«Амбасовішча-2014»: упэўненае лідарства Re1ikt

28 жніўня амбасада ЗША ў Рэспубліцы Беларусь у дзесяты раз запрасіла беларускіх музыкантаў і прадстаўнікоў рок-руху і шоў-бізнесу на юбілейны музычны фэст «Амбасовішча-2014».



Пераможцы Амбасовішча 2014


Як зазначыў ва ўступным слове Паверены ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд, за дзесяць год фэст стаў важнай пляцоўкай па пашырэнню і папулярызацыі музыкі тых калектываў, якія ўвасабляюць свабоду творчасці і ўяўляюць сабой новае слова на беларускай рок-сцэне. Спадар С.Роланд пажадаў фэсту далейшых поспехаў у справе ўзаемаразумення паміж нашымі народамі і новых музычных адкрыццяў.

На гэтым юбілейным фэсце быў праведзеныадборачны конкурс удзельнікаў «Амбасовішча-2014». У выніку папярэдняга праслухоўвання сярод дзесяткаў прэтэндэнтаў арганізатары аддалі перавагу гуртам Navi, Час Speak, 2Morrow2Late, Re1ikt, StepHall, Terrakod, Landau іNGe. Менавіта сярод гэтых калектываў глядацкае журы павінна было метадам галасавання выявіць самы лепшы і творча самабытны гурт фэсту.

Адмысловым госцем фэста «Амбасовішча-2014» у гэтым годзе стала вядомая выканаўца са Злучаных Штатаў Амерыкі, соўл-хіп-хоп-рэп-спявачка Аіша Фукушыма, якая прыехала ў Беларусь са сваім гуртом. На фэсце Аіша і яе бэнд выканалі некалькі кампазіцый ў сваёй ўлюбёнай стылістыцы, чым прадэманстравалі тое, што існуе напрамак некамерцыйнай афра-амерыканскай музыкі. На заканчэнні свайго сэта Аіша выконвала кампазіцыю «Дыхай»ужо разам з беларускай грамадой.

Справа ў тым, што Аіша Фукушыма і яе гурт ужо стаў даволі вядомымтутэйшым слухачам і музыкантам: да свайго выступу на «Амбасовішчы-2014», амерыканскія музыканты далі канцэрт у Барысаве, у Мінскай бібліятэцы імя А. Пушкіна і Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе Аіша і яе бэнд выступілі разам з беларускім дуэтам Аляксандра і Канстанцін.

Трэба адзначыць, што сёлятні фэст і канцэрт Аішы Фукушымы трансліраваліся «жыўцом»на канале партала Youtube . Удзельнікі фэста і яго гледачы былі ўзрушаны цёплым адносінамігэтых беларускіх і амерыканскіх музыканаў, якія, відавочна, маюць шмат агульнага, не зважаючы на розныя стылістычныя напрамкі іх музыкі і грамадзянства.

Але вернемся да конкурснай праграмы, якая разгарнулася на спецыяльна арганізаванай на тэрыторыі амбасады канцэртнай пляцоўцы. Слухачы змаглі пазнаёміцца з новай плынню беларускіх выканаўцаў: ад лірычнай поп-музыкі дуэта Naviда хард-рока харызматычных 2Morrow2Late, ад джаз-рока і фанка маладой каманды StepHall да фолк-панка пад беларускую дуду гурта Terrakod. Шкада, што ў многіх з іх беларускамоўныя песні — хутчэй выпадковасць, чым творчы напрамак. Але нават, пару кампазіцый на роднай мове, а яны прысутнічалі ў большасці каманд, — гэта ўжо добры прыклад для іншых выканаўцаў.

Асаблівую ўвагу слухачоў прыцянуў сэт гурта Re1ikt, якія на фэсце выканалі свае хіты «Лося», «Ай рана, на Івана» і іншыя кампазіцыі. Гэта тлумачылась тым, што музыкантам ўдалося так сканцэртраваць паліфанічнае метал-гучанне каманды, вакал і мелодыі народных песень, што знаёмыя творы загучалі зусім па-новаму. Звяртаюся да вядомай беларускай фолк-спявачкі Веранікі Кругловай: «Як вам «экстрэмальнае»гучанне народных спеваў у выкананні Re1ikt’а?»«Сапраўды, цікава і свежа, думаю галасаваць за іх!»— быў яе адказ.

І вось арганізатары аб’явілі завяршэнне конкурснай праграмы і рушылі на падлік галасоў, а на сцэну была запрошана мая суразмоўца — Вераніка Круглова і вакальная частка гурта KRIWIў складзе В.Валадзько і Н.Хмель, якія ў стылі хіп-хоп выканалі апрацоўкі народных песень. Што выклікала шчырыя апладысменты слухачоў і ўдзячнасць дзяўчынам за цудоўныя спевы ў сучасных рытмах.

Калі на фестывальнай сцэне з’явіліся Павераны у справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь спадар Скот Роланд і вядучы фэста Алесь Круглякоў, то слухачы з цікавасцю засяродзіліся на іх паведамленнях. Гэта былі вынікі галасавання: трэцяе месца і каштоўны падарунак ад амбасады атрымаў гурт 2Morrow2Late. Другое месца ў каманды StepHall.

Ну а пераможцамі, пад агульныя апладысменты слухачоў, быў названы гурт Re1ikt! Беларускія музыканты пачулі шмат прыемных слоў ад спадара Паверанага, слухачоў і музыкантаў. І на гэтым пазітыўным акордзе юбілейны, дзесяты фэст «Амбасовішча» скончыў сваю працу, быццам бы запрашаючы нас на наступную, адзінадцатую музычную сустрэчу з вядомымі і маладымі беларускімі гуртамі на гэтай ўжо традыцыйнай фестывальнай пляцоўцы.

Абмеркаванне:

  • MuzFan
  • 2014-08-29 19:27:33
Так, "Re1ikt" - гэта сіла! Хлопцы насамрэч усіх раскалыхалі. А яшчэ па-за конкурсам Вэраніка Круглова плённа нагадала колішні культавы брэнд свой - гурт "Kriwi", дзе
цяпер сабраліся ўдзельнікі шэрагу прыпыненых гуртоў ("Джамбібум", "Гаротніца").

Каментаваць