«Акварэльная гісторыя» Белдзяржстраху

Гледачы спектакля «Кар’ера доктара Раўса» ў Тэатры беларускай драматургіі 1 лютага атрымалі нечаканы падарунак: аказалася, што ў РТБД Дзень народзінаў. З гэтай нагоды адкрыліся дзве выставы акварэляў Юрася Брэля. На выявах — беларускія традыцыйныя абрады і краявіды розных гарадоў.

1 лютага 1992 года быў пастаўлены першы спектакль тэатра, «Куку» па п’есе Міколы Арахоўскага. З гэтай нагоды сёлета ў РТБД адкрыліся дзве выставы акварэляў Юрася Брэля, намаляваных на замову Белдзяржстраху. У тэатры яны былі паказаныя публіцы ў арыгінале ўпершыню. Некаторыя з выяў трапілі на карпаратыўныя календары і календарыкі кампаніі.


Па словах мастака, акварэль цяпер — не дужа модная тэхніка. Серыя «Абярэжныя традыцыі» нарадзілася з любові Юрася Брэля да беларушчыны, хаця ў штодзённым жыцці, як сам прызнаўся, мастак гутарыць па-руску. Узгадваў студэнцкія гады, калі яго настаўнік Фёдар Свісцілін, сам украінец, казаў: «Каб я не чуў ад цябе няроднай мовы!» Да таго ж, Юрась гадаваўся ўлетку ў бабуль і назіраў, як яны працуюць на зямлі, як жнуць — традыцыі яму знаёмыя.


Калі Белдзяржстрах звярнуўся да яго з прапановай аб супрацоўніцтве, аказалася, што не ўсё так проста, не стае выяўленчага матэрыялу, і мастак думаў нават адмовіцца ад замовы. Але ўзгадаў пра сябра, фатографа Аляксея Сталярова, які здымаў шмат абрадаў. Папрасіў у таго фота і на аснове іх зрабіў акварэлі. Добра знаёмы з гэтай сферай чалавек нават пазнае некаторых герояў выяў у твар. Напрыклад, на адной з акварэляў — маленькая ўдзельніца гурта «Калыханка» з Міханавічаў павязвае на дрэва папяровую птушку падчас гукання вясны, арганізаванага Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у Вязынцы.

Серыя «Акварэльная гісторыя» прысвечана 95-гадовай дзейнасці Белдзяржстраху. На акварэлях — выявы розных беларускіх гарадоў на працягу ХХ стагоддзя. Для акварэляў збіралі старыя здымкі і паштоўкі, часам камбінуючы некалькі розначасовых выяў. Работы суправаджаюцца подпісамі з цікавымі фактамі гісторыі Белдзяржстраху:

Упраўленне дзяржаўнага страхавання, арганізацыя-папярэднік Белдзяржстраху, распачаў працу ў 1921-м годзе, у Мінску, на Карла Маркса, 7.

У 1920-х, з ростам заможнасці насельніцтва, стала модным страхаванне жыцця.

Да 1930 года страхаваннем ад агню былі ахопленыя амаль усе сялянскія гаспадаркі БССР. Калі здараўся пажар, страхоўка выплочвалася не пазней, чым праз тыдзень.


Выставы можна паглядзець у фае тэатра. Прэс-сакратарка РТБД Святлана Латышава заклікала таксама звярнуць увагу на абноўленную галерэю выяў актораў тэатра.

Фота аўтаркі

Рэдакцыя "Новага часу" віншуе РТБД з Днём народзінаў!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Язычник
  • 2018-02-02 10:26:15
ну на самом деле всё немного перевернуто. я был на открытии. Картины хороши. Но смысл автор статьи передала сумбурно и неверно
а суть в том что к 95 летию Белгосстрах разработал календарь о судьбе своей компании, единой с судьбой Беларуси и выбрал самые значимые события, отразить которые с честью смог Ю.Н.Брель, и выявы гарадоу - это то же самое, что напісать про Девочку с персиками что автор отразил на своих полотнах изображения различных спелых фруктов

Про вторую серию ещё интереснее

Абярэжныя традыцыі - еще один календарь Белгосстраха. Он связывает страхование - как новый способ сохранения с традиционной белорусской обрядовой культурой, направленной в принципе на то же самое.

Как итог - появились интересные акварельные работы. Отличающиеся от всего того, чем заполонен рынок.

И это прекрасный образец сотрудничества бизнеса и культуры.

Ну и выставка бесплатна. Что также является плюсом.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-02-02 14:35:38
Дзякуй за ўдакладненне!

Каментаваць