Аляксей Марачкін: праз традыцыю ў будучыню

30 графічных аркушаў з выявамі вялікіх князёў ВКЛ ад Альгерда і Стэфана Баторыя, гістарычных асоб ад Ефрасінні Полацкай і маладога Францыска Скарыны да Эміліі Плятэр і дзяячкі першага беларускага палітычнага адраджэння Палуты Бадуновай, выставіў 23 красавіка ў памяшканні БНФ «Адраджэнне» вядомы мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін.



30 графічных аркушаў з выявамі вялікіх князёў ВКЛ ад Альгерда і Стэфана Баторыя, гістарычных асоб ад Ефрасінні Полацкай і маладога Францыска Скарыны да Эміліі Плятэр і дзяячкі першага беларускага палітычнага адраджэння Палуты Бадуновай, выставіў 23 красавіка ў памяшканні БНФ «Адраджэнне» вядомы мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін.

У старых польска-літоўскіх хроніках — Бельскага, Гваньіні — выявы каралёў і вялікіх князёў утваралі разгорнутыя цыклы, дапамагалі цікаўнаму чытачу матэрыялізаваць уяўленні пра гістарычнае мінулае. Павага да яго натхняла ўласнікаў старабеларускіх магнацкіх рэзідэнцыяў упрыгожваць сцены парадных залаў вобразамі славутых гістарычных асоб. Так і нарадзілася ў Марачкіна, укаранёная ў традыцыі, ідэя разгорнутай серыі славутых герояў.

Палітык Вінцук Вячорка на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі, якое наведалі некалькі дзесяткаў сябраў Аляксея Антонавіча, каб яшчэ раз павіншаваць яго з 70-гадовым юбілеем, што адбыўся 30 сакавіка, так абмаляваў свае ўражанні ад убачанага: «Паўстае персаніфікаваная беларуская гісторыя ў жывых абліччах. Увасобленая ў творах мастацтва, яна пачынае жыць самастойным жыццём. Расцягваецца ў літаратурныя і вобразныя алюзіі, пераходзіць у цытаты і школьныя падручнікі».

Спадар Вінцук прэзентаваў вершаванае віншаванне мастаку ад даўняга сябра, паэта-барда Сяржука Сокалава-Воюша, дасланае з ЗША, у якім дух выставы адлюстраваўся паэтычнымі радкамі:


«…з глыбіняў, з нетраў старасветчыны
Вядзе да нас відушчая рука
Падзеяў, дзеяў шыхт,
ачалавечаны
Праз светаўспрыманне
мастака…»



Гістарычная серыя Аляксея Антонавіча пачыналася з жывапіснага партрэта Багуслава Радзівіла, магната, удзельніка драматычных падзей сярэдзіны XVII стагоддзя, спробы вылучыць ВКЛ у асобную ад Польшчы дзяржаву. Два гады таму з яго пачалася мастацка-літаратурная серыя «Жодзінцы», распрацаваная мастаком разам з сябрам, выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым. А пазней, не раз абмеркаваны ў сяброўскім коле, цыкл ужо графічных партрэтаў вырас да ўзроўню невялікага нацыянальнага пантэону.

У ім укаранёная ў стагоддзях ідэя спалучылася з сучаснай формай, падказанай кампутарнымі тэхналогіямі. Выкананы вугалем на кардоне энергічны малюнак фатаграфуецца, выводзіцца ў друк на постэр, які трэба наклеіць на дробназерневае палатно, а затым зноў дапрацаваць вугалем. І ў творы ажывае рытміка і вібрацыя працы аўтарскай рукі. У распрацаванай мастаком тэхніцы хутчэйшае тыражаванне спалучаецца з адноўленым водарам арыгіналу.

Аркушы вялікага фармату часам нагадваюць падмалёўкі, першасныя накіды іконных або фрэскавых вобразаў, асабліва ў адлюстраваннях святых — Меркурыя, Ефрасінні. Можа, абаянне беларускага іканапісу натхняе стылістычныя пошукі Марачкіна, нездарма ж ён паўтара дзесяткі год таму стварыў абраз «Маці Божай Чарнобыльскай»? Гэты ўспамін нагадаў пра малавядомы эпізод з 1990-х гадоў, калі Марачкін быў загадчыкам кафедры жывапісу ў тагачасным Тэатральна-мастацкім інстытуце і прапанаваў некалькім студэнтам, калі гэта ляжа на душу, у рамках практыкі па капіяванню мастацкіх твораў, паўтарыць шэдэўры іканапісу з Музея старажытнабеларускай культуры. І яны выканалі некалькі выдатных работ.

Што тычыцца Аляксея Марачкіна, то падобнае пытанне для яго не было нечаканасцю: «Я, безумоўна, не стаў прафесійным іканапісцам, але, здаецца, Гандзі сказаў: калі жывеш з народам, ты не задумваешся — звяртаешся ты да нацыянальнай формы ці не нацыянальнай. Усё атрымліваецца само сабой…»

Яшчэ ў лініях графічных аркушаў Марачкіна адчуваецца ўпэўненасць і моц, таму ад рэдакцыі «НЧ» мы дадаём: 70 год, калі ў душы мастака ёсць месца гармоніі і любові да краіны, да сяброў — самы час росквіту талента.
 

Каментаваць