Akute выдалі альбом пра мяжу рэальнасці і сну

Гурт Akute выклаў у Інтэрнэт новы альбом «Не існуе». Музычны матэрыял дыска музыкі лічаць больш цэльным і мінімалістычным, у знак чаго на вокладцы яны зашыфравалі прывітанне Казіміру Малевічу.



Гурт Akute выклаў у Інтэрнэт новы альбом «Не існуе». Музычны матэрыял дыска музыкі лічаць больш цэльным і мінімалістычным, у знак чаго на вокладцы яны зашыфравалі прывітанне Казіміру Малевічу.

Праца над альбомам «Не існуе» пачалася адразу пасля завяршэння запісу дэбютнага дыска «Дзевачкі і космас» (2011), які прынёс калектыву вядомасць у альтэрнатыўных колах. Гукавую канцэпцыю альбома шмат у чым вызначыла песня «Кроў бы вада» і супрацоўніцтва з гукарэжысёрам Яўгенам Сухавеем.
 
— «Кроў бы вада» завяла нас у бок больш мінімалістычнага гучання. Нам стала цікава дасягнуць максімума эмоцый пры мінімуме музычных срокаў, – прызнаецца бас-гітарыст Раман Жыгараў. — Важную ролю ў гэтым працэсе адыграў Жэня Сухавей — мы далі яму запісаныя ў Магілёве трэкі і не абмяжоўвалі яго творчы пошук. У выніку ён не толькі зрабіў звядзенне, але і выступіў у ролі саўндпрадзюсара дыска. Некаторыя яго крокі былі цалкам нечаканымі – напрыклад, у песні «Іголкі» ён ператварыў гітару ў арган. Але нам спадабалася!
Akute не страцілі фірмовага меладызму, але ад бадзёрай касмічнай рамантыкі першага альбома музыкі адышлі ў бок больш дэпрэсіўных і часам нават страшнаватых сюжэтаў. Пры гэтым спадзеў на добры фінал на плытцы ўсё ж прысутнічае.
 
— Альбом атрымаўся больш цэльным, у тым ліку і па тэкстах. Яны больш сумныя, у іх ёсць адчуванне таго, што ты знаходзішся на мяжы рэальнасці і сну, калі ты прачынаешся і нічога не разумееш, але я б не назваў іх негатыўнымі і беспрасветнымі. Калі я спяваю гэтыя песні, я не адчуваю цяжару. Наадварот, мне становіцца лягчэй, – распавядае вакаліст Стас Мытнік.
 
Усе мінулыя інтэрнэт-рэлізы Akute прыводзілі да празмернай нагрузкі на сайты, якія іх размяшчалі. Таму гэтым разам музыкі вырашылі выкласці свой новы альбом адразу на трох рэсурсах: www.tuzin.fm, www.34mag.net, www.ultra-music.com.
 
Да мінскай прэзентацыі новай праграмы, якая адбудзецца 21 красавіка ў клубе Re:Public з удзелам гурта Hum Flying Bulletproof Noodle, выйдзе CD-выданне. Яго супольна выдадуць лэйблы Вігма і BMA Group.
 
21 красавіка ў клубе Re:Publiс, 19.00. Гурт Akute з прэзентацыяй новага альбома «Не існуе». 
Адмысловы госць — гурт Hum Flying Bulletproof Noodle.
Даведка: (029) 649 08 88, (029) 110 35 35.

Каментаваць