Актуальныя фантазіі савецкіх дзён

У кінатэатры «Ракета» з 5 кастрычніка па 9 лістапада кінаклуб «Феномены кіно» прадстаўляе праграму «Савецкі Фантазіум», прысвечаную містычным і фантастычным стужкам савецкага кіно.

У кінатэатры «Ракета» з 5 кастрычніка па 9 лістапада кінаклуб «Феномены кіно» прадстаўляе праграму «Савецкі Фантазіум», прысвечаную містычным і фантастычным стужкам савецкага кіно.

У праграме ўжо была паказаная стужка «Салярыс» Андрэя Таркоўскага, дэманструецца і рарытэтная «Дзіўная гісторыя містэра Джэкіла і доктара Гайда» з Інакенціем Смактуноўскім, і постапакаліптычная карціна Канстанціна Лапушанскага «Лісты мёртвага чалавека» (1986 год). Гэта стужка ў свой час выклікала ў гледачоў шок. Пасля ядзернай вайны загінула большая частка чалавецтва. Ягоныя рэшткі хаваюцца ў бункерах і чакаюць радыеактыўнай зімы. Стары навуковец (адна з апошніх роляў Ралана Быкава) складае лісты памерламу сыну.

Чорна-беламу насланню «мёртвага чалавека» супрацьпастаўлены фарсавы «Горад Зэра» Карэна Шахназарава. Гэта стужка 1988 года з Леанідам Філатавым і Алегам Басілашвілі распавядае пра горад, які выпаў з часу — і ніяк не здольны развітацца з навязлівымі фантомамі злой мінуўшчыны. «Горад Зэра» — двайнік сучаснай Беларусі. Фільм дэманструецца 26 кастрычніка.

2 лістапада гледачоў чакае рарытэт, які ў знаўцаў жанравага кіно выклікае самыя трымценныя пачуцці. Містычная стужка паводле апавядання Аляксандра Грына «Спадар афармляльнік» (1988 год) Алега Цяпцова даўно заслужыла славу аднаго з самых дзіўных фільмаў. Дэкадэнцкае афармленне стужкі, гіпнатычны акцёр Віктар Авілаў (які ў той час уцякаў ад раку) і фантасмагарычная музыка Сяргея Курохіна — пазачасавыя.

9 лістапада — энігматычная карціна Аляксандра Сакурава «Дні зацмення» (1988 год) — паводле фантастыкі братоў Стругацкіх. Карціна адметная медытатыўнай манерай і гукавым шэрагам.

Усе стужкі дэманструюцца а 19.00.
 

Андрэй Крыніцын

Каментаваць