Акцыю «Тысяча, бывай» правядзе Нацыянальны мастацкі музей

Сімвалічную акцыю развітання з купюрай наміналам 1000 беларускіх рублёў правядзе Нацыянальны мастацкі музей. Менавіта на гэтай купюры 17 год быў адлюстраваны фасад музея і адна з карцін, якія ў ім экспануюцца.


Кошт квітка ў музей у гэты дзень будзе каштаваць усяго 1000 рублёў.

У праграме мерапрыемства:

• Галасаванне, падчас якога наведвальнікі змогуць самі выбраць палатно для наступнай дэманстрацыі яго ў рамках праекта «Выстаўка аднаго шэдэўра». На суд гледачоў прадставяць карціны розных эпох, а прагаласаваць за адну з іх можна будзе уваходным квітком.

• Спецыяльны музейны квэст, які распавядзе пра сувязь некаторых музейных палотнаў з месцамі, намаляванымі на купюрах.

• Творчая інтэрактыўная пляцоўка, якая дасць магчымасць кожнаму жадаючаму вярнуць колер гэтак звыкламу воку манахромным малюнку зваротнага боку купюры наміналам 1.000 рублёў.

• Аўтограф- і фотасесія з аўтарам кнігі «І.Ф. Хруцкі. Іканаграфіка жывапісу» Змітром Салодкім.

• Канцэрт ад музычнай арт-рок банды «Эльдарада». 


Завяршэннем акцыі стане ўрачыстае падпісанне купюры генеральным дырэктарам Нацыянальнага Мастацкага музея В.І. Пракапцовым, пасля чаго яе перададуць у архіў.


«Акцыя «Тысяча, бывай» — гэта ўнікальная магчымасць убачыць шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея і ўсе часовыя выставы практычна бясплатна. Акрамя гэтага, кожны жадаючы зможа прыняць удзел у цэлым шэрагу незвычайных мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у музеі на працягу ўсяго дня», — запрашаюць арганізатары ў сацсетках.


Каментаваць