Амбасадар Швецыі заспявае

З 13 мая па 10 чэрвеня ў Мінску пройдуць Дні культуры Швецыі ў Беларусі. А напярэдадні, 12 мая, на прэс-канферэнцыі ў амбасадзе Швецыі распавялі пра праграму шведскіх дзён.


Яны, як адзначыў шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан, сталі традыцыйнымі ў Беларусі. Шведская амбасада праводзіць іх ужо не адзін год. Сам спадар Эрыксан гэтым разам стане непасрэдным іх удзельнікам не толькі ў якасці амбасадара.



З 13 мая па 10 чэрвеня ў Мінску пройдуць Дні культуры Швецыі ў Беларусі. А напярэдадні, 12 мая, на прэс-канферэнцыі ў амбасадзе Швецыі распавялі пра праграму шведскіх дзён.


Яны, як адзначыў шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан, сталі традыцыйнымі ў Беларусі. Шведская амбасада праводзіць іх ужо не адзін год. Сам спадар Эрыксан гэтым разам стане непасрэдным іх удзельнікам не толькі ў якасці амбасадара.


  “Я трохі спяваю, — паведаміў ён на прэс-канферэнцыі. — Нават уступіў у беларускі хор. Так што калі ўсё будзе добра, мабыць, я разам з гэтым хорам таксама буду выступаць у Сафійскім саборы ў Полацку. Ёсць такія планы.


Маецца на ўвазе сумеснае выступленне 4 чэрвеня ў Полацку беларускага хору “Concordia са шведскім камерным хорам Святога Юханэса. Дарэчы, рэпертуар “Concordia надзвычай багаты. Гэта і беларускія народныя песні, і руская духоўная музыка, і англійскія мадрыгалы і матэты эпохі Адраджэння, і калядныя спевы, і джазавая харавая музыка.


Сольны канцэрт гурта “Hedningarna (у перакладзе “паганцы, язычнікі) адбудзецца 13 мая ў Палацы культуры ветэранаў. “З улікам таго, што паганскія традыцыі даволі жывыя ў Беларусі, такі гурт вельмі падыходзіў для беларускай музычнай сцэны, — лічыць Стэфан Эрыксан. Музыкі, захапляючыся шведскай і фінскай фолк-музыкай, сплятаюць традыцыйнае гучанне з электронным. Яны выкарыстоўваюць народныя інструменты з тэхналогіямі хай-тэк тыпу сінтэзатараў і сэмплераў.


17 мая ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыецца шведска-беларуская выстава карыкатур пад назвай “Сам-насам з кліматам. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак і ўключае працы беларускіх і шведскіх карыкатурыстаў. Гэта “вандруючы праект, мэта якога — распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы. У ім удзельнічаюць шведскія мастакі, а таксама мастакі той краіны, дзе дэманструецца выстава.


Праект стартаваў у верасні 2010 года ў Ісландыі. Затым выставы адбыліся на Балканах, у Малайзіі, Сірыі, Латвіі і Расіі. У рамках выставы адбудуцца круглы стол на тэму “Змены клімату ў мастацтве, майстар-клас па карыкатуры пад кіраўніцтвам шведскай мастачкі Карын Сунвісан і семінар-трэнінг “Карыкатура, коміксы і змены клімату.


1 чэрвеня ў Палацы культуры ветэранаў адбудзецца прэзентацыя дыска Зміцера Вайцюшкевіча “Чара. Гэта альбом песень на вершы вядомых шведскіх паэтаў Катарыны Фростэнсан, Крыстофэра Леандуэра і Кенэта Клемэтса. Пераклалі іх на беларускую мову таксама вядомыя асобы — Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў і Дзмітры Плакс. У альбом ўвайшлі і дзве адмысловыя песні. Адна на верш Андрэя Хадановіча “Беларускія мужчыны, а таксама песня на шведскай мове на верш Барбру Ліндгрэн у выкананні Аляксандры Эрыксан — дачкі амбасадара Стэфана Эрыксана.


Прэзентацыя гэтага дыска ўжо прайшла ў Стакгольме 2 мая ў Паўднёвым тэатры. “Мне пашчасціла быць там таксама. І хачу сказаць, што вельмі паспяхова прайшоў канцэрт, — паведаміў спадар Эрыксан. “Усе паэзіі нашых суседзяў, блізкіх і далёкіх, прыгожыя. І імі трэба цікавіцца, — заклікаў публіку Зміцер Вайцюшкевіч.


З 2 па 4 чэрвеня ў Мінску, Пінску і Брэсце пройдуць шведска-беларускія літаратурныя чытанні. Яны праводзяцца ўжо дзясяты год. “Юбілей можна казаць, — зазначыў шведскі амбасадар. Шведскія пісьменнікі выступаюць разам з беларускімі. У праграме — чытанне аўтарамі ўрыўкаў з уласных твораў. Вядоўца імпрэзы — Віктар Шалкевіч. Беларускія ўдзельнікі — Алесь Пашкевіч, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака і Віктар Шалкевіч. Шведскія ўдзельнікі — паэтэса Катарына Фростэнсан, пісьменнікі Ула Лашму і Ульф Старк.


3 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі ўпершыню ў Беларусі выступіць камерны хор Святога Юханэса, удзельнікі якога жывуць у прыходзе Святога Юханэса ў Стакгольме. Ён звяртаецца да розных твораў — пачынаючы з класічных араторыяў і традыцыйнай акапэльнай музыкі і да перформансаў і сцэнічных пастановак. А 4 чэрвеня камерны хор Святога Юханэса выступіць разам з беларускім хорам “Concordia у канцэртнай зале Сафійскага сабора ў Полацку.


З 7 па 10 чэрвеня ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны пройдзе фестываль шведскага кіно — паказ мастацкіх і дакументальных фільмаў. “Фільмы цікавыя, — паведаміў Стэфан Эрыксан. — Шведскае кіно ўвогуле даволі цікавае.


“Мне здаецца, што сёлета Дні культуры надзвычайна багатыя. Нам удалося даволі шмат мерапрыемстваў уключыць у праграму. Гэта і розныя музычныя мерапрыемствы, гэта і мастацтва, гэта і літаратура, гэта і кіно. Так што можна казаць, што праграма больш насычана, чым звычайна. Мы спадзяемся, што ёсць нешта на густ кожнага ў праграме нашых дзён культуры, — лічыць амбасадар Швецыі.

Каментаваць