Андрэй Курэйчык верыць, што ў беларускім кіно можна ўсё змяніць да лепшага

Сёння cкончыліся здымкі новай беларускай камедыі «PARTY-zan фільм». Фільм пра траіх маладых авантурыстах, якія мараць хутка і лёгка разбагацець.

 

Андрэй Курэйчык тлумачыць юным акцёрам іх ролі

І героі не прыдумляюць нічога лепшага, як назвацца беларускімі кінапрадзюсарамі маскоўскай кінагрупе, для якой бяруцца зняць некалькі ваенных сцэн.

Аўтар НЧ Алег Грушэцкі, які, апроч усяго, яшчэ і зняўся ў стужцы ў эпізодзе, паразмаўляў са сцэнарыстам і рэжысёрам фільма Андрэем Курэйчыкам.

 

— Андрэй, дазвольце вас павіншаваць з завяршэннем здымак. Параўноўваючы папярэднюю вашу беларускую карціну, «ГараШ», і вашу новую працу, «PARTY-zan фільм», наколькі новы фільм складаней у вытворчым працэсе?

 

— Шчыра дзякую за віншаванні! «PARTY-zan фільм» — гэта карціна іншага ўзроўню. «ГараШ» першапачаткова планаваўся як пілотная серыя невялікага сіткама, літаральна хвілін на трыццаць, потым ён разросся да гадзіны, але ўсё адно ён здымаўся на ўзроўні тэлевізійнай вытворчасці. Ён быў зняты за 5 дзён, і галоўным чынам у адным памяшканні — у памяшканні гаража. Тут у нас паўнавартаснае ігравое кіно, на паўтара гадзіны, з велізарнай колькасцю акцёраў, масоўкі, лакацыі, перамяшчэнні. Мы здымалі ў Мінску, Брэсце, паміж Мінскам і Брэстам. То бок мы, як ні круці, ствараем новае поўнаметражнае беларускае кіно для кінатэатраў.


Аўтар артыкула (Алег Грушэцкі) разам з Андрэем Курэйчыкам


 

— Ці ўсё з задуманага атрымалася зняць, ажыццявіць?

 

— Шмат што атрымалася, некаторыя сцэны будзем даздымаць, што таксама неабходна. Тым не менш, я лічу, той жанр, які мы жадалі атрымаць, — мы яго атрымалі.

 

— Якія сцэны былі самымі тэхнічна складанымі?

 

— Для нас вельмі няпроста было здымаць у цягніку, напрыклад. Вельмі маленькая прастора, не было ўсяго набору абсталявання, якое хацелася б паставіць. Таму цягнік быў нялёгкі. І на лініі Сталіна найскладаная сцэна, таму што велізарная колькасць рэканструктараў, масоўкі, баталіі, набор піратэхнікі і ўсяго астатняга.


Галоўныя героі разам з Андрэем Курэйчыкам

 

— Першапачаткова анансавалася, што ў фільме апроч маладых беларускіх акцёраў прымуць удзел і айчынныя зоркі. Ужо вядома, што ў карціне знялася Эвеліна Сакура, якая, безумоўна, бліскуча з’явілася ў «ГараШы». Каго мы яшчэ ўбачым у новай карціне?

 

— Я спадзяюся, што мы яшчэ не ўсіх знялі тых, каго мы жадаем. Але я вельмі спадзяюся, што будуць яшчэ і музыкі, напрыклад — гурт «Neuro Dubel» у поўным складзе, зноў жа Аляксандр Кулінковіч. Павінны быць вядомыя акцёры мінскіх тэатраў. Плюс, мы жадаем заявіць дзве таемныя зоркі. Мы іх здымем, але пакуль не будзем анансаваць, хто гэтыя людзі.

 

— У фільме «ГараШ» вам удала атрымалася паказаць надзённыя праблемы грамадства — карупцыю, неабдуманыя законы, вы здолелі падняць тэмы, актуальныя ў той час. Фільм шмат у чым атрымаўся філасофска-сатырычным разважаннем над нашай саўковасцю, ад якой даўно час пазбавіцца. Ці працягнецца гэтая лінія ў новай стужцы, ці будзе тут які філасофскі падтэкст, чарговая сатыра, ці ж гэта будзе больш забаўляльнае кіно, інтэртэймент?



 

— Гэта забаўляльнае кіно. Але ў ім вельмі шмат іроніі ў адносінах да сучаснага беларускага жыцця. І першым чынам гэта датычыцца псіхалогіі — чаго яны жадаюць, маладыя беларусы? У нас героі, якія, з аднаго боку жадаюць поспеху ў працы, напрыклад IT-шнік. З іншага — малады беларус, які вельмі жадае зарабіць хутка і шмат, любым коштам. І такіх мы таксама ведаем. Натуральна, мы не абышлі тэму чыноўніцтва і бюракратыі. Мы не абышлі тэмы стаўлення да кіно ў Беларусі. Бо фільм пра тое, як здымаюць кіно, і галоўнае пытанне — чаму ў Беларусі здымаецца так шмат замежнага кіно, найперш расійскага, і амаль не здымаецца беларускае? Для мяне гэта важна — чаму мы знаходзімся быццам на такім культурным завуголлі ў кінематографе.

 

— Як нам выйсці з гэтага завуголля? «Беларусьфільм» цяпер больш служыць пляцоўкай для расійскіх тэлекампаній, чым з’яўляецца вытворцам ўласнай прадукцыі. Што можна зрабіць, каб умацаваць наш брэнд, прымусіць гучаць яго імя? Як змяніць сітуацыю, і што нам замінае гэта зрабіць?

 

— Я лічу, што мы цяпер напачатку нейкага добрага этапу, калі мы можам даказаць усім, што беларусы здольныя здымаць яркае цікавае беларускае кіно.


 

— За чые грошы?

 

— Я за тое, каб не разлічваць ні на дапамогу дзяржавы, ні на нейкія інвестарскія грошы — іх няма. Я за тое, каб былі клёвыя ідэі і добрыя каманды, якія могуць іх рэалізоўваць. Проста, каб маладыя кінематаграфісты збіраліся ў кінагрупы і здымалі.

 

— Быццам бы ў нас ёсць нядрэнныя рэжысёры і сцэнарысты. Ёсць напрацоўкі, школа, досвед. Некаторым нават аказваецца нядрэнная фінансавая падтрымка. Але ўсё адно павагі нават у саміх беларусаў да ўласнага кіно не бачна? Чаму? Гэта наш постсавецкі менталітэт з арыенціроўкай, што ўсё наша — дрэннае, а чужое добрае? Ці сапраўды ў нас так мала добрага?

 

— Гэта некаторая нацыянальная, я б сказаў, хвароба: мы вельмі любім усё замежнае і мала шануем беларускае. У той час як у нас ёсць добрае і ў літаратуры, і Нобелеўскі камітэт гэта пацвердзіў, у нас ёсць добрае ў музыцы, у нас ёсць добрае ў жывапісе, і напэўна — у нас ёсць добрае ў кіно. Давайце шанаваць сваё, таму што гэта позна рабіць, калі за нас гэта ацэньваюць іншыя.


 

— Вакол нас кінарынак нядрэнна развіваецца. Расія, Польшча — зразумелая справа, там умовы лепей і грошай пабольш. Але ў апошні час, літаральна на вачах, прыкметна вырас і ўкраінскі кінарынак, які быццам бы гэтак жа ў нейкай ступені выкарыстоўваўся як платформа для расійскага кінарынка. У каго нам варта павучыцца і чый досвед вынікала б пераняць, як кінавытворцам, так і чыноўнікам?

 

— Украінцы! Для мяне гэта цяпер украінцы, гэта лідары. У Кіеве колькасць кінапраектаў велізарная проста — каля 50 кінапраектаў цяпер, сёлета, адначасова працуе ў Кіеве. Гэта значыць, людзі здымаюць, здымаюць, здымаюць. Чаму? Таму што яны зразумелі: ніхто для цябе нічога не зробіць. Ты сам павінен рабіць сваё нацыянальнае кіно. Таму яны абмежавалі паказ расійскіх фільмаў, але сталі здымаць сваё.

 

— «ГараШ» нечакана стрэліў у беларускім пракаце — нашмат лепш, чым большасць дзяржаўных і незалежных беларускіх фільмаў за апошні час. Ці ёсць надзея паўтарыць або перасягнуць поспех? Ці пакуль рана загадваць?

 

— Мы наладжаны на шырокі пракат. І мы вельмі верым, што беларускаму гледачу надакучыла ўвесь час глядзець замежнае кіно на сваіх экранах. У нас мэта — зацягнуць беларусаў у кінатэатры на беларускае кіно, і даказаць, што беларусы гатовыя глядзець беларускае кіно. Вось калі гэта атрымаецца даказаць, я ўпэўнены — знойдзецца шмат людзей, гатовых такое кіно здымаць.



 

— У першы дзень здымак ёсць добрая кіношная традыцыя разбіцця талеркі з імёнамі ўдзельнікаў здымачнай групы. Як плануеце адзначыць завяршэнне здымак, калі не сакрэт?

 

— У нас будзе не адно свята, мы будзем рабіць цэлую серыю мерапрыемстваў, вечарынак, звязаных з гэтым фільмам. Вядома, будзе традыцыйная шапка — фінальны банкет пасля завяршэння кіно для кінагрупы, такое сямейнае мерапрыемства. Таксама ў нас будзе прэзентацыя трэйлера, прэзентацыя музычнай часткі фільма, будуць перадпрэм’ерны паказ, закрытыя паказы, і нарэшце — прэм'ера, і ўсё, што звязана з прэм’ерай.

 

— Здымкі скончыліся, што далей, якую працу мае быць зрабіць?

 

— Яшчэ будзем мантажаваць, агучваць, маляваць графіку, ствараць нейкі каляровы малюнак фільма.

 

Здымачная група з акцёрамі

— Дзе і калі будзе магчымасць убачыць ваш новы твор?

 

— Мы плануем выйсці ў канцы снежня ва ўсіх кінатэатрах Беларусі, таму што гэта беларускае кіно і разлічанае на беларускага гледача.

 

— І напрыканцы. Вашы карціны карыстаюцца поспехам у Расіі і вас там добра ведаюць. Але ў адрозненні ад некаторых і нягледзячы на шматлікія перашкоды, вы шмат імкняцеся зрабіць і ў сябе на радзіме. Што гэта? Патрыятызм? Вера, што ў нас яшчэ можна штосьці змяніць? Ці штосьці яшчэ?

 

— Я веру, што можна змяніць. І я змяняю. Проста я раблю кіно, і гэтым змяняю, як магу.




Каментаваць