Анатоль Белы: талент быць грамадзянінам і чалавекам

На днях адбылося святочнае пасяджэнне культурна-асветнага клуба «Спадчына». На ім грамадскасці была прадстаўлена кніга ўспамінаў пра нязменнага кіраўніка «Спадчыны» Анатоля Яўхімавіча Белага «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны», якая выйшла дзякуючы сям’і Анатоля Яўхімавіча, сябрам клуба, журналісту і выдаўцу Віктару Хурсіку.



Нагадаю, што пасля заўчаснай смерці свайго лідара, сябры клуба разам з сям’ёй Анатоля Яўхімавіча паставілі сабе за мэту зрабіць максімальныя захады, каб захаваць у людской памяці, пашырыць інфармацыю пра ўсё тое ўнікальнае, што было створана талентам і рукамі Анатоля Белага. Гэта тычыцца яго збіральніцкай дзейнасці і стварэння першага ў Беларусі прыватнага музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, устаноўкі помнікаў выдатным асобам нашай Айчыны — асветнікам, літаратарам і паэтам, вяртання забытых імёнаў нашай гісторыі і мастацтва.

Гэтай мэце быў прысвечаны першы том мемарыяльнага выдання — зборнік «І паўстала «Спадчына», у якім аддавалася даніна памяці кіраўніку клуба. Кніга ўяўляла сабой шматгадовы летапіс дзейнасці «Спадчыны»: том уключаў таксама біяграфіі сяброў клуба, апісанне ўзнагародаў, якімі ганараваліся найбольш актыўныя з іх. У кнізе змяшчаліся і дакументы, якія распавядалі цікаўным пра той шлях і тыя справы, якія былі здзейсненыя клубам у справе нацыянальнага Адраджэння.

Новы том мемарыяльнага выдання «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны» закранае іншыя бакі характару і дзейнасці Анатоля Белага. Маю на ўвазе яго чалавечыя якасці, яго адносіны да сяброў "Спадчыны", і не толькі да аднадумцаў, але і тых, хто ў той час быў, так бы мовіць, «на іншым баку барыкад». З усімі Анатоль Яўхімавіч знаходзіў агульную мову, бо ніколі не даваў волю неабдуманым дзеянням, няўзважаным эмоцыям. Для Анатоля Яўхімавіча галоўным было дасягненне вынікаў на карысць нацыянальнага Адраджэння, сярод прыхільнікаў якога ён бачыў кожнага беларуса — трэба толькі было знайсці адпаведныя падыходы, каб выявіць у чалавеку ўсё лепшае. У гэтым быў талент Белага, пра які так шмат гаворыцца ў новай кнізе, і які пастаянна ўзгадваўся падчас прэзентацыі кнігі «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны».

Слова пра тату. Выступае Святлана Белая

Аўтарамі ўспамінаў сталі сямейнікі Анатоля Яўхімавіча, а таксама сябры «Спадчыны». Цёплыя словы пра бацьку прагучалі з вуснаў дачкі Анатоля Яўхімавіча Святланы: «Мяне вельмі кранула тая шчырасць і любоў у адносінах да таты, якая гучыць ва ўспамінах, што змешчаны ў новай кнізе. Калі я чытала гэтыя радкі, перада мной узнікаў жывы чалавек. І ў мне былі вельмі змяшаныя пачуцці, я плакала, бо тата паўстаў перада мной як жывы. Яго характар, прынамсі яго частка, адлюстраваны ў гэтых успамінах вельмі даклада. Я шчыра ўдзячная сябрам «Спадчыны», усім тым, хто спрычыніўся да выдання гэтай кнігі».

Сваімі ўражаннямі ад здзейсненай працы дзеліцца адзін з укладальнікаў і рэдактар выдання, паэт Яўген Гучок: «Падчас працы над кнігай я яшчэ раз упэўніўся ў тым, што Анатоль Белы — незвычайная постаць у нашым нацыянальным руху, і нам вельмі не хапае яго. Я лічу, што ён — вялікі чалавек і Беларус. У часы гістарычных пераломаў такія, як Белы, станавіліся правадырамі народных вызваленчых рухаў. І добра, што выхад кнігі — яшчэ адна нагода нагадаць пра гэта».

Думкамі пра змест новай кнігі падзяліўся сябра клуба «Спадчына», доктар гістарычных навук, прафесар Л. М. Лыч: «Я вельмі ўсцешаны і вітаю выхад такой цікавай кнігі, таму што пра тую асобу, якой яна прысвечана, — А.Белага — афіцыйныя ідэалагічныя структуры і праз трыццаць гадоў ні слова не скажуць і ніякім чынам не ўзгадаюць. Таму самае важкае слова пра Анатоля Яўхімавіча павінны сказаць тыя, хто яго ведаў, хто быў поруч з ім у барацьбе за беларускую нацыянальную ідэю. Мне здаецца, што трэба ўвесці ў практыку стварэнне такога роду кніжак. Я ўсцешаны, што выдаюцца кнігі пра беларускіх нацыянальных дзеячаў мінулых стагоддзяў. Але трэба, каб людзі ведалі і сваіх сучаснікаў. Тым больш, што з імі можна сустрэцца і даведацца пра сённяшнія іх справы, задумы і пра іх погляд у будучыню, пакуль гэта магчыма».

Успамінае Ян Антанюк

Сваімі думкамі адносна кнігі ўспамінаў пра кіраўніка «Спадчыны» з прысутнымі падзяліліся мастакі А.Зімін і У.Мелехаў, стараста грэка-каталіцкай царквы Ян Антанюк, ветэраны культурна-асветнага клуба «Спадчына» Надзея Сармант, Анатоль Валахановіч, Мікола Несцярэўскі, Мікола Лавіцкі, Анатоль Мяльгуй, пісьменнік Васіль Якавенка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і іншыя "спадчынаўцы". Дарэчы, Ганна Вячаславаўна паведаміла, што ў музеі ўжо створаны асобны фонд Анатоля Белага, і хутка з ім змогуць знаёміцца даследчыкі і ўсе цікаўныя.

Узвышаную ноту ў хаду прэзентацыі святочнага пасяджэння «Спадчыны» ўнесла добра вядомая сябрам клуба спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая не так даўно вярнулася з канцэртнай паездкі па Злучаных Штатах Амерыкі. Таццяна з неверагодным пачуццём і артыстызмам выканала шэраг знакамітых беларускіх патрыятычных песень, пачынаючы ад песняроўскай «Спадчыны» (на верш Я. Купалы) і «Пагоні» (верш М.Багдановіча) да «Развітання з Радзімай» (на верш С. Сокалава-Воюша). У многіх сябраў "Спадчыны" ўзвышаны голас і тонкае выкананне Таццяны Грыневіч-Матафонавай выклікалі слёзы і шчырыя воклічы «брава, біс!». Завяршылася пасяджэнне клуба «Спадчына» яшчэ адной прэзентацыяй. Гэтым разам відэафільма, прысвечанага Анатолю Яўхімавічу Беламу «Ваяр Белы», што быў сустрэты з цікаўнасцю і суперажываннем.

Абмеркаванне:

  • Огнівыч
  • 2015-11-24 15:57:05
Калі быў маладзейшым, нярэдка наведваў вечарыны клюбу "Спадчына", а вось гэтае мерапрыемства неяк абмінула мае магчымасьці. Рады працягу плённай дзейнасьці, што бачна ў разьвіцьці
закладзеных спадаром А.Белым тэндэнцыяў. А яшчэ ж да "Спадчыны", спадар Белы быў актыўным наведнікам нефармальнай суполкі "Талака". Мы на роўных спрачаліся, а ён не
спыніўся на спрэчках, а стварыў плённы клюб, цікавы музэй, спрыяў буларусізацыі мемарыяльных мясьцінаў Беларусі.
  • ДГП
  • 2015-12-01 21:59:47
Знайшоў на ю-тубе цікавае інтэрв'ю гэтага самага Анатоля Мяльгуя пра свае кнігі, пра музыку нашу, якое адбылося дзесьця тыдзень таму ў адным менскім клубе https://www.youtube.com/watch?v=R5JFM4P7ZAQ

Каментаваць