AKUTE: з павагай да папярэднікаў

У клубе RE:PUBLIC аматары беларускамоўнай рок-музыкі пазнаёмилися з навінкай ад зорак айчыннага року — гурта AKUTE. Магілёўскія музыкі прадставілі ў канцэртным варыянце свой трэці альбом «Reaĺnaść i sny»



На сцэне гурт AKUTE


Як анансавался самімі музыкантамі, гэтая студыйная праца павінна прадставіць беларускім слухачам новае, больш удумлівае гучанне калектыву, іх сталы падыход да кампазіцыйнай канцэпцыі і гукавога вырашэння платы. Да таго ж, ажыятаж да альбома падаграваўся і наяўнасцю на дыску кавераў AKUTE на класічныя кампазіцыі легендарнага гурта 90-х ULIS «Як на далоні» і «Марнатраўны сын». Здаецца, інтрыгі да новай сустрэчы з музыкантамі было дастаткова, тым больш што апошні альбом AKUTE «Не існуе» быў прадстаўлены параўнальна для рок-музыкантаў даўно, у 2012 годзе.

Стась Мытнік

Гэтыя акалічнасці і паспрыялі таму, што зала клуба была амаль поўнасцю запоўнена і музыканты AKUTE ў добрым гуморы распачалі прэзентацыю новай кружэлкі. Але дзеля таго, каб сустрэча больш запомнілася, каманда адразу ж нагадала некалькі ўлюбёных кампазіцыі з альбомаў «Дзевачкі і космас» (2011) і «Не існуе» (2012), каб падрыхтаваць сваю аўдыторыю да свежых кампазіцый, яшчэ ім не вядомых. А распачалі музыканты адной з самых пазнавальных кампазіцый са свайго другога альбома — «Спі», якая адразу была падхоплена большасцю слухачоў, якія спявалі, танчылі і апладзіравалі сваім улюбёнцам. Тое ж яднанне можна было адчуць, калі гучалі кампазіцыі AKUTE «Адшукай», «Прамяні», «Кроў пад снегам», «Кроў бы вада», дарэчы, у якой Стась Мытнік бліснуў віртуозным сола на электрычнай гітары. Цікава, што аранжыроўкі і ўсё гучанне гэтых твораў стала, калі не цяжкім, дык больш рэзкім і гучным за кошт акцэнтаванай бас-гітары Рамана Жагарава і разнастайных, часам па-джазаваму сінкапіраваных акордаў сола-гітары Стася Мытніка.

Спявае Стась Мытнік

Пасля таго, як слухачы дастаткова паўспаміналі старыя хіты гурта, разам іх праспявалі, надышоў час пазнаёміцца з доўгачаканай навінкай ад AKUTE — альбомам «Reaĺnaść i sny». Па словах музыкантаў, да гэтай працы яны падыходзілі больш сур’ёзна, чым да папярэдніх. Запісвалі на лепшых студыях, зводзілі запісаны матэрыял ў Кіеве.

Трэба адзначыць, што многія прыхільнікі творчасці гурта AKUTE, а іх цэлыя суполкі па ўсіх гарадах краіны, ужо змаглі пазнаёміцца з кампазіцыямі новай плыты з інтэрнэту, куды музыканты выклалі свой новы альбом. А цяперака ім прапанавалі канцэртны іх варыянт такіх песень, як «Мы цалуем сонца», «Твае анёлы», «Бегчы» і іншыя. Гэтыя хіты былі аранжыраваныя ў больш дынамічным ключы: з фанкавымі рытмамі, якія часам здавалася, пераходзілі ў панк ці альтэрнатыву, калі да струнных дадаваўся знаёмы па «металічных» канцэртах пошчак бубноў Паўла Філатава. Зноў жа, гэтыя змяненні ў гучанні любімай каманды слухачы ўспрынялі, як натуральныя. Што, відавочна, сведчыць і пра тое, што з музыкай любімага гурта сталеюць і іх слухачы.

Лідар AKUTE Стась Мытнік

Не аднойчы удзельнікі гурта AKUTE распавядалі пра тое, што яны, так бы мовіць, выраслі на музыцы легенды беларускага альтэрнатыўнага року — гурта ULIS. Ну сапраўды, кампазіцыя гэтага гурта і сёння прывабліваюць слухачоў больш маладой генерацыі сваім незвычайным меладызмам, актуальнымі тэкстамі, вынаходніцкімі аранжыроўкамі і выканаўчым прафесіяналізмам. Да такой якасці музыкі і гука імкнуцца і музыканты AKUTE. Сваю павагу папярэднікам яны выказалі тым, што да 45-годдзя ULIS падрыхтавалі і на прэзентацыі выканалі два кавера з іх рэпертуару: кампазіцыі «Як на далоні» і «Марнатраўны сын».

Хочацца адзначыць, што гэтыя апрацоўкі класікі беларускага року нечаканыя, бо музыканты AKUTE змянілі рытміку кампазіцыі, аранжыроўку, пасля чаго кампазіцыя набыла рысы псіхадэліі і філасафічнасці, што можна назваць іх каверы наватарскімі. Думаю, аўтар музыкі твораў Слава Корань ухваліць такі падыход магілёўскіх музыкантаў.

Пасля канцэрта. Гурт AKUTE

Пасля канцэрта аўтографсесія і...

На жаль, сам дыск альбома «Reaĺnaść i sny» да прэзентацыі не быў гатовы, што выклікала разачараванне ў некаторых слухачоў. Музыканты і прадзюсер альбома В. Супрановіч з БМАgroup па незалежачых ад іх абставінах не змаглі ў вызначаныя тэрміны завезці зведзены матэрыял з Кіева. Але затое ў прыхільнікаў гурта AKUTE з’явілася матывацыя трапіць на наступны канцэрт любімага гурта, каб набыць жаданы дыск. Тым больш, што ён не за гарамі: AKUTE разам з гуртамі :B:N:, SCIANA, NIZKIZ і ТЛУШЧ дадуць канцэрт 23 мая ў клубе RE: PUBLIC да Дня радыё.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Васіль
  • 2014-04-15 04:11:41
Лазіў, лазіў па музычных сайтах - усе друкуюць з гэтага канцэрту толькі процьму фотак, нібыта пра музыка, пра выступ артыстаў і сказаць няма чаго; балазе хоць агульнаграмадзкія выданьні яшчэ здольны
на аналіз. Што далей будзе: ці музыка прападзе, ці адродзіцца сур'ёзная музычная прэса. Дзякуй "Новаму часу".

Каментаваць