновага раўнадзенства, то гэтае кола заўжды расцэньвалася як знак Сонца.

Мы бачым гэта і ў арнаментыцы, калі на рушніках можна заўважыць своеасаблівыя «крывулі». Яны ткуцца зверху і, безумоўна, уяўляюць сабой салярныя знакі, — адзначае Пятро Цалка. — Адзначаны падобныя выявы і на кераміцы эпохі неаліту ды бронзы. І тут мы маем сцвердзіць, што арнамент, які дайшоў да нас, — гэта своеасаблівая фіксацыя абрадавых момантаў. Не маючы яшчэ пісьменства, нашы продкі занатоўвалі ўсё гэта з дапамогай адмысловых знакаў ды сімвалаў. Сёння гэта дае нам магчымасць рэканструяваць розныя элементы і этапы старажытных беларускіх абрадаў.

І пудзіла, і кола, і старыя рэчы — усё гэта мае значэнне ачышчэння. Для старажытных славянаў гэта заўжды адбывалася або праз ваду, або праз агонь.

Час гукання ў рэгіёне быў розным: у Лельчыцкім раёне вясну пачыналі гукаць яшчэ ў лютым пасля Стрэчання, а апошнія «погукі» адбываліся ўжо на Веткаўшчыне на Ушэсце пасля Вялікадня. Часам абрад меў фіксаваныя даты, а часам усё адбывалася на працягу месяца, калі людзі выходзілі на пагорак ці проста на двары і пачыналі гукаць вясну. Пры гэтым, калі гукалі да Дабравесту, на полі было забаронена вадзіць карагоды, а ўжо пасля правядзення абраду дазвалялася і зямлю араць.

Будзем спадзявацца, што дзякуючы талакоўскаму Гуканню вясны сонейка заззяе ў нашай старонцы ўжо ў бліжэйшы час, і разам з ім у Беларусь вернецца сапраўдная цеплыня!

Каментаваць