Алесь Анціпенка аднаўляе кніжную серыю «Бібліятэка «Беларускі калегіюм»

Серыя «Бібліятэка «Беларускі калегіюм» існавала у 2012 — 2013 гадах. У ёй выйшла 10 кніг вядомых беларускіх мысляроў і інтэлектуалаў. Сярод аўтараў — Валег Булгакаў, Пётра Рудкоўскі, Сяргей Харэўскі. Варта адзначыць, што ў ёй жа была выдадзена пасмяротная кніга Віталя Сіліцкага «Адкладзеная свабода».


Зараз на пляцоўцы ulej.by Алесь Анціпенка абвясціў збор сродкаў на выданне сваёй новай кнігі «Прыпадобніўшыся да насарога». Гэтая кніга і мае працягнуць серыю.

Твор Анціпенкі — спроба адказаць на некаторыя важныя пытанні: што ёсць мысленнем і ці ёсць штосьці па-за яго межамі? Што азначае «верыць»? Што такое смерць і чаму мы яе так баімся? Нарэшце, што такое супрэматызм і загадкавыя квадраты Малевіча?

Апроч аўтарскіх разважанняў у кнігу увайшлі пераклады класічнага твора Тао Тэ Чінг вялікага кітайскага містыка Лао Цзы і будысцкай Кхагавісана суты.

Тэксты кнігі аб’ядноўвае ідэя «схаванага чалавека», альбо не заўсёды відавочных структур нашага існавання, якія, каб быць убачанымі, патрабуюць змены пазіцыі ці ўнутранай саматрансфармацыі. Нягледзячы на вонкавую складанасць тэмы, твор напісаны яснай мовай. Аўтар пазбягаў цьмяных развагаў і спецыяльнай тэрміналогіі, прасвятляючы пры гэтым сутнасць некаторых складаных філасофскіх і рэлігійных праблемаў.

Зборнік ужо «адрэцэнзаваны» знанымі ў краіне спецыялістамі. Напрыклад, доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая кажа, што «кніга Алеся Анціпенкі — бліскучы прыклад сучаснага філасофскага мыслення, якое можа зацікавіць шырокае кола чытачоў. Гэта невялікі, але каштоўны збор з чатырох эсэ і двух перакладаў тэкстаў усходняй класічнай мудрасці прапануе свежы погляд на адвечныя праблемы…»

А філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч адзначае, што «кніга моцная, вельмі моцная і да таго ж унікальная, як для нашага кантэксту..»

Плануецца, што кніга выйдзе ў «кішэнным» фармаце (А5), але «некішэнным» аб’ёме (200 старонак). Вокладка мяккая. Без ілюстрацый.

Падтрымаць праект можна па адрасе: ulej.by/project?id=699240

Алесь Анціпенка — сябра беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар кнігі «Быць прысутным» (2012), адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, былы кіраўнік «Беларускага калегіюму». Кандыдат філасофскіх навук. Партнёр праекту — «Кнігазбор», недзяржаўнае выдавецтва, вядомае серыяй кніг беларускай класікі, дзіцячых кніг і кніг сучасных аўтараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць