Анатоль Трафімчык: Калі для Беларусі пачалася Другая сусветная?

Выйшла з друку кніга Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь: забытая вайна».



Галоўная думка кнігі — Другая сусветная вайна для Беларусі распачалася 1 верасня 1939 г., а не стала непрыемнай нечаканасцю толькі 22 чэрвеня 1941 г. Анатоль Трафімчык падрабязна распавядае, як Беларусь стала прасторай для размежавання ўплываў паміж нацысцкай Германіяй і камуністычным Савецкім Саюзам.

Для Беларусі справа не абмежавалася толькі «уз’яднаннем» яе заходняй часткі з БССР. Дый «уз’яднання» як тагога не было. А была хітрая крывадушная палітыка сталінскай дзяржавы, якая пераступала праз нацыянальныя інтарэсы і людзкія лёсы дзеля запаветнай мэты — ажыццяўлення ў свеце сацыялістычнай рэвалюцыі.

Анатоль Трафімчык, сапраўдны знаўца праблемы, на шырокім дакументальным матэрыяле асвятляе сутнасць аб’яднання Беларусі і палітыкі новай савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах. У кнізе па-новаму трактуюцца даўно вядомыя факты, прыцягваюцца новыя крыніцы. Шырока асвятляюцца міжнародны фон і перадумовы падзей 1939 года.

Адметная рыса кнігі — беларусацэнтрычная аргументацыя аўтара. Ён трапна аналізуе і пераасэнсоўвае погляды і ацэнкі суседзяў, вымалёўваючы ўласнае стаўленне да праблемы.

Жывая і сакавітая беларуская мова, якой выдзяляецца стыль пісьма Анатоля Трафімчыка, стварае прыемную атмасферу лёгкага інтэлектуальнага чытання. Вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад знаёмства з арыгінальнымі разважаннямі аўтара.

Кнігу можна набыць у найлепшых кнігарнях Мінска — «Акадэмкніга», «Логвінаў», «Кніжны салон», кніжным кірмашы на Янкі Купалы, інтэрэт-кнігарнях imbryk.by, knihi.by, kniger.by

Каментаваць