"Анатомія нянавісці" Анатоля Тараса перакладзена на польскую мову

Прэзентацыя польскай версіі кнігі Анатоля Тараса "Анатомія нянавісці. Руска-польскія адносіны ў XVIII–XX стагоддзях" адбылася падчас XXIV кірмашу гістарычнай літаратуры ў Варшаве.



У варшаўскім выдавецтве “Дэмарт” накладам у 5 тысяч паасобнікаў выйшаў польскі пераклад кнігі Анатоля Тараса “Анатомия ненависти. Русско-польские конфликты в XVIII–XX веках”.

Матэрыялы для кнігі аўтар збіраў пяць гадоў, а напісаў яе за пяць месяцаў. Выданне з’яўляецца працягам кнігі Анатоля Тараса “Войны Маскоўскай Русі з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV–XVII стагоддзях”, якая выйшла ў 2006–2008 гадах пяццю выданнямі і выклікала вялікую цікавасць у чытачоў.

Рускамоўнае 800-старонкавае навукова-папулярнае выданне ўпершыню пабачыла свет восенню 2008 года ў мінскім выдавецтве “Харвест” у серыі “Невядомыя войны”. Кніга двойчы перавыдавалася, і яе агульны наклад склаў 9 тысяч паасобнікаў. 

Кніга напісаная паводле матэрыялаў больш чым 120 даследаванняў беларускіх, польскіх і расійскіх гісторыкаў. Аўтар разгледзеў усе асноўныя антаганізмы (войны, паўстанні, змовы і рэпрэсіі) паміж Расіяй і Польшчай з 1700 да 1953 года і прапанаваў уласную канцэпцыю прычынаў, характару і спецыфікі руска-польскіх канфліктаў.

Анатоль Тарас зыходзіў з таго, што на працягу 250 гадоў Расія аказвала пастаянны ціск на Польшчу, каб пазбавіць дзяржаўнай незалежнасці, зрусіфікаваць і цалкам падпарадкаваць. На думку аўтара, гэты працэс не залежаў ад змены палітычнага рэжыму ў Расіі.

Польскі пераклад кнігі складае 896 старонак. Апроч таго, “Дэмарт” пакінуў толькі 10 адсоткаў аўтарскіх ілюстрацый і дадаў шэраг гістарычных мапаў.

Польская версія кнігі была прэзентавана на XXIV кірмашы гістарычнай літаратуры ў Варшаве, што адбыўся 26–29 лістапада ў Аркадах Кубіцкага, якія месцяцца каля каралеўскага палацу ў цэнтры польскай сталіцы. Падчас кірмашу было прададзена больш за 100 экземпляраў выдання.

Спецыялізаваны кірмаш традыцыйна арганізуе Саюз польскіх выдаўцоў, апроч якіх запрашаюцца і замежныя выдаўцы. На гэты раз у кірмашы бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі і Расіі.

Як адзначыў Анатоль Тарас, фармат кірмашу ўражвае, бо на ім прадстаўлены ўсе польскія выдавецтвы, якія выпускаюць гістарычную літаратуру менавіта па тэматыцы айчыннага мінулага. Гаворка ідзе пра навуковыя даследаванні, зборнікі артыкулаў, навукова-папулярныя выданні, мемуары і гістарычныя часопісы.

На думку Анатоля Тараса, такі спецыялізаваны кірмаш гістарычнай літаратуры не толькі вельмі неабходны для Беларусі, але і можа быць паспяховым на Бацькаўшчыне.    

Каментаваць