Альбом «1937»: расстраляная паэзія загучала пад электроніку

Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом «1937». Пад акампанемент гітары Нарушэвіча і электроніку Бубена на ўсю краіну загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага. 

Праграма на вершы паэтаў трыццатых была запісаная на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме «Тэрыторыя гуку» на Першым канале. Цяпер альбом даступны для праслухоўвання ў інтэрнэце.
Стваральнікі альбома кажуць: «Мы цешымся, што афіцыйная прэзентацыя адбылася на цэнтральным радыёканале, бо менавіта там мусяць гучаць нацыянальныя героі. Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожнаму з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сямей: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеда Алеся Плоткі. Сёння мы імкнемся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам».


Трыа Buben Naruszewicz Baisan утварылася на глебе супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з культавым электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт «Князь Мышкін») яны выдалі шэраг альбомаў. Сярод іх вылучаюцца альбомы Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і “Папяросы” – пераклад кнігі Юрко Іздрыка.
У планах трыа – рэліз альбома «З нажом на Сонца» (часткі паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага) і выступ у Ракаве 30 чэрвеня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць