Андрэй Хадановіч распавядзе пра Беларускі космас Рыгора Барадуліна

12 сакавіка ў межах магілёўскага цыкла “Urbi et Orbi”, які ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, паэт, перакладчык, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч запрашае слухачоў на размову пра “Беларускі космас Рыгора Барадуліна”. Спрабуем разам з лектарам адкрыць для сябе сапраўданага Барадуліна — не “помнік”, не “ікону”, а глыбокага і цікавейшага паэта.

 



 

“Пасля Барадуліна мы застаемся з Барадуліным <…> З намі ягоная планка, паднятая ў паэзіі, з намі ягоныя эксперыменты,  ягоныя знаходкі, ягоны голас – ён будзе гучаць і гучаць”

Андрэй Хадановіч. “Размова Жбанкова”

 

Рыгор Барадулін —  адзін з тых творцаў, якія былі ацэненыя прыжыццёва. Яго паэзія — з’ява настолькі яскравая і разнастайная, што кожная эпоха, кожная ідэалогія не раз спрабавалі надаць гэтаму нейкі асаблівы статус, выбудаваць вакол Барадуліна такое кола сэнсаў, якое стварыла б з яго “больш чым паэта” — паэта-нацыянальнага змагара, паэта-пабожніка, маральны аўтарытэт і сумленне нацыі… Але Барадуліну увесь час удавалася выйсці па-за гэтыя рамкі, быць шырэйшым, глыбейшым, шматпластавым.

Быць паэтам сапраўды народным — не паводле афіцыйнага звання, а паводле народнага прызнання: сведкі кажуць, што на свае сустрэчы Барадулін збіраў поўныя залі, прычым яго шанавалі як рафінаваныя інтэлектуалы, так і простыя вясковыя бабулі. Яго называюць паэтам фальклорнага кшталту: па-чарадзейску ствараючы новыя словы і сэнсы, ён пісаў тэксты, якія б маглі ананімна стварацца самім народам. Барадулін умеў заставацца сучасным у кожную эпоху, ён да апошняга захоўваў такую здольнасць здзіўляцца і здольнасць здзіўляць, што гэта дазваляла чытачу заўсёды чакаць ад паэта нечага новага, нечага лепшага.

Лекцыя адбудзецца 12 красавіка ў Магілёўскім “Тэхнапарку” (вул. Ленінская, 63, ауд.807), пачатак а 15.00. Уваход вольны!

Больш пра цыкл “Orbi et Orbi можна даведацца на старонцы: http://fly-uni.org/urbi-et-orbi

Каментаваць