Андрэй Мельнікаў выступіў у «Арт Сядзібе»

29 студзеня ў «Арт Сядзібе» выступіў Андрэй Мельнікаў — вядомы беларускі бард і літаратар, а таксама сталы ўдзельнік фестывалю беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва». Канцэрт быў прымеркаваны да дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Імпрэза пачалася кароткай відэапрэзентацыяй праграмы «Пакаянне» Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пасля чаго Андрэй Мельнікаў выканаў шэраг сваіх вядомых песень. Планавалася, што канцэрт дапаможа сабраць грошы для падтрымкі былых вязняў ГУЛАГу, але мерапрыемства, на жаль, сабрала не надта вялікую колькасць гледачоў, таму сабраць значныя сродкі не атрымалася.

Месца правядзення канцэрта — «Арт Сядзіба» — варта асобнай увагі. Гэта досыць новы аб’ект на культурнай мапе Мінска — ад яго адкрыцця да гэтага канцэрту прайшло троху больш за месяц, але пачуць пра «Арт Сядзібу» паспеў ледзь не кожны заўсёднік мінскіх культурных імпрэзаў. Асноўныя накірункі працы «Арт Сядзібы» — канцэрты, выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, паэтычныя вечарыны, лекцыі, дыскусійныя ды кінаклубы ды шмат чаго іншага.

Кіраўнікі «Арт Сядзібы» шчыра запрашаюць да супрацы ўсіх — прапанаваць ідэю мерапрыемства і нават арганізаваць яго можа кожны. Супольнасць досыць актыўна адрэагавала на такі лібералізм — імпрэзы тут адбываюцца ледзь не штодня. Месціцца новая арт-пляцоўка па суседстве з гандлёвым домам «Гарызонт» па адрасе вул. Куйбышава, 22.

Каментаваць