Андрэй Лазуткін прэзентуе «Палігон»: першую аповесць ў стылі «ост-мадэрн»

Прэзентацыя першай беларускай аповесці ў стылі «ост-мадэрн», дэбютнай кнігі «Полигон» Андрэя (Андрушы) Лазуткіна адбудзецца 20 лістапада ў мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ». 



Выданне пабачыла свет у «Кнігазборы» ў серыі «Пункт адліку» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка», паведамляе прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

У праграме возьмуць удзел:

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік і перакладчык

Людміла Рублеўская, літаратарка, даследчыца, рэдактарка кнігі

Антон Рудак, паэт і сябар аўтара

Юлія Цімафеева, паэтка, перакладчыца, куратарка серыі «Пункт адліку»

«Полигон» — альтэрнатыўная гісторыя ў сучасным беларускім прачытанні: страшная казка пра камісарыят «Остланд» узору 1959 года пасля германскай перамогі над Сталінградам.

«Проза дваццацігадовых» — модны цяпер феномен, хоць статусу феномену заслугоўваюць адзінкі з пакалення. Андрэй Лазуткін — менавіта такі «адзінкавы» аўтар. Чым жывуць, як глядзяць на гісторыю і сучаснасць народжаныя ў Беларусі 1990-х? Для многіх гэта стане адкрыццём, кагосьці абурыць, кагосці параніць. Пакаленне міжчасоўя, якое вырасла ў разломе эпох, калі ранейшыя ідэалы памерлі, а новыя не набралі сілу, калі ні сям’я, ні школа, ні дзяржава не здольныя даць веру ў нешта, растлумачыць — хто ты, і хто — твой народ... Што іх чакае? Малады аўтар паставіў амбіцыйную задачу — знайсці адказ на гэтае пытанне эксперыментальным шляхам, даслаўшы героя-аватара ў змадэляваны мінулае, у якім Другая сусветная вайна скончылася з іншым вынікам, і паралельна — ў болевыя кропкі сучаснасці», — піша Людміла Рублеўская.

Пачатак 20 лістапада ў мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а) у 19.00. Уваход вольны.

Каментаваць