Антон Сідарэнка раскрывае кінематаграфічныя таямніцы Мінска

Напярэдадні чарговага суботняга канцэрта з цыклу «Класіка каля Ратушы з velcom», прысвечанага музыцы з лепшых савецкіх кінастужак, яго арганізатары разам з вядомым кінакрытыкам Антонам Сідарэнкам зладзілі адмысловы шпацыр «Мінск кінематаграфічны».




Беларуская сталіца, зразумела, не Лос-Анджэлес, але ў гісторыі кінамастацтва яна адыгрывае не менш значную ролю. Тым, што ў добрай паловы Галівуду хтосьці з родных паходзіць з Беларусі, а адзін з яго заснавальнікаў Луіс Майер нават нарадзіўся ў Мінску,  ужо нікога не здзівіш. Скарлет Ёхансан, Харысан Форд, Шон Пэн, Ліза Кудроў… Карацей, як вы зразумелі, Галівуд — наш!

Гэтыя цікавыя акалічнасці часам любяць абыгрываць амерыканскія кінавытворцы, дзе адзін з герояў раптам збярэцца ў камандзіроўку ў далёкую і экзатычную краіну Беларусь, альбо ў яго дакументах, як у героя Тома Хэнкса, будзе напісана, што ён з Гомеля.  



Кінакрытык Антон Сідарэнка для свайго аўтарскага шпацыру па кінематаграфічных мясцінах сталіцы наўмысна абіраў самыя незвычайныя і малавядомыя факты з гісторыі айчыннага і сусветнага кіно і адпаведнай ролі Мінска і яго будынкаў ва ўсім гэтым.  

А пачаў ён сваю экскурсію з Музея кіно, дзе прадэманстраваў кадры з такіх вядомых стужак, як «Каханая», «Плюмбум, альбо Небяспечная гульня», «Па сакрэту ўсяму свету», «Стылягі». У іх жыхары Мінску абавязкова пазнаюць родны горад, нягледзячы на ўсе хітрыкі кінавытворцаў зрабіць з яго Маскву альбо нават Нямеччыну з Прагай, як гэта было ў некаторых эпізодах той жа «Каменскай».


А потым усе прысутныя перамясціліся да Чырвонага касцёла, дзе ў савецкія часы знаходзілася і кінастудыя «Беларусьфільм», і Дом кіно. Дарэчы, менавіта гэтая акалічнасць і выратавала яго ад зносу.

Па словах Антона Сідарэнкі, у часы Дома кіно тут на закрытыя кінапаказы збіралася ўся прагрэсіўная творчая тусоўка ды знаходзіўся знакаміты бар, які славіўся найлепшым, па чутках, у СССР барменам.

А яшчэ з гісторыяй беларускага кіно непарыўна звязаны… Мінскі мотавелазавод, у старых цэхах якога да Другой сусветнай вайны знаходзіліся павільёны «Беларусьфільма». Яны ацалелі пасля яе, але было вырашана, што завод больш значны для краіны, таму кінематаграфісты былі вымушаны пераехаць у Чырвоны касцёл. Гэта вельмі нетыповая сітуацыя, звычайна бывае наадварот.



Адрэзак праспекта Незалежнасці паміж «Макдональдсам» і Палацам Рэспублікі, дзе напачатку ХХ стагоддзя месцілася вуліца Захар’еўская, стаў сапраўдным кінацэнтрам сталіцы. Тут на хвалі папулярнасці новага віду мастацтва пранырлівыя камерсанты адчынялі кінатэатры.

Менавіта на месцы сучаснага рэстарана хуткага харчавання ў 1900 годзе прадпрымальнік Рыхард Штромэр адкрыў першы ў сталіцы кінатэатр, які праіснаваў 9 гадоў, а потым згарэў.

У 90-я гады Мінск па-новаму для сябе адкрылі расійскія і галівудскія кінавытворцы. Шмат у чым гэта было абумоўлена эканамічнымі прычынамі: вытворчасць у нас абыходзілася ім значна таней. Так, вядомы амерыканскі прадзюсар і рэжысёр Менахем Голан за пару тыдняў у 1998 годзе зняў тут ажно тры фільмы. У адным з іх Мінск ператварыўся ў сталіцу Перу Ліму! Для чаго нават былі размешчаны пластмасавыя пальмы.

Свае фільмы ў нашай сталіцы стала здымаюць і расійскія кінавытворцы. Асабліва ім даспадобы Траецкае прадмесце, якое па жаданні лёгка ператвараецца ў адзін з гарадоў Еўропы, і праспект Незалежнасці са сваімі яскравымі «сталінкамі». Апошні, дзякуючы свайму архітэктурнаму падабенству, стаў сапраўдным дублёрам Масквы 30–40-х гадоў. У сапраўднай Маскве здымкі нашмат цяжэй правесці праз вялікую колькасць буйнагабарытнай вонкавай рэкламы.



Распавёў Антон Сідарэнка і пра самыя цікавыя жыццёвыя акалічнасці такіх выбітных асоб у айчынным кінематографе, як Уладзімір Корш-Саблін ці Юрый Тарыч — стваральнік першага беларускага фільма «Лясная быль». Апошні, дарэчы, нарадзіўся зусім не ў Полацку, як сцвярджае яго афіцыйная біяграфія і дзе яму нават паставілі помнік, а ў польскім Плоцку. І сапраўднае прозвішча ў яго было Аляксееў. Але сусвет мастацтва мусіць мець свае прыгожыя легенды і таямніцы…





Фота аўтара і арганізатараў



Каментаваць